Грамадства

«З 19 настаўнікаў 11 звольнілі». Як настаўнікі згубілі працу за пазіцыю

Пасля выбараў многія настаўнікі адкрыта выказвалі сваю пазіцыю. «Наша Ніва» пацікавілася іх лёсам: многія былі звольнены і не вярнуліся ў дзяржаўную сістэму.

«Ну вы ж разумееце, што працаваць не будзеце»

У кастрычніку мінулага года настаўнікі 50-й гімназіі Мінска запісалі відэазварот. Яны выказаліся супраць пераследу за іншадумства і гвалту над пратэстоўцамі. З 19 педагогаў, што зняліся ў роліку, 11 звольніліся. Сярод іх — прадметнікі па ангельскай мове, хіміі, гісторыі, настаўнік пачатковай школы, педагог-арганізатар.

«Пасля выхаду відэа я разумела, што ў любы момант можа быць звальненне, але была гатова. Са мной правялі некалькі гутарак, падчас якіх гучала фраза: «Ну вы ж разумееце, прыйдзе новае кіраўніцтва і вы працаваць не будзеце». У адзін з дзён мяне выклікалі, адабралі тэлефон і спрабавалі прымусіць напісаць заяву на звальненне па асабістым жаданні, прынеслі асабістую справу і працоўную кніжку.

Самае дзіўнае, што яны падкрэслівалі: ты сама павінна сысці. Калі я задала пытанне, ці ёсць па маёй працы нараканні, сказалі, што не. Я адмовілася звольніцца.

На наступным тыдні па гімназіі хадзілі размовы, што мной цікавяцца і запытвалі маю характарыстыку. Плюс у той час мы пісалі тлумачальную запіску, чаму здымаліся ў роліку. Уся гэтая напружаная атмасфера, перыядычныя гутаркі, кантроль маіх асабістых сацсетак прывялі да таго, што я вырашыла з’ехаць за мяжу. Заяву на звальненне пісала па пагадненні бакоў», — расказвае настаўніца гісторыі Таццяна Гайдук, якая сышла з гімназіі ў лютым.

Іншая выкладчыца (яна таксама пакінула школу па пагадненні бакоў) дзеліцца, што звальненне праходзіла праз прыдзіркі да працы:

«На месца звольненых супрацоўнікаў, наколькі ведаю, нікога пастаяннага яшчэ не знайшлі. Прыходзілі дзяўчаты, але пасля выпускнога і яны сышлі, бо працаваць было немагчыма».

Педагог спрабавала ўладкавацца ў турыстычны цэнтр, але дырэктар цэнтра адразу ёй адмовіў. Некаторыя з калег знайшлі працу ў прыватных школах.

«Звяртаўся ў некалькі раёнаў, але паўсюль адмаўляюць»

Два настаўнікі з аграгарадка Добрая (Горацкі раён) таксама былі звольнены пасля відэазвароту. Аляксандр Крушаў, які вёў у сельскай школе інфарматыку, павінен быў яшчэ і вярнуць грошы ўніверсітэту за недабытае размеркаванне (ён вучыўся на мэтавым) — амаль 9,4 тысячы рублёў. Пасля звальнення хлопец тры месяцы працаваў у IT. Не змог затрымацца больш праз нясплачаны доўг — палітыка кампаніі патрабавала, каб ён спачатку закрыў пытанне з адпрацоўкай. 

«Спрабаваў знайсці працу па спецыяльнасці, у сферы адукацыі. Звяртаўся ў некалькі розных раёнаў, але паўсюль адмаўляюць. У актыўным пошуку працы, але пакуль не бяруць. У бацькі на пчальніку падпрацоўваў, цяпер сезон скончыўся»,

— кажа Аляксандр. Доўг перад універсітэтам ён у выніку закрыў.

«У сённяшнюю школу вяртацца не хачу»

Дырэктар маладзечанскай школы №5 Яўген Макарэвіч сышоў яшчэ ў жніўні 2020-га. Ён быў старшынёй выбарчай камісіі на ўчастку №29, дзе перамагла Святлана Ціханоўская.

Шлях у дзяржустановы, кажа былы дырэктар, яму цяпер закрыты.

«Знайшоў месца ў сферы адукацыі, працую з дзецьмі», — падзяліўся ён.

З выбітнай настаўніцай хіміі Наталляй Пашчук з Маладзечна не працягнулі кантракт у канцы чэрвеня. Яна выкладала ў школе №7, чатыры разы ўзнагароджвалася прэміяй з прэзідэнцкага фонду, яе вучні былі пераможцамі міжнароднай мендзелееўскай алімпіяды па хіміі. Цяпер Наталля Данілаўна на пенсіі.

Фота «Рэгіянальнай газеты»

«У сённяшнюю школу вяртацца не хачу, нават калі б і запрашалі, — прызнаецца яна. — На волі з чыстым сумленнем нашмат прыемней. Цяпер займаюся рэпетытарствам».

«Займаюся рэдагаваннем»

Гісторыя настаўніцы з Белаазёрска Таццяны Брыч ускалыхнула ўвесь горад. У школе №3, дзе яна вяла рускую мову і літаратуру, жанчыну затрымалі наўпрост на ўроку пад плач дзяцей. Тры дні да суда пратрымалі ў ізалятары, а пасля далі штраф у 10 базавых па артыкуле 23.34 КаАП (цяперашні 24.23). Вучні зладзілі вялікую акцыю салідарнасці са сваім педагогам — фатаграфаваліся з плакатамі ў яе падтрымку.

У красавіку Таццяну звольнілі па артыкуле за «амаральны ўчынак». У школу яна не вярнулася.

«Працую па дагаворы падраду, займаюся рэдагаваннем у недзяржаўных установах», — кажа Таццяна.

Няўжо усіх звальнялі?

Не ўсё гісторыі скончыліся звальненнем. Напрыклад, у 199-й школе Мінска настаўнікі, што здымаліся ў роліку, працягваюць працаваць.

У Бярозаўскім раёне дырэктары школ, якіх паздымалі з пасад, таксама засталіся ў сістэме адукацыі. Іна Жуковіч стала намеснікам дырэктара ў гарадской сярэдняй школе №2, Мікалай Жуковіч — намеснікам дырэктара ў 1-й школе (раней ён яе ўзначальваў). Святлану Карповіч перавялі намеснікам дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска.

Каментары

Цяпер чытаюць

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін23

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Усе навіны →
Усе навіны

«Сказаў, што я сапсавала вечар». Гісторыі беларусак, якія зрабілі прапанову хлопцам8

Зяленскі: 20‑пунктны план, над якім мы працавалі, гатовы на 90%

Расія гатовая да спынення агню для правядзення рэферэндуму ва Украіне5

«Не павязу». Таксіст у Мінску адмовіўся везці дзіця6

Колькі яшчэ Украіна зможа ўтрымліваць гарады Пакроўск і Мірнаград у Данецкай вобласці1

Ад праверкі лічыльнікаў да паездкі ў Маскву: як Таццяна міжволі стала кур’ерам махляроў — падрабязная гісторыя9

Як выглядае пасля вызвалення палітвязень, медыяменеджар Канстанцін Залатых ФОТА1

Сіноптыкі абяцаюць снег у наступныя дні

Пад Кіевам адкрылі помнік легендарнаму дрону «Баба Яга»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін23

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць