Улада

Што змянілася ў праекце Канстытуцыі, вынесеным на рэферэндум

Учора Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэферэндум па праекце Канстытуцыі на 27 лютага. Указ №14 сёння афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыў моц з дня прыняцця. Да яго прыкладаюцца змены і дапаўненні да Канстытуцыі, якія выносяцца на рэферэндум.

Ілюстрацыйнае фота

У цэлым праект Канстытуцыі, вынесены на рэферэндум, супадае з варыянтам, які раней быў прапанаваны для грамадскага абмеркавання. У ім Усебеларускаму народнаму сходу надаецца канстытуцыйны статус, вызначаюцца яго паўнамоцтвы, пераразмяркоўваюцца паўнамоцтвы прэзідэнта, павышаецца ўзроставы цэнз для кандыдатаў у прэзідэнты, уводзіцца абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны для адной асобы.

Аднак у праекце Канстытуцыі, вынесеным на рэферэндум, з'явіліся і некаторыя дапаўненні, звяртае ўвагу Reform.by.

Так у новай рэдакцыі прапануецца выкласці першую частку артыкула 4 Канстытуцыі: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і меркаванняў». Цяпер у асноўным законе запісана, што дэмакратыя ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў. У артыкуле пры гэтым прадугледжваецца захаванне палажэння аб тым, што ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

У праекце для рэферэндуму ў артыкуле 32 захаваліся палажэнні аб шлюбе як саюзе жанчыны і мужчыны, а таксама аб тым, што бацькі або асобы, якія іх замяняюць, абавязаныя выхоўваць дзяцей, у тым ліку «рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прышчапляць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі». Гэты ж артыкул дапоўнілі прапановай: «Дзяржава забяспечвае прыярытэт выхавання дзяцей у сям'і».

У артыкуле 45 «Аб гарантыях у сферы аховы здароўя» прапанаваную першапачаткова фармулёўку «грамадзяне абавязаныя прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя» замянілі на больш агульную: «грамадзяне клапоцяцца аб захаванні ўласнага здароўя».

У артыкуле 52 з'явілася згадка дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Яе прапануецца зацвердзіць у наступным выглядзе: «Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі Беларусі».

У артыкуле аб прынясенні прысягі абраным прэзідэнтам з'явілася згадка пра членаў Прэзідыуму ВНС. Імі дапоўнены пералік асоб, у прысутнасці якіх прыносіцца прысяга. У праекце, вынесеным на грамадскае абмеркаванне, іх згадка адсутнічала.

У паўнамоцтвах прэзідэнта знікла згадка пра тое, што ён устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні. Пры гэтым прапісана, што прэзідэнт можа не толькі ўзнагароджваць дзяржузнагародамі, прысвойваць чыны і званні, але і пазбаўляць іх па падставах, прадугледжаных законам. Паўнамоцтвы па ўсталяванні дзяржаўных святаў і святочных дзён у праекце, які выносіцца на рэферэндум, перададзеныя ВНС.

У праекце ўдакладненыя фармулёўкі аб падпісанні прэзідэнтам законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі. Ён павінен падпісаць іх у двухтыднёвы тэрмін. Гэты тэрмін можа быць прыпынены, калі прэзідэнт звернецца ў Канстытуцыйны суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці закона. Суду даецца не больш за дзесяць дзён на вынясенне рашэння. У выпадку пацверджання канстытуцыйнасці закона прэзідэнту даецца пяць дзён на яго падпісанне, калі суд прымае іншае рашэнне, то прэзідэнт вяртае закон у Палату прадстаўнікоў.

Таксама праект дапоўнены палажэннем аб тым, што пастановы ўрада і распараджэнні прэм'ер-міністра не павінны супярэчыць законам і рашэнням прэзідэнта.

У праекце, які выносіцца на рэферэндум, выключаная магчымасць абрання суддзяў Канстытуцыйнага суда на новы тэрмін. Яны будуць абірацца толькі на 11 гадоў.

У раздзеле «Аб заключных і пераходных палажэннях» прадугледжана, што змены і дапаўненні Канстытуцыі набудуць моц праз дзесяць дзён пасля іх апублікавання. Раней прапаноўвалася, каб яны запрацуюць з дня афіцыйнага апублікавання.

З артыкула 143 выключаная частка, якая прадугледжвала, што змяненні Канстытуцыі, якія тычацца дзейнасці парламента, будуць прымяняцца толькі ў дачыненні да яго новага складу.

Пры гэтым абмежаванне па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для адной асобы будзе дзейнічаць толькі з дня ўступлення на пасаду зноў абранага прэзідэнта.

Рэферэндум па змяненні Канстытуцыі пройдзе 27 лютага. 

Юрыст: Звышпаўнамоцтвы УНС могуць выклікаць перакос у працы дзяржаўных органаў і справакаваць канстытуцыйны крызіс 

Ці зможа прэзідэнт займаць пасаду старшыні УНС? Не, не зможа. Але Лукашэнка — зможа

«Кухарка або клоўн не павінны прэтэндаваць на высокую пасаду». Сергеенка агучыў «народныя» прапановы ў Канстытуцыю

Карбалевіч: Самае парадаксальнае, што гэтая Канстытуцыя не патрэбная нікому: ні наменклатуры, ні грамадству, ні апазіцыі

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Мы гатовыя заключыць вялікую здзелку з ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

«Хавалі Сашу ў сукенцы, якую яна выбрала сабе на вяселле». Блізкія дзяўчыны, якая памерла пасля тату, расказалі пра трагедыю8

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода22

Беларуска з сынам у Францыі засталася без дазволу на жыхарства. Яна просіць падтрымкі, каб не апынуцца на вуліцы4

Лаўроў абверг чуткі пра атручванне Башара Асада

Названыя апошнія нобелеўскія лаўрэаты ў гэтым годзе

Надзея Лазарэвіч больш не намесніца мэра Мінска7

Дзяніс Дук прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання4

Намеснікам мэра Мінска стане Камендант — Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне прадстаўнікоў вертыкалі4

ХАМАС перадаў усіх закладнікаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Мы гатовыя заключыць вялікую здзелку з ЗША11

Лукашэнка: Мы гатовыя заключыць вялікую здзелку з ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць