Выйшаў з вязніцы дырэктар Дома культуры, зняволены за абарону старых дубоў
Аляксандр Дзямчук адсядзеў 30 сутак, яго судзілі двойчы, даючы кожны раз па 15 сутак. І дырэктар Дома культуры ён ужо былы, за час адседкі яго паспелі звольніць.

Раней не выключалася, што да ўсяго іншага Дзямчук можа трапіць пад крымінальны пераслед нібы за абразу міліцыянтаў, але абышлося без гэтага.
«Тым не менш ён, як і ягоныя бацькі, зазналі моцны ціск, бо баяцца кантактаваць з грамадскасцю, — гаворыць у каментары Радыё Рацыя праваабаронца Алесь Рамановіч. — З кожным разам усё больш і больш баяцца звязвацца. Ім чамусьці здаецца, што калі яны звярнуцца да праваабаронцаў, то яны толькі нашкодзяць сваім сваякам. На жаль, пераканаць не ўсіх удаецца. Я думаю таксама не трэба выключаць, што ў канкрэтных выпадках дзесьці сілавікі пра гэта камусьці кажуць, паведамляюць, папярэджваюць».
Нагадаем, што напрыканцы снежня ў вёсцы Ахова, што ў Пінскім раёне, камунальнікі па рашэнні ўладаў пачалі пілаваць 300-гадовыя дубы. Іх прызналі аварыйнымі. Дзямчук з вяскоўцамі паспрабаваў перашкодзіць гэтаму і залез на адно з дрэваў, адтуль яго сцягнулі сілавікі.
Каментары