«Зусім несправядліва і неабгрунтавана». Дачка Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара Пуціна, — пра ўведзеныя супраць яе санкцыі
Лізавета Пяскова, дачка прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, распавяла Business Insider, як успрымае ўведзеныя супраць яе санкцыі ЗША, піша «Настоящее время». Паводле ЗША, Лізавета атрымала прыбытак ад сувязяў сваёй сям'і з уладай.

«Мне падаецца гэта абсалютна несправядлівым і неабгрунтаваным. Я была вельмі здзіўленая, таму што дзіўна ўводзіць санкцыі ў дачыненні да чалавека, якому 24 гады і які не мае ніякага дачынення да сітуацыі. Я засмучаная, таму што я люблю падарожнічаць і люблю розныя культуры. Я ‒ грамадзянка свету, і не магу з гэтым нічога зрабіць», ‒ сказала дачка Пяскова.
11 сакавіка ЗША ўнеслі Дзмітрыя Пяскова, ягоную жонку і дарослых дзяцей у санкцыйны спіс. Раней значную частку часу Пяскова жыла ў Парыжы і Нью-Ёрку. «Мне смешныя вечныя абвінавачванні, якія гучаць у мой адрас, калі кажуць, што я павінна жыць у Расеі», — распавядала яна журналістам у 2017 годзе, калі ёй было 19 гадоў.
На наступны дзень пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну дачка Пяскова апублікавала ў Instagram гісторыю з хэштэгам #Нетвойне, але потым выдаліла яе. У інтэрв'ю яна патлумачыла гэта так: «Калі я гэта кажу, я маю на ўвазе, што я за мір не толькі ва Украіне, але і ва ўсім свеце».
У інтэрв'ю Business Insider Пяскова адмовілася абмяркоўваць тое, што адбываецца ва Украіне.
Каментары