FT: Пуцін страціў цікавасць да здзелкі па Украіне і пераходзіць да стратэгіі захопу зямель
Уладзімір Пуцін страціў цікавасць да дыпламатычных намаганняў па спыненні вайны з Украінай і замест гэтага, падобна, мае намер захапіць як мага больш украінскай тэрыторыі, піша Financial Times са спасылкай на тры крыніцы, якія ведаюць пра планы расійскага прэзідэнта.

Паводле іх інфармацыі, Пуцін, які сур'ёзна разглядаў магчымасць заключэння мірнага пагаднення з Украінай пасля таго, як у сакавіку Расія пацярпела паразу падчас наступу на поўначы краіны, сказаў людзям, якія ўдзельнічаюць у спробах пакласці канец канфлікту, што не бачыць перспектыў для ўрэгулявання.
«Пуцін шчыра верыць у тую лухту, якую ён чуе па [расійскім] тэлебачанні, і хоча выйграць маштабна», — сказаў чалавек, які ведае пра ход перамоваў.
Масква і Кіеў узгаднілі першы праект мірнага пагаднення на сустрэчы ў Стамбуле ў канцы сакавіка, але перамовы зайшлі ў тупік пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў здзяйсненні ваенных злачынстваў супраць мірных жыхароў у Бучы і Марыупалі. Пуцін жа быў у лютасці пасля таго, як Украіна патапіла крэйсер «Масква», сказалі FT адразу дзве крыніцы.
«Была надзея на здзелку. Пуцін хадзіў туды-сюды. Яму трэба знайсці спосаб выйсці з гэтай сітуацыі пераможцам», — сказаў адзін з суразмоўцаў. Пасля таго, як затанула «Масква», Пуцін быў супраць падпісання чаго-небудзь. «Пасля «Масквы» ён не выглядае пераможцам, таму што гэта было зневажальна», — дадаў суразмоўца.
Украінскія і заходнія чыноўнікі заўсёды сумняваліся ў прыхільнасці Пуціна да мірных перамоваў, сцвярджаючы, што гэта толькі спосаб выйграць час для далейшага наступу, адзначае выданне.
Расійскі прэзідэнт, падобна, прытрымліваецца скажонага погляду на вайну, выкладзенага яго генераламі і паказанага па расійскім тэлебачанні, сказалі інфармаваныя крыніцы. Па іх словах, Пуцін настойвае, нягледзячы на ўсе доказы зваротнага, што расійскія войскі не выбіралі ў якасці мішэні цывільных асоб.
Крыніца FT таксама сказала, што Уладзімір Пуцін пазбягае асабістай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім «усімі сіламі»: «Ён хоча, каб усё было вырашана да іх асабістай сустрэчы».
Каментары