Найбуйнейшыя тэхнічныя ўніверсітэты Чэхіі ўсё ж прымуць беларускіх абітурыентаў, але спатрэбіцца верыфікацыя
Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што афіцыйныя прадстаўніцы беларускай нацыянальнай меншасці Крысціна Шыянок і Алена Ціхановіч разам з Задзіночаннем беларускага студэнцтва Чэхіі цяпер сустракаюцца з кіраўніцтвам чэшскіх універсітэтаў, дзе ёсць «крытычныя спецыяльнасці», на якіх у Чэхіі праз вайну ва Украіне забаранілі вучыцца беларусам.

Сустрэчы ўжо адбыліся з рэктарамі найбуйнейшага ў Чэхіі Тэхнічнага ўніверсітэта ў Празе (ČVUT) і найбуйнейшага чэшскага хімічнага ўніверсітэта — Вышэйшай хімічна-тэхналагічнай школы ў Празе (VŠCHT).
Пакуль што дасягнутая дамоўленасць, што ўніверсітэты будуць прымаць гарантыйныя лісты, падпісаныя прадстаўнікамі нацыянальнай меншасці. Для атрымання такога ліста студэнты праходзяць верыфікацыю — што яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі сілавых структураў і не збіраюцца працаваць на карысць рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна.
Верыфікацыя студэнтаў адбываецца праз беларускія дэмакратычныя структуры, у тым ліку BYPOL. Кожны выпадак будзе разглядацца ў індывідуальным парадку з улікам шэрагу фактараў.
Каментары