Меркаванні

Хто знойдзе «Лясную хатку»?

Не кожны абазнаны ў беларускай культуры чалавек здагадваецца, што ў сваім псеўданіме пісменніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэння — 30 верасня. Але пры словах «Лясная хатка» амаль кожны згадае менавіта яе, хатку Зоські Верас — месца паломніцтва соцень беларусаў у часы глыбокага савецкага застою, піша «Радыё Свабода».

Самы пачатак 1980-х, Вільня. Мы з дзядзькам Лявонам выходзім з тралейбуса на ўскрайку горада, ідзём праз нейкую шэрую прамзону, пераступаем чыгуначныя рэйкі, заходзім у лес і малапрыкметнай сцяжынай доўга пятляем між кустоўя і дрэваў, пакуль нарэшце не выходзім да глінабітнай хаты, густа абсаджанай усемагчымымі кветкамі. Сама хата на невялікай паляне проста патанае ў лясным гушчары, надзейна схаваная ад усяго свету.

Нас сустракае 90-гадовая гаспадыня Зоська Верас. Яна зусім не чуе, і свае пытанні мы пішам ёй на паперы, але яна выдатна бачыць і выдатна памятае. Напрыклад, пра сваё сяброўства з Максімам Багдановічам у Мінску ў 1916 годзе: там яны разам працавалі ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны — пра гэта ў яе пытаюцца найперш.

Дзядзька Лявон — гэта Лявон Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча і муж Галіны Войцік, дачкі Зоські Верас. Гэта сюды прыходзілі і будуць прыходзіць беларускія паломнікі з усяго свету. Але сам сюды не дойдзеш і не патлумачыш, як дабрацца. Патрэбны праваднік. Дзядзька Лявон цалкам адданы сваёй місіі асветніка, які вядзе ў несавецкую беларушчыну такіх, як я, ды, зрэшты, усіх, хто намацвае сваю пакручастую сцежку.

У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 года. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

Не буду пераказваць агульнавядомыя звесткі пра згаданых мною людзей, пра тыя неацэнныя паломніцтвы, з якіх многія вярталіся беларусамі не толькі паводле пашпарта. Ахвочыя знойдуць усё гэта ў «Вікіпедыях» і Ютубе, напрыклад, у дакументальным фільме «Зоська Верас» Ірыны Волах.

12 гадоў таму на месца «Лясной хаткі» аўтарку фільма вадзіў ужо я, праўда, падбіраліся мы з другога боку — ад вёскі Равянцы, цяпер гэта вуліца Riovonių, дзе справа ад дарогі трэба ўзлезці на крутую гару і там ужо шукаць. Ёсць таксама адносна нядаўняя перадача пра ўсё гэта на «Белсаце», аўтарства Міхася Скоблы:

А яшчэ ёсьць мноства публікацый на тэму і ёсць мая перадача «Вострая Брама» (аўдыяверсія), дзе мы з сябрамі шукалі тое славутае месца і, здаецца, упершыню задаліся пытаннем: хто, чаму і навошта спаліў «Лясную хатку»?

Хатка згарэла 13 траўня 1990 года. Тады Зоську Верас ужо нейкі час як перавезлі ў горад. Ёй было 99 гадоў, да ста асветніца не дажыла паўтара месяца. А ў хатцы пасяліліся мастакі Алег Аблажэй і Крыстына Балаховіч. І вось аднойчы, калі яны былі па справах у горадзе…

Алег напісаў «Рэквіем па лясной хатцы» ў ЛіМе (15 чэрвеня 1990 года).

Крыстына пасля смерці Алега ў 2016-м пераехала ў Лондан. Я спытаўся ў яе: ці змагла б яна сёння адшукаць знакамітае месца?

— За гэты час там такі лес вырас… Я ж добра ведаю дарогу, добра памятаю. Раней там сцежка была, а цяпер такі лес, такі лес… Ты ўяўляеш, колькі часу прайшло. Гэта гадоў пяць таму, як я была ў Вільні, папрасілі паказаць месца, я старалася, але не атрымалася. Я вось цяпер згадала… Хатка то згарэла датла, але там побач з хаткай былі ўкапаныя такія вялікія бочкі. Некалі Лявон укапаў. Такія вялікія бочкі пад краплём, гэта значыць, месца ўваходу ў хатку ад дзвярэй. Калі б іх нагамі заўважыць… Але гэта трэба доўга хадзіць, пратоптваць.

Трэба разумець, што згарэла не проста хата, а месца, якое вяртала беларусаў да Беларусі ў неспрыяльныя для гэтага часы і якое, безумоўна, вартае мемарыялу. Пра хатку і тых, хто туды наведваўся, напэўна ж, ведаў КГБ, ведаў нехта з літоўскіх нядобразычліўцаў… Версій можа быць шмат, і тое, што таямніцу хочацца разгадаць, што гэтае жаданне не знікае, а наадварот, павялічваецца, ужо шмат пра што сведчыць.

Пра здарэнне напэўна ж ведаюць ці, прынамсі, маюць сваю думку старэйшыя людзі ў тых самых Равянцах. Ну, і трэба знайсці тыя бочкі, якія ўкапаў дзядзька Лявон. Словам, на добры лад, у «Лясной хаткі», дзе Зоська Верас з сям’ёй, між іншым, у гушчары лясоў перажыла вайну, пачынаецца новая гісторыя.

Каментары

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка18

У верасні Карпушонак планавала трапіць на сесію ПАРЕ, але апошні месяц яе паводзіны змяніліся — Ворыхава3

Кітай упершыню паказаў ракету, здольную ўдарыць па любым месцы зямнога шара12

Кім Чэн Ын запрасіў Лукашэнку ў КНДР. У Беларусь можа прыехаць Роберт Фіца3

Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення вайны ці заключэння мірнай дамовы з Украінай9

У Пекіне прайшоў маштабны вайсковы парад. Лідар КНР заявіў, што Кітай не спыніць6

Амерыканскі горад запаскуджваюць гусі. Улады выдаткуюць амаль 400 000 даляраў, каб адпудзіць птушак

Карпушонак апублікавала тэкст сваёй заявы на Латушку ў іспанскую пракуратуру25

«Гэта месца, дзе трупы абмываюць?» Тыктокераў уразіў выгляд лагойскай грамадскай лазні2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць