Культура1717

Пісьменнік Сяргей Вераціла: У Эквадоры я не прыжыўся, моцна цягнула на радзіму

Дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся — сцвярджае народная прыказка. На жаль, далёка не заўсёды так бывае. Пісьменнік Сяргей Вераціла, маючы ўніверсітэцкую адукацыю, вярнуўшыся з блізкіх і далёкіх дарог на малую радзіму, сталай працы там пакуль не знайшоў. Як жывецца творчаму чалавеку ў пасёлку Краснасельскі на Ваўкавышчыне — ён расказаў чытачам «Народнай волі».

— Сяргей, ты гадоў з дзесяць даглядаў старэнькую маці. Пасля яе сёлетняга сыходу ці ёсць у цябе магчымасць працаўладкавацца ў Краснасельскім па спецыяльнасці?

— Шанцаў тут у мяне — нуль цэлых нуль дзясятых, калі коратка сказаць. Каму сёння патрэбны філолагі? Можна было б пайсці на завод «Краснасельскбудматэрыялы» простым рабочым, для мяне гэта не з’яўляецца праблемай — любая праца пачэсная. Але на заводзе даволі спецыфічныя ўмовы працы — з маімі хваробамі туды нельга. Так што для мяне цяпер гэта праблема нумар адзін, жыць жа за нешта трэба. Дзякуй богу, пасля маці застаўся невялічкі запас, я яго размяркоўваю вельмі акуратна. А пакуль ёсць час, пішу, даводжу да ладу раней напісанае. Бо ў маім узросце (61 год) чалавек павінен ужо бачыць край. Лінія далягляду ўжо не адсоўваецца, а стаіць на месцы, і кожны дзень ты да яе няўхільна набліжаешся. Хутка давядзецца справаздачыцца перад продкамі. А яны запытаюцца — што ты, Сяргей, пакінуў пасля сябе ў тым свеце?

— Дык жа нешта пакінеш. Дачку, сына, кнігі…

— Дзе тыя дачка і сын… Рэч ў тым, што мая жонка Інэс Лурдэс была з Паўднёвай Амерыкі, з Эквадора. Мы разам вучыліся на філфаку БДУ. Я ўжо ў той час захапляўся лацінаамерыканскай літаратурай, таму нам было пра што пагаварыць. Ну, пабраліся мы шлюбам, двое дзяцей мне жонка нарадзіла тут, у Беларусі. Але цяпер дачка жыве ў Лондане, а сын разам з маці ў Эквадоры.

— А прозвішча ў іх тваё?

— Так, яны абое Верацілы. Дачка — Ляля Марыя Ліза дэ Вераціла-Бэрэсуэта, сын — Ян Францыск дэ Вераціла-Бэрэсуэта. Другое прозвішча ад маці. У Эквадоры такая традыцыя — калі дачка выходзіць замуж, яна бярэ прозвішча мужа, але і бацькоўскага не пазбаўляецца, яно ставіцца на другое месца. Ездзіў і я ў той Эквадор, але не прыжыўся там, моцна цягнула на радзіму. Больш за паўгода не вытрымаў. Жонка не магла жыць у Беларусі, а я ў Эквадоры… На жаль, мы абое ўпусцілі адзін момант. Мы маглі б выбраць для жыцця трэцюю краіну, напрыклад Канаду, адкуль і да жончынай, і да маёй радзімы было б аднолькава далёка. Да таго ж у Канадзе ёсць урадавыя праграмы, скіраваныя на падтрымку падобных сем’яў, калі муж з жонкай з розных кантынентаў.

— Дык чаму беларус з эквадоркай не ўжыліся? Клімат не той?

— Мы цудоўна ўжываліся, разам перакладалі Борхеса на беларускую мову. Але ў Беларусі ў нас не было свайго жытла. І перспектывы набыць яго — таксама. Таму і падаліся ў Эквадор. Там — у цешчы ўласны вялікі дом, цесна не было. Але мяне проста заела настальгія. Па-беларуску не было з кім пагаварыць! Гэта па-першае. А па-другое, у нас усё ж вельмі розны менталітэт. Эквадорцы вельмі абярэжліва і пяшчотна ставяцца адно да другога. Калі мая жонка слухала, як беларусы размаўляюць паміж сабой, ёй здавалася, што мы зараз будзем біцца (смяецца).

— Дзеці сябе кім больш адчуваюць — беларусамі ці эквадорцамі?

— Сын — адназначна патрыёт Эквадора. Дачка больш прыхільная да Беларусі, можа, каб зрабіць прыемнае бацьку, сказаць «Жыве Беларусь!». Але калі тэлефануе з Лондана, я размаўляю з ёй па-іспанску.

— Уяўляю, як жонка тлумачыла табе якога-небудзь Маркеса ці Борхеса (пісьменнікаў, якіх без каментарыяў чытаць немагчыма). А ты жонцы беларускую літаратуру на якіх узорах паказваў?

— Чытаў ёй Караткевіча, Багдановіча, Гарэцкага, але найперш коласаўскія паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — для мяне гэта з’явы проста касмічнага маштабу! Дарэчы, заўваж, усе тры славянскія аўтарскія эпасы створаныя беларусамі — «Слова пра паход Ігаравы», «Дзяды» Адама Міцкевіча і «Новая зямля» другога Міцкевіча — Коласа. Ці ж гэта не феномен? Мне робіцца смешна, калі расіяне называюць «Яўгенія Анегіна» энцыклапедыяй рускага жыцця. Бо калі прачытаць раман менавіта з гэтага пункту гледжання, то як там рускае жыццё паказана? Рускі жыве ў Пецярбургу, які пабудаваны італьянскімі архітэктарамі. Рускі харчуецца ў французскім рэстаране. Рускі вечарам ходзіць на французскі балет. І гэта энцыклапедыя рускага жыцця? Што ж там, патлумачце вы мне, рускага?

— Імперская звычка — усё заграбаць у «русский мир». Пісаў жа аўтар «Яўгенія Анегіна»: «Славянские ручьи сольются в русском море».

— Таму і хочуць яны «слиться», бо «мора» тое міфічнае перасохла. Чытаў я нядаўна кніжку вядомага расійскага філолага і гісторыка Саламона Лур’е «Русские современники Возрождения». Дык там проста на кожнай старонцы боль і крык: эх, каб знайсці хоць адзін лацінамоўны старажытны тэкст, напісаны ў Масковіі, то можна было б гаварыць, што эпоха Рэнесансу была і там. А ў нас, беларусаў, тысяча лацінскіх тэкстаў, напісаных у тыя часы! Пачынаючы ад славутай «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. І мы сціпленька стаім збоку і маўчым.

— Твая маці пражыла амаль 96 гадоў. Як лічыш, ты быў добрым сынам?

— Гледзячы што разумець пад выразам «добры сын». Калі маё апякунства, то я стараўся, і тут, відаць, я быў някепскім сынам. Але я зусім не апраўдаў спадзяванняў маці, яна вельмі хацела, каб я быў заможным чалавекам.

— Дык, можа, яшчэ будзеш.

— Твае словы ды богу ў вушы. Але ў гэтым сэнсе я маці падвёў. У мяне нічога свайго няма. Хата — гэта спадчына, якая мне дасталася. І цяпер мая задача — яе не прафукаць. Колькі я назіраў выпадкаў, калі бацькоўскую спадчыну няўдзячныя дзеткі прадавалі, прапівалі і г. д. Я буду трымацца. Цяпер я вучуся таму, што ў хрысціян называецца пакорлівасць. Што ёсць, за тое і дзякую Богу. Раніцай прачнуўся — дзякую. Нешта ўдалося за дзень напісаць — дзякую. Мне цяпер вельмі хочацца пісаць, я адчуваю сябе перапоўненым тэмамі, як збан з забрадзілым півам.

— Па-мойму, у такім стане ты перабываеш пастаянна. А як так атрымалася, што кніга ў цябе толькі адна — зборнік апавяданняў «Разбітае сэрца Вітаўта» (2013)?

— Калі яна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», я даў інтэрв’ю газеце «Новы час», дзе назваў Саюз пісьменнікаў, які ўзначальваў Мікалай Чаргінец, саюзам прыслужнікаў. Відаць, ён тое інтэрв’ю прачытаў і зрабіў так, што цяпер у дзяржаўныя выдавецтвы мне шлях закрыты. А выдаваць кнігі за свой кошт у мяне магчымасці няма. 

— У свой час ты працаваў вартаўніком на знакамітай Лысай Гары — пільнаваў пісьменніцкія лецішчы. Ці былі для цябе карыснымі непасрэдныя кантакты з пісьменнікамі?

— Канешне ж! Тагачасная Лысая Гара — гэта кавалачак ідэальнай Беларусі, яе насельнікі ўжывалі беларускую мову 24 гадзіны на суткі. Цераз плот перагаворваліся, спрачаліся і сварыліся па-беларуску, песні спявалі на роднай мове. Там я пасябраваў з Алесем Жуком, Леанідам Дайнекам (светлая ім памяць), Генрыхам Далідовічам, Максімам Клімковічам, Аксанай Спрынчан, Уладзіславам Ахроменкам. Помню доўгія размовы з празаікам і былым работнікам ЦК КПБ Алесем Савіцкім. Вельмі неадназначны чалавек. Яго часам вінавацяць, што ён стаў па той бок барыкад. А ён проста быў з той катэгорыі людзей, якія заўсёды на баку ўлады. Любой улады.

— А ці пісалася табе там, на Лысай Гары?

— Ты ведаеш, не вельмі. Помню, неяк узімку напісаў такое чатырохрадкоўе: «На Лысагор’і, дзе я замярзаю / ў дамку чырвоным, ля копанкі круглай, / я не замерзну, я кнігу маю, / закіну ў печку — заззяюць вуглі».

— Ты паліў кнігі?

— Усяго дзве — «Гісторыю КПСС» і «Матэрыялы XXIII з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза». Тоўстыя такія кнігі. Я іх знайшоў каля сметніцы… 

— Польшча, Літва і Украіна ўзводзяць на мяжы з Беларуссю ледзь не крапасныя сцены, візы, праўда, беларусы пакуль атрымліваюць. Мы з табою помнім савецкія часы, штамп у пашпарце «дазвол на выезд». А ці гатовая сучасная беларуская моладзь жыць за жалезнай заслонай, як жылі дзяды і бацькі?

— Не, яна абсалютна не гатовая перасаджвацца на «Ладу-Каліну» без падушак бяспекі. Вось я бяру свой Краснасельскі. Амаль уся актыўная моладзь з’ехала, няма каму на цэментным заводзе працаваць. Там ужо набіраюць абы-каго, пенсіянераў угаворваюць, каб вярнуліся. А маладыя едуць у Польшчу, у Літву, у ЗША. Хоць увогуле беларус — як хобіт, ён хацеў бы жыць дома, найлепш на ўласным хутары. Галоўнае месца для беларуса — родная хата. Згадай радкі Францішка Багушэвіча: «Я не кіну хату, хоць мяне вы рэжце! / Не пайду да вас я, хіба ў арэшце!» І гэта таксама феномен беларускай літаратуры, які можна браць у сусветныя прыклады. Але калі на радзіме няма да чаго прыкласці рукі і розум, моладзь будзе з’язджаць у любым выпадку. Нават праз жалезную заслону. Вада дзірачку знойдзе. 

— У Беластоку і Вільні нейкая паралельная Беларусь ужо ўзнікае — са сваім тэлебачаннем, радыё, тэатрам, школамі… І не факт, што, акліматызаваўшыся там, людзі потым вернуцца на радзіму.

— Вернуцца. Не ўсе, вядома ж. Тое самае было з яўрэямі. Яны таксама спачатку стварылі «паралельны Ізраіль» у Еўропе і Злучаных Штатах. І далёка не ўсе паехалі потым у дзяржаву Ізраіль. А паглядзі, што ў ХVІІ стагоддзі рабілі іспанскія і партугальскія каралі з тымі ж яўрэямі — узялі і павыганялі іх. А тыя былі выдатнымі юрыстамі, фінансістамі, рамеснікамі. Частка з іх выехала ў Асманскую імперыю, частка ў Нідэрланды. Знакаміты нідэрландскі філосаф Спіноза — ён жа з партугальскіх яўрэяў. І чым ён на жыццё зарабляў? Апрацоўкай аптычнага шкла, граніў яго. Між іншым, рэдкая на той час прафесія.

— У сувязі з вайной ва Украіне ў Беларусі ствараецца (праўда, неяк вяла) тэрытарыяльная абарона, пры кожным сельсавеце па 50 чалавек. Як ты лічыш, беларуская тэрабарона будзе эфектыўнай, калі, не дай божа, узнікне такая патрэба?

— Думаю, што эфектыўнасці тут чакаць не выпадае. Разбяжыцца наша тэрабарона па хатах. Там павінны служыць поплеч з пяцідзесяцігадовымі дзядзькамі маладыя хлопцы. Сыны мусяць стаяць побач з бацькамі, а бацькі побач з сынамі — так зробленыя атрады тэрабароны ва Украіне. Яны разам, яны натхняюць адзін аднаго і падтрымліваюць. Вось чаму так важна з гарадоў, якія падлягаюць асадзе, не эвакуяваць усё насельніцтва. Калі салдат ведае, што ў доме за ягоным акопам ёсць жанчыны, дзеці і старыя, ён будзе біцца яшчэ мацней.

— А яшчэ вайсковец павінен быць патрыётам сваёй радзімы. А дзе той беларускі патрыятызм у нашых школах і ВНУ?

— Патрыятызм закладзены ў нас ад нараджэння, большасць з нас любіць сваю радзіму. Але ён у нас такі… своеасаблівы. Згадай, калі ў нас партызанка пачалася — як толькі немцы пачалі рабаваць двары, адпраўляць моладзь у Германію… Беларус — патрыёт найперш сваёй хаты, свайго двара. Але калі па-сапраўднаму дапячэ — выходзяць усе. І тады робяцца актуальнымі нацыянальныя сімвалы. Вось у 2020 годзе пэўныя, скажам так, актывісты бегалі з белымі стужачкамі, а як толькі пачаўся сапраўды масавы рух — адразу залунаў гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. Ён не на кожны дзень — ён акурат на такія моманты. І тады гучаць імёны і Канстанціна Астрожскага, і Кастуся Каліноўскага…

— Помнік Каліноўскаму, дарэчы, нядаўна быў дэмантаваны ў Старых Дарогах — па даносе адной жыхаркі Гродна. Як мяркуеш, чаму ў нас, як у 1930-я гады, зноў актывізаваліся даносчыкі?

— Памятаеш словы Сяргея Даўлатава: «Мы без канца праклінаем таварыша Сталіна, і, зразумела, ёсць за што. Але хто напісаў чатыры мільёны даносаў?» Помню, мой дзед Іван казаў так: на кожную сотню людзей ёсць адзін чалавек, які ніколі не возьме чужога. Памрэ з голаду, а не возьме. І ёсць некалькі чалавек, якія ўкрадуць пры любых умовах, трэба гэта ім, ці не трэба. Так і з даносчыкам. Ён можа напісаць данос з-за крыўды на некага, з-за зайздрасці. Вось у яго сусед паспяховы прадпрымальнік, ён з даносчыкам неяк не павітаўся. А тут — бел-чырвона-белы сцяг на яго балконе. Ну як не паквітацца? І вось даносчык сядзіць і атрымлівае задавальненне, калі бачыць, як суседа з надзетымі кайданкамі выводзяць з пад’езда. Гэта ж для яго кайф. 

— Пасёлак Краснасельскі знакаміты найперш сваім цэментным заводам. Уявім сабе такую сітуацыю — дырэктар завода вырашыў падараваць табе як адзінаму мясцоваму пісьменніку вагон адборнага цэменту. На што б ты яго патраціў?

— Заклаў бы добрыя падмуркі пад помнікі, а рэшту прадаў бы і купіў мармуру і бронзы. У мяне сусед — выдатны скульптар Сяргей Стальмашонак, ён зрабіў бы помнікі знакамітым асобам, якія нарадзіліся на Ваўкавыскай зямлі ці праславілі яе: князю Глебу Ваўкавыскаму, першаму шахцёру, які адкрыў крэйдавыя радовішчы, спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму, пісьменнікам Ларысе Геніюш і Аляксею Карпюку. Думаю, на пяць помнікаў хапіла б цэменту. Ну, і адзначылі б адпаведна адкрыццё тых помнікаў…

Чытайце таксама:

Пісьменнік Сяргей Вераціла: Скінуць уладу акупанта народ ніколі не супраць

Каментары17

  • Anatol Starkou
    13.12.2022
    На дзесяць гадоў маладзейшы за мяне, а ныя, што стары. Я працаваў да 69,5.
    На беларускай мове я толькі спектаклі Рэспублiканскага тэатру беларускай драматургii РТБД чую і гляджу пару-тройку разоў у год.
    Трохпакаёвая хата ў Мінску і аднапакаёвая ў Нью Ёрку. Гэта мае пакоі.

    Нецікава. Хоць хацелася на мове пачытаць.



  • Reader
    13.12.2022
    самая интерсная статья по теме за все время. в отличии от катарских моделей и минских нелюбителей метро. ..
  • гоб
    13.12.2022
    Если без шелухи и сказок венского леса: сына бросил и вернулся к маме. Вот и весь ваш выбор, Серёжа.

Цяпер чытаюць

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі10

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

З-за чэргаў на мяжы з Польшчай «Мінсктранс» арганізуе бясплатную перасадку пасажыраў

У Германіі забілі аўтарку бестсэлераў пра рускіх, кіяўлянку Аляксандру Фроліх

Паглядзіце, якімі моднымі лакацыямі абзавёўся Парк Горкага15

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі7

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі10

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі10

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць