Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»77

Лукашэнка заклаў пад АДКБ гадзіннікавую міну

Ён дэманстратыўна праігнараваў фінальную фазу манеўраў АДКБ у Казахстане ды паехаў інспектаваць Мінскі гадзіннікавы завод. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Фінал манеўраў АДКБ на казахстанскім палігоне Матыбулак прайшоў 16 кастрычніка без Аляксандра Лукашэнкі. Назло Маскве ён праігнараваў апафеоз грандыёзнага мерапрыемства з сімвалічнай назвай «Узаемадзеянне-2009», на які запрашаліся прэзідэнты ўсіх сямі краін арганізацыі.

Гэта азначае, што беларускі партнёр так і не атрымаў ад Масквы здавальняючага адказу на сваё пытанне, зададзенае пару месяцаў таму: «За што мусяць гінуць мае хлопцы, калі раптам?».

Эксперты падкрэсліваюць: у Мінска няма стратэгічных інтарэсаў у далёкай і выбухованебяспечнай Цэнтральнай Азіі. АДКБ, і асабліва яе задуманы ўдарны кулак — Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання — гэта найперш праект Масквы. Для Расіі цэнтральнаазіяцкі рэгіён — мяккае падбрушша, якому пагражаюць, у прыватнасці, ісламскія радыкалы, адзначае мінскі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

Беларускае ж кіраўніцтва калі і гатова сімвалічна падтрымаць КСАР (прагназавалася, што менавіта на Матыбулаку Лукашэнка падпіша пагадненне на гэты конт), то не задарма.

Між тым перамовы прэм'ераў Сідорскага і Пуціна на пачатку кастрычніка па комплексе балючых пытанняў гандлёва-эканамічных узаемадачыненняў скончыліся пшыкам.

Узняла градус скандальнасці ў стасунках саюзнікаў і сутычка Лукашэнкі з «казначэем Пуціна» — міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным на саміце СНД у Кішынёве 9 кастрычніка. Беларускі прэзідэнт дэ-факта абвінаваціў Маскву ў прагнасці. Кудрын жа выставіў апанента, мякка кажучы, некампетэнтным чалавекам. Не ведае, маўляў, куды пайшлі ўжо выдадзеныя Расіяй за апошнія два гады тры мільярды долараў, а просіць яшчэ! Карацей, посуд ушчэнт. Гэта называецца — пагаварылі аб супольных антыкрызісных мерах…

У выніку Лукашэнка зноў ударыў пад дых. Вайсковая супраца — асабліва адчувальная для расійскіх элітаў сфера.

Згадайма: калі ў чэрвені беларускі афіцыйны лідэр такім жа чынам байкатаваў саміт АДКБ у Маскве, там хутка згарнулі малочную вайну і далі зялёнае святло беларускай смятане. Цяпер вось няхай зноў пачухаюцца — такая, мабыць, логіка беларускага боку. А што, на вайне як на вайне.

Бо беларускі ўрад цяпер і сапраўды як той Хлапчыш-Кібальчыш: нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. Крызіс падкасіў даходы ад экспарту, плацёжны баланс валіцца, а тут яшчэ Расія кажа «ад вінта!»: заціснула траншу крэдыту, загароджвае рынкі ад нашага тавару, пагражае вуснамі Мілера ўзняць цану на газ… Так выглядае сітуацыя вачыма беларускага кіраўніцтва.

І што, на гэтым фоне — як ні ў чым не было рэпеціраваць баі з маджахедамі ў чорта на рагах?

Карацей, на «Узаемадзеянні-2009» беларускіх байцоў не аказалася.

Чаго ж чакаць, калі развеецца парахавы дым над Матыбулакам?

Беларускі ўрад ужо распрацаваў сцэнарый зімоўкі «ва ўмовах магчымага скарачэння паставак энерганосьбітаў» (карацей, калі адсякуць газ). Робяцца запасы паліўнага мазуту і г.д.

Зрэшты, перспектыва газавай вайны не фатальная.

Масква ўжо наступала на гэтыя граблі. А тут яшчэ канфлікт з Кіевам намячаецца. Дарэчы, на саміце СНД у Кішынёве Лукашэнка дэманстратыўна братаўся з Юшчанкам, пасылаючы Маскве сігнал аб магчымым транзітным альянсе супраць яе.

Так што расійскім і беларускім вялікім начальнікам зноўку давядзецца дамаўляцца, крыва ўсміхаючыся і душачы сапраўдныя пачуцці адзін да аднаго.

Між іншым цяперашні дэмарш Лукашэнкі паказвае: калі ў яго і быў разлік убіць клін паміж Мядзведзевым і Пуціным, то нумар не прайшоў. Памятаеце салодкую ідылію на манеўрах «Захад-2009», калі расійскі дзядзька-прэзідэнт любаваўся пазалочаным пісталецікам Лукашэнкі-малодшага? Пастфактум Лукашэнка-тата ўсяляк усхваляў калегу Мядзведзева, з якім лёгка зварыць кашу, а паралельна лілася плынь, мякка кажучы, негатыву на адрас расійскага прэм’ера, які, маўляў, наадварот, толькі ставіць палкі ў колы братэрскай інтэграцыі.

Але як ні ўсхваляй братэрства па зброі, а матэрыя першасная. Паколькі каса ў Пуціна, то «разводка» не працуе.

І ўжо цяпер «на пяцістах мільёнах долараў крэдыту дакладна можна ставіць крыж», гаворыць мінскі палітолаг Андрэй Фёдараў.

Аднак грошы патрэбны, і тут позіркі беларускага начальства павернуты на Захад. Ужо дае крэдыт МВФ, саспявае для «праплаты» Еўразвяз. «Логіка канфлікту з Масквой спрыяе плаўнаму еўрапейскаму трэнду Беларусі», — мяркуе Фёдараў.

І тут вось які цікавы момант абмалёўваецца.

У лістападзе, як вядома, Радзе Еўразвязу давядзецца вырашаць, што далей рабіць з замарожанымі санкцыямі супраць беларускага начальства. Хатняе заданне на прадмет дэмакратызацыі Мінск пакуль што завальвае. Гадзіннік цікае, а зрухаў (зменаў выбарчага заканадаўства, больш мяккіх умоў для партый, СМІ, трэцяга сектара і г.д.) усё няма.

Лукашэнкава ўпартасць зразумелая: ну не любіць, не любіць ён гэтых гнілых ліберальных штучак!

Аднак жа і прагматычны Брусель не напірае. Яму важны перш за ўсё геапалітычны зрух Беларусі.

У вярхах ЕС разважаюць прыблізна так: белага ды пухнатага дэмакрата з Лукашэнкі ўсё адно не атрымаецца, а вось за тое, што ўпіраецца рогам супраць Масквы, трэба аддаць належнае.

Так што ў Мінска ёсць шанец на элегантную падмену:

замест унутранай лібералізацыі прадаць Бруселю геапалітычны трэнд, пры тым што ён пакуль эфемерны. Ну, канечне, давядзецца па дробязях дадаць ліберальнай касметыкі — кшталту рэгістрацыі нейкай андэграўнднай партыі.

Ну а ў дзень фінальнай фазы манеўраў АДКБ Лукашэнка дэманстратыўна паехаў інспектаваць мінскі гадзіннікавы завод «Прамень».

Вось такая гадзіннікавая міна пад «братэрства па зброі». Маўляў, хочаце яго захаваць — чухайцеся, хлопцы!

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі11

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Telegram: Мы ніколі не раскрывалі прыватныя паведамленні трэцім асобам6

Да ветэранаў спецназа Паўлічэнкі прыязджаў незвычайны госць: беларус, але мусульманін3

Зніклі крыжы на могілках у Гудагаі

У Мінску разбураюць мурал на Машэрава, які летась «рэстаўравалі»1

Еўрасаюз рыхтуе поўную забарону аперацый з беларускімі банкамі80

У лесе пад Светлагорскам выратавалі сабаку, закапанага жыўцом8

Выпускніца з Баранавічаў набрала 400 балаў з 400 магчымых для паступлення6

У каго кантроль над данымі карыстальнікаў Telegram? Новае расследаванне13

Карупцыйная справа на Мазырскім НПЗ. Што вядома?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі11

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць