«Толькі па адным бакале ці куфлі на дзень».

Навукоўцы з Паўднёвай Карэі высветлілі, што ўжыванне малых доз алкаголю на дзень зніжае рызыку развіцця дэменцыі. Адпаведнае даследаванне было апублікавана 6 лютага ў медыцынскім часопісе JAMA Network Open.
Паводле даследавання, штодзённае ўжыванне малых (не больш за адзін бакал ці куфель падчас ежы) доз алкаголю змяншае рызыку ўзнікнення дэменцыі ў чалавека, а вось п'янства, наадварот, павялічвае рызыку яе развіцця.
Для высвятлення гэтага факта навукоўцы выдаткавалі восем гадоў і вывучылі медыцынскія даныя амаль чатырох мільёнаў чалавек узростам ад 40 гадоў. Узровень спажывання алкаголю падзяляўся на лёгкі (менш за 15 г на дзень — г. зн. маленькі бакал віна ці маленькі куфель піва), умераны (15—29,9 г на дзень) і цяжкі (больш за 30 г на дзень).
«Высветлілася, што людзі, якія п'юць адну порцыю алкаголю на дзень, мелі на 21% меншую імавернасць развіцця дэменцыі, чым людзі, якія ўвогуле не ўжываюць алкаголю. А тыя, хто п'е каля дзвюх порцый алкаголю ў дзень, маюць ужо толькі на 17% менш шанцаў з'яўлення хваробы», — паведамляюць навукоўцы.
Пры гэтым ужыванне трох і больш порцый ужо, наадварот, цягне за сабой павелічэнне імавернасці развіцця дэменцыі.
«Тры і больш порцый на дзень гарантуюць ужо больш высокія шансы — на 8% вышэйшыя, чым у людзей, якія не п'юць», — дадаюць даследчыкі.
Аднак яны адзначаюць, што вынікі даследавання не могуць быць універсальнымі і абсалютна дакладнымі па некалькіх прычынах.
-
Яно праводзілася толькі на карэйцах і ўлічвала толькі ўласцівы ім метабалізм і культуру спажывання алкаголю.
-
У даследаванні не ўлічваліся тыпы алкагольнага напою і магчымыя генетычныя асаблівасці паддоследных.
-
Заяўленая ў медыцынскіх звестках колькасць ужытага алкаголю магла адрознівацца ад рэальнасці.
«Але гэта не мяняе галоўнага — спажыванне алкаголю трэба кантраляваць, каб не дапускаць развіцця розных захворванняў ці чаго-небудзь іншага», — падагульняюць навукоўцы.
Дэменцыя — гэта захворванне, пры якім у чалавека з узростам адбываецца дэградацыя памяці, мыслення, паводзін і здольнасці выконваць штодзённыя дзеянні. Гэты стан суправаджаецца паступовым распадам асобы, што ў выніку прыводзіць да інваліднасці.
Цяпер у свеце больш за 57 мільёнаў чалавек з дэменцыяй, і чакаецца, што да 2050 года гэтая колькасць узрасце да 152 мільёнаў.
Чытайце яшчэ:
Як марыхуана звязаная з хірургіяй — што даведаліся дактары
Як часта трэба мяняць піжаму? Часцей, чым вы думаеце
Навукоўцы раскрылі медыцынскую таямніцу, якая 80 гадоў таму была прычынай дзіцячых смерцяў
Цяпер чытаюць
«Я супраць. Мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі». Алексіевіч адказала, як ставіцца да адмовы ад рускай мовы ва Украіне
Каментары
Алкаголь гэта яд і наркотык. П'ючы спачатку культурна па трошку "для здароўя" паступова пераважная большасьць пачынае піць больш і больш, ператвараючыся спачатку ў п' яніц а пасьля ў алкаголікаў.