Грамадства2222

З сенцамі і сапраўднай печчу з ляжанкай. Вось як бы сёння выглядаў модны таўнхаўс, калі б у ім былі памяшканні і зоны як у беларускай хаце

А вы можаце сабе ўявіць сучасны інтэр'ер open space, у якім ёсць функцыянальныя зоны і памяшканні як у традыцыйнай Беларускай хатцы? Аказваецца, сенцы, гарышча, запечак, чырвоны кут цалкам маглі б упісацца ў жыллё XXI стагоддзя, піша CityDog.io.

Не так даўно ў сваім інстаграм-акаўнце праект «Беларускі код» апублікаваў пост, у якім прадставіў, як бы выглядаў падобны таунхаус. А CityDog.io даведаўся ў каманды, навошта яны прыдумалі такі праект і хто мог бы жыць у гэтай кватэры.

Што такое «Беларускі код» і чым ён займаецца

Каманда By_kod — гэта група творчых людзей, якія разам працуюць у галіне эксперыментаў з традыцыйнай культурай і сучаснымі тэндэнцыямі. Гэтыя людзі пастаянна знаходзяцца ў пошуку сваёй ідэнтычнасці і імкнуцца ахапіць розныя галіны ў сваіх даследаваннях. Адным з іх стаў дызайн інтэр'еру.

Ва ўдзельнікаў By_kod розны вопыт і прафесійныя веды: хтосьці даўно шукаў, як увасобіць функцыянальнасць беларускіх хат у сучасных рэаліях, хтосьці марыў вынайсці арыгінальны стыль — альтэрнатыву сусветным інтэр'ерным тэндэнцыям, хтосьці хацеў падарыць новае жыццё і функцыянальнасць бабуліным рэчам. Новая ідэя аб'яднала ўсе гэтыя памкненні.

«Абмеркаванне праекта пачалося яшчэ летась. Ужо тады мы заўважылі, што адназрубавая беларуская хата — гэта фактычна традыцыйны аналаг актуальнай на сёння кватэры-студыі з яе прынцыпамі функцыянальнага заніравання і адкрытай планіроўкі», — кажуць прадстаўнікі By_kod.

А цяпер самае цікавае: якія зоны ёсць у кватэры, прыдуманай By_kod?

«Мы сыходзілі з самай базавай камплектацыі хаты: адзін зруб + сенцы. Сама хата разбіваецца дыяганаллю «печ — покуць».

За печчу месціцца спальная зона, насупраць печы — гэтак званы «бабін кут». У сенцах («калідорчыку», як казала бабуля аднаго з аўтараў) мы змясцілі гардэроб верхняга адзення і санвузел. У ванны пакой мы таксама інтэгравалі кабіну-саўну як замяшчальнік традыцыйнай лазні. Тут жа побач і кухонная зона, што мэтазгодна з пункту гледжання пракладання камунікацый. Кухня займае месца бабінага кута.

Бабін кут, наогул, гэта месца не толькі для гатавання ежы, але таксама і для хатніх прац, калі ўзімку ля коміна з лучынай збіраліся жанчыны і ткалі, пралі, спявалі. Мы ж змясцілі гэты комін над барнай стойкай, дзе, можа, і не змесцішся з кроснамі, але з кубачкам кавы і ноўтбукам — проста.

Вядома, што ад свечкі ці лучыны ў гэтым коміне будзе святла менш за сучасную лямпу, але ж можна запальваць арамасвечкі проста для задавальнення ды камфорту.

Насупраць кухні — печ. Бадай што печ была нашай самай цвёрдай настройкай: мы можам смела абыходзіцца з іншымі зонамі, але печ будзе — і будзе з ляжанкай! Мы зусім трохі асучаснілі форму, але фактычна захавалі яе такой, якой яна мае быць традыцыйна.

За печчу — невялікі закуточак з гардэробам і люстрам, за імі — адасобленая спальная зона.

Для нашага пакалення класічнай кватэрнай планіроўкі такая ступень адкрытасці падаецца занадта смелай, але яна прымальная ў межах філасофіі адкрытай прасторы. На добры лад, гэту зону варта было б прычыніць шырмай ці фіранкай, але яны шкодзілі нагляднасці прэзентацыі, і мы адмовіліся ад іх.

І бадай што найцяжэйшай справай было для нас выявіць чырвоны кут. Мы свядома адмовіліся ад залішняга дэкору, бо ў сённяшнім індывідуалізаваным свеце, на нашу думку, покуць з’яўляецца дужа інтымным месцам і адлюстроўвае тое, што дорага канкрэтнаму гаспадару. Але ж у якасці канцэпцыі мы прапанавалі літаральна чырвоную зону, каб вылучыць яе з іншага інтэр’еру».

У якасці «базавага» напаўнення ўдзельнікі By_kod прапануюць змясціць туды фатаграфіі родных як тое дарагое, што ёсць у жыцці амаль кожнага чалавека. Але таксама нічога не перашкаджае уладкаваць там і паліцу з любімымі кнігамі, паставіць любімы музычны інструмент або паўтарыць традыцыйны «чырвоны кут» з абразамі ці іншымі святынямі — гэта выключна індывідуальная зона.

«Яшчэ адной праблемай стала пытанне таго, што змясціць ля чырвонага кута. Лагічна туды было б паставіць стол, але, па-першае, у XXI стагоддзі людзі маюць процьму спосабаў бавіць вольны час дома апроч застолля, а па-другое — на пытанне «ну што мусіць быць абавязкова ў чырвоным куце, апроч рушнікоў-фотак-абразоў» часта гучаў адзін і той жа адказ: тэлевізар.

Ну сапраўды ж, у традыцыйных інтэр’ерах сёння ён займае пачэснае месца пад іконамі. Мы вырашылі і тут даверыцца традыцыі і размясцілі сацыяльную зону з мяккай канапай. Стол жа мы палічылі ў гэтай зоне сітуацыйным, і таму ён можа быць, напрыклад, складным».

Таксама ўдзельнікі By_kod прадугледзелі ў гэтай жылой прасторы склеп і гарышча, але не раскрывалі тэму так падрабязна. Склеп цалкам захоўвае свае традыцыйныя функцыі схованкі для закатак і бульбы, а гарышча, на думку каманды, можна выкарыстоўваць больш рацыянальна, чым ператвараць яго ў склад для старой хаты. Напрыклад, зладзіць там дзіцячы пакой, спартыўную залу ці паўнавартасны кабінет.

А якія традыцыйныя элементы ёсць у кожнай зоне?

Тут думкі і ідэі ў іх разышліся. З аднаго боку, было жаданне цалкам адхіліцца ад знешняй «беларушчыны» і паглядзець, як будзе працаваць сама ідэя без дадатковых маркераў мясцовасці ў выглядзе дэкору. З іншага боку, было жаданне, наадварот, паказаць, як аўтэнтычныя рэчы могуць упісацца ў сучасны інтэр'ер.

«Каб не згубіць акцэнт на планіроўцы і трымацца сучаснага мінімалізму, мы пакінулі дэкаратыўны мінімум: напрыклад, на вокнах можна заўважыць рол-фіранкі ў выглядзе выцінанак, каля ложка — скрыня. Жырандоля ў выглядзе традыцыйнага саламянага павука асвятляе прастору. Ідэя палавічкоў-дарожак і посцілак з традыцыйным малюнкам актуальная як ніколі. Сталешніца паўтарае ўзоры вясковых скацерак.

Пра канцэпцыю: «Каманда мае падняпроўска-палескія карані, што можна прасачыць у дызайне праз масіўную каменную печ з ляжанкай»

Як адзначаюць удзельнікі By_kod, пошукі сучаснай беларускай архітэктуры або інтэр'ернага стылю пачаліся не ўчора. У інтэрнэце лёгка можна знайсці прыклады беларусізацыі інтэр'еру за кошт элементаў дэкору або выкарыстання аўтэнтычных матэрыялаў.

Але адметнай рысай гэтага імяннога праекта з'яўляецца тое, што каманда, хутчэй, зыходзіла не з аналізу візуальнага і канструктыўнага складнікаў элементаў традыцыйнага інтэр'еру, а перш за ўсё з функцыяналу, таму строга прытрымлівалася традыцыйнай планіроўкі.

«Мы шчыра лічым, што патэнцыял беларускай культуры ў сучасным свеце і на драбінку яшчэ не раскрыты. Архаічная вонкава, яна мае гнуткі стрыжань у сваёй аснове і праз сваю гнуткасць можа адаптавацца і інтэрпрэтавацца так, як гэтага патрабуе час. І мы ставім за мэту паказаць гэта праз мастацтва і дызайн.

Варта таксама адзначыць, што наша каманда мае падняпроўска-палескія карані, што можна прасачыць у дызайне, напрыклад праз масіўную каменную печ з ляжанкай. Ці дэкор падушачак».

Кватэра, інтэр'ер якой распрацавала каманда By_kod, рэальная?

Не, пакуль гэта толькі канцэпцыя. Але ёсць мары рэалізаваць нешта падобнае для сябе, прызнаюцца прадстаўнікі праекта. Пры гэтым план знаходзіцца ў адкрытым доступе, і яны спадзяюцца, што ён можа спатрэбіцца не толькі ім.

Хто мог бы жыць у такой кватэры?

Удзельнікі By_kod яшчэ раз адзначаюць, што гэты праект — эксперымент. У рэальным праектаванні ўлічваецца мноства самых розных фактараў, пачынаючы ад складу сям'і і заканчваючы фізічнымі параметрамі кожнага з жыхароў. Каманда ж хацела паказаць проста канцэпцыю таго, што можна падыходзіць да праектавання сучасных інтэр'ераў і такім вось чынам.

Канкрэтна гэты жылы блок таунхауса By_kod прапанаваў бы сям'і без дзяцей (або з адным-двума, для якіх можна было б унесці мінімальныя змены ў выглядзе дадатковай шырмы для спальнай зоны бацькоў і ўладкавання другога паверха пад дзіцячую прастору). Ці, наадварот, для пар, якія ўжо выгадавалі сваіх дзяцей і цяпер выбіраюць нейкі аптымальны кампраміс паміж сучасным гарадскім жыллём і традыцыйнай вёскай.

Чытайце таксама: 

Кафэ, бары, кавярні, пякарня і нават фудтрак. Сабралі для вас амаль усе ўстановы, якія адкрылі беларусы ў Варшаве

10 беларускіх брэндаў са стыльнымі світшотамі, за якія не трэба аддаваць мільёны

Каментары22

  • [
    14.03.2023
    оспідзя...
    збаў бажэ ад недадызайнераў
  • антидизайнер
    14.03.2023
    маць мая жэншчына...
    што этыя дізайнеры курылі?
  • Яўген
    14.03.2023
    А мне вельмі спадабалася. Усё акрамя чырвані.

Цяпер чытаюць

Іпэшнік у Мінску пісаў ананімкі на канкурэнтаў, у тым ліку і палітычныя. Зафіксавана 18 эпізодаў3

Іпэшнік у Мінску пісаў ананімкі на канкурэнтаў, у тым ліку і палітычныя. Зафіксавана 18 эпізодаў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп паабяцаў, што не збіраецца балатавацца на трэці тэрмін8

Пасажыры самалёта ўпалі ў балота з алігатарамі і правялі там два дні. Як яны выжылі?1

Пад Магілёвам зносяць недабудаваны храм, які абаранялі расійскія чарнасоценцы11

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва3

Паўднёвы ўсход Беларусі накрывае моцная бура2

Бамбардзіра-кракадзіла і балерына-капучына — адкуль гэта?3

Што са школьнай ежы дзецям падабаецца?1

Міністр Маркаў заявіў, што да 2020 года яны цярпелі незалежныя медыя, а цяпер надзвычай патрэбна цэнзура25

Ракета з Емена ўпала на тэрыторыі аэрапорта Бэн-Гурыён у Ізраілі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іпэшнік у Мінску пісаў ананімкі на канкурэнтаў, у тым ліку і палітычныя. Зафіксавана 18 эпізодаў3

Іпэшнік у Мінску пісаў ананімкі на канкурэнтаў, у тым ліку і палітычныя. Зафіксавана 18 эпізодаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць