Усяго патроху33

У сям'і Кундзiкавых — 32(!) дзiцяцi

Міня — хлопчык з доўгiмi русымi валасамi i блакiтнымi вачыма як у аляняцi з мультфiльма. Ён трапiў у дом Кундзiкавых праз два тыднi ад нараджэння. Яго нарадзiла няпоўнагадовая мацi, таму са здароўем у малога было шмат праблем. Цяжка паверыць, што гэты гарэзлiвы рэкламны прыгажун пайшоў толькi ў два гады...

Трое прыгожых дзетак

Міня — хлопчык з доўгiмi русымi валасамi i блакiтнымi вачыма як у аляняцi з мультфiльма. Ён трапiў у дом Кундзiкавых праз два тыднi ад нараджэння. Яго нарадзiла няпоўнагадовая мацi, таму са здароўем у малога было шмат праблем. Цяжка паверыць, што гэты гарэзлiвы рэкламны прыгажун пайшоў толькi ў два гады. Маргарыта Уладзiмiраўна i яе старэйшыя дзецi няньчылiся, рабiлi масажы, займалiся, а цяпер не могуць налюбавацца на свайго любiмца.

Каця ў 4 гады — рагатушка i шчабятуха. Абаяльнае стварэнне з задорнымi хвосцiкамi расказвае ўсё, што бачыць, спявае i так прыгожа ўсмiхаецца, што на сэрцы цяплее. Вiдаць, будучая артыстка! Яна з няўдалай сям'i: мацi трагiчна загiнула, а бацька недзе ёсць толькi тэарэтычна. Дзяўчынка, якой не споўнiлася i года, жыла спачатку ў бальнiцы, потым у доме дзiцяцi. Адтуль яе забрала Маргарыта Уладзiмiраўна.

Фотаздымкi Асi ў маленстве Кундзiкава паказвае ў сваiм iнтэрнэт-блогу для параўнання — якiм, прабачце, бярвенцам ляжала кiнутая ў бальнiцы 6-месячная малая.

— Яна не ўмела ўсмiхацца i, напэўна, увогуле не ведала, што такое бацькоўскiя рукi, — каментуе Маргарыта Уладзiмiраўна. — Як у Ахматавай: «Калi б вы ведалi, з якога смецця атрымлiваюцца вершы». Калi б вы ведалi, з чаго атрымлiваюцца добрыя дзецi! Часам з нейкага незразумелага камочка. Галоўнае — любiць дзяцей, астатняе дадасца

Агiднасць сацыяльнага сiроцтва

Два дзясяткi гадоў таму, калi ёй было 28, Кундзiкава ўзяла дзяцей. Яна па прафесii — выхавальнiк, i за сваё працоўнае жыццё прайшла шлях ад нянечкi да загадчыцы дзiцячага садка. Мужа Сяргея ведае з дзяцiнства, у шчаслiвай сям'i нарадзiлiся трое дзяцей. Але аднойчы жыццё змянiлася пасля, падаецца, цалкам будзённай падзеi: Маргарыта Уладзiмiраўна з Клiчава паехала ў абласны цэнтр на курсы, дзе трапiла на экскурсiю ў дзiцячы дом.

— Гэта быў нейкi ступар, — узгадвае жанчына свае ўражаннi. — Я сутыкалася з рознымi сем'ямi на працы, але з такой агiднасцю, як сацыяльнае сiроцтва, сутыкнулася ўпершыню. І супала, што на першым тэлемарафоне на карысць дзяцей-сiрот расказалi пра новую форму выхавання — сямейны дзiцячы дом. I ўсё: я заявiла, што буду гадаваць дзяцей.

Трэба было ўзяць для адкрыцця такога дома 5 дзяцей, трое было сваiх, i Маргарыта Уладзiмiраўна спачатку i не думала браць болей. Але прайшло колькi гадоў, i нехта з медыкаў выпадкова сказаў: «У нашым радзiльным доме ёсць дзяўчынка, ад якой адмовiлiся. Не хочаце паглядзець?»

— Такое здараецца толькi ў серыялах, — усмiхаецца яна. — Я заходжу ў раддом i сутыкаюся ў дзвярах з жанчынай. Мы мiла паўсмiхалiся адна адной, прабачалiся, i я пайшла глядзець дзiця. Надзi было 5 дзён, яна была неданошаная, маленькая, нiбы вусень. Я яе, безумоўна, забрала. А мне кажуць: «А вы там Надзiну мацi не сустрэлi? Яна толькi што падпiсала паперы на адмову ад дзiцяцi i выйшла». Так, я яе сустрэла, i больш нiколi не бачыла. А яна кiнула ў раддоме яшчэ дваiх немаўлят.

Жылi ў кацельнi i кароўнiку

Яна нiколi не блытае iмёны сваiх дзяцей, нягледзячы на тое, што iх колькасць перавалiла за тры дзясяткi, i сярод iх чатыры Мiшы ды тры Кацi. Дарэчы, Надзя — адзiная з прыёмных дзяцей, каму Маргарыта Уладзiмiраўна сама дала iмя: Надзея — у гонар яе мацi i светлай надзеi на шчаслiвае жыццё ўсiх яе дзяцей, нават калi насуперак усяму.

Адны дзецi да яе жылi ў кацельнi, iншыя — у кароўнiку, ды елi прама з кармушкi. А, напрыклад, трое дзяцей з адной сям'i трапiлi да Кундзiкавых з Украiны. Там у пажары загiнуў iх бацька, жыць на папялiшчы было немагчыма. Тады мацi, ураджэнка Клiчаўскага раёна, прыехала сюды з дзецьмi i ўладкавалася на ферму даяркай. Аднак аднойчы, 31 снежня, пад Новы год жанчыну збiў аўтамабiль. Дзецi засталiся лiтаральна на вулiцы: iх нават у дзiцячы дом нельга было аформiць, таму што яны не мелi нiякiх дакументаў. Яны толькi плакалi — iм было страшна. Маргарыта Уладзiмiраўна забрала iх i выхавала: старэйшая сястра ўжо пайшла замуж i стала мацi дваiх дзяцей!

Дзецi растуць, i на палiцах з'яўляюцца вясельныя фотаздымкi. Даўно маюць свае дамы, мужоў i дзяцей, але ўсё адно едуць да сваёй мацi.

— У iх, акрамя мяне, няма нiкога, — проста тлумачыць Маргарыта Уладзiмiраўна.

Яны проста не памятаюць сваiх бацькоў, якiя iх пакiнулi адных у тых цi iншых абставiнах. I толькi адна з дзяўчатак аднойчы сказала мацi: «Вось ты мяне ўзяла, а можа ў мяне недзе асабняк ёсць i бацька з «Мерседэсам». Ёй паказалi бiялагiчных бацькоў... — i ўсё.

Прозвiшчы розныя, а сям'я адна

Сямейны дзiцячы дом Кундзiкавых — гэта два вялiкiя дамы, аб'яднаныя пераходам. Тут усё вельмi проста i сцiпла. Пакоi ўпрыгожваюць кветкi i калекцыi мяккiх цацак, на сценах — мастацкiя працы дзяцей. Iх малявалi ды вышывалi старэйшыя дзецi, таму што цяперашнiя больш захапляюцца камп'ютарамi, чым рамёствамi.

У галоўным пакоi — два сучасныя камп'ютары. Адзiн падарылi сябры — Клiчаўская арганiзацыя МНС, а на iншы самi дзецi збiралi грошы: здавалi ягады ды грыбы, складвалi стыпендыi i аддавалi заробкi ад летнiх падпрацовак. Уклад бацькоў — кругласутачны хуткасны iнтэрнэт.

У пакой радасна ўлятае невялiкi чорны сабачка.

— Гэта мой Лунцiк! — радасна крычыць Мiнька.

— Нам падкiнулi яго маленькiм, — тлумачаць дзецi. — А Мiня заўсёды трызнiў пра Лунцiка, героя мультфiльма. Гэта быў нiбыта яго выдуманы сябар. I калi сабачаня падкiнулi, ён сказаў: «Да нас прыляцеў Лунцiк!» Мы казалi, што сабака не вельмi падобны на самога Лунцiка, але Мiня аўтарытэтна заявiў, што гэта брат яго лепшага сябра.

Вы знешне нiколi не адрознiце дзяцей з сямейнага дзiцячага дома Кундзiкавых ад iншых, якiя жывуць у сваiх добрых сем'ях. Самыя маленькiя — ну нiбыта цацкi. Усе дзяўчаткi — неверагодныя моднiцы. «Пакуль я жывая, мае дзецi будуць апранацца не горш за iншых», — адразае Маргарыта Уладзiмiраўна. Гэтыя дзецi, хутчэй, адрознiваюцца ад iншых згуртаванасцю: яны нiколi не даюць крыўдзiць сваiх:

— Калi новае дзiця прыходзяць у сям'ю i нейкiя праблемы ўзнiкаюць, то часта чую: маўляў, што ж ты робiш, прозвiшча ганьбiш? А прозвiшчы ў iх усе розныя... Але сям'я — адна.

Што датычыцца дабрабыту, то такой вялiкай сям'i грошай на ўсё-ўсё, вядома ж, не хапае.

— Але можна жыць па-рознаму: можа не хапаць на iкру, а можа — i на лусту хлеба, — вучыць мудрая Кундзiкава. — Нам хапае на лусту хлеба з маслам. На iкру не хапае, але яна нам i не патрэбная. Мы i кабачковую паядзiм. Нам бы на iншае...

Напрыклад, не хапае грошай, каб вазiць дзяцей на заняткi да мастакоў у Бабруйск для творчага развiцця. Ламаецца мэбля: дзецi скачуць па канапах бясконца. Заробкi выхавальнiкаў i грашовая падтрымка на дзяцей iдзе, у асноўным, на харчы. Яны сям'ёй з'ядаюць штодня 7 кiлаграмаў крупаў i 15 лiтраў супу, выпiваюць пакунак чаю, а на гатаванне страў патрабуецца поўная бутэлька алею. Таму што тазiк гiганцкiх чабурэкаў — гэта толькi невялiкi перакус для вялiкай сям'i.

Праца па Макаранку

Маргарыта Уладзiмiраўна кажа, што трэба не толькi любiць дзяцей, але i ўмець iх выхоўваць. Яна называе сябе мацi-фанатыкам i не проста цягне цяжкую лямку гадавання, а робiць гэта з энтузiязмам i на навукова-педагагiчнай аснове. Яна — шчырая прыхiльнiца педагогаў Антона Макаранкi i Васiля Сухамлiнскага.

— Я Макаранкам у юнацтве зачытвалася i зрабiла для сябе выснову: дзяцей трэба любiць строга, — лiчыць Маргарыта Уладзiмiраўна.

У сям'i Кундзiкавых усё правiльна. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых. Графiк дзяжурстваў — на кухнi. У кожнага на агародзе — свая градка. I гэта не проста нейкая працоўная павiннасць, а кавалак ад агульнай сямейнай адказнасцi.

— Праца — аснова ўсяго, — вучыць мацi. — Калi мы капаем бульбу, то самыя малодшыя ў сваiх цацачных вядзерцах хоць дзве бульбiны, але нясуць. Потым гордым працаўнiкам дранiкi рабiлi з iх бульбiн!

Падлеткi першыя мабiльныя тэлефоны зарабiлi самi сабе, i на самыя наймаднейшыя джынсы таксама.

— А таксама патрабавальнасць, — працягвае знаёмiць з сiстэмай выхавання «паводле Кундзiкавай». — Я нiколi не мяняю свайго слова i не адмяняю пакаранне.

— Так, я спазнiлася дадому — на наступныя выхадныя не пайду гуляць, — уздыхнула адна з дзяўчатак.

— А адна дзяўчынка пакараная тым, што ўжо тры гады не ходзiць на школьныя дыскатэкi, — погляд Маргарыты Уладзiмiраўны цвёрды як сталь. — Была на гэта важкая прычына. Не, яна — залатое дзiця, але пойдзе толькi на выпускны баль. Проста амнiстыi за праступкi ў нас няма.

Радасць па Сухамлiнскаму

Але нягледзячы на дысцыплiну i патрабавальнасць, з твараў дзяцей не сыходзяць усмешкi. Такiя шчаслiвыя твары наўмысна не зробiш.

— Для нас вiтамiн радасцi — гэта мацi, — кажа адна з дзяўчатак.

— Атмасфера радасцi — таму што дзецi дома, — працягвае Маргарыта Уладзiмiраўна. — У нас тут не прытулак, а сапраўдная сям'я. Сухамлiнскi меў рацыю са сваёй школай радасцi. Ён у пасляваенную разруху i жабрацтва вучыў дзяцей iграць на флейце!

Не трэба хлусiць, што жыццё складаецца толькi з радасцяў. Здараецца i ў вопытнай мацi момант, калi падаецца, што ўсе гэтыя клопаты нiкому не патрэбныя i хочацца, як кажа Кундзiкава, выць на Месяц... Што ж, да любовi да дзяцей абавязкова павiнна дадавацца цярплiвасць i ўменне дараваць.

Але ў дом зноў прыходзiць свята. Нядаўна адна з дачок Кундзiкавай пайшла замуж: урачыстасць была дома, усё рабiлi самi i павесялiлiся на славу. Iншая дачка, цяжарная, паспела добра патанчыць на тым вяселлi, а на наступны дзень нарадзiла Маргарыце Уладзiмiраўне яшчэ аднаго ўнука.

Аднойчы ў доме разбiралi старыя сшыткi на макулатуру, i выпадкова мацi знайшла старое сачыненне Ягора, якi атрымаў заданне напiсаць сябру, а ён напiсаў сваiм продкам.

«У кожнай сям'i ёсць радавое дрэва. Наша дрэва магутнае i трывалае. Мноства продкаў у нашым радаводзе праслаўлялi i ўмацоўвалi яго. А цяпер у iм пераплялiся мноства галiнак, адарваных ад iншых радавых дрэваў. Пераплялiся так, што немагчыма зразумець, дзе чые. Прымiце iх, продкi! Дайце сваю сiлу i мудрасць. Няхай новыя парасткi прыносяць радасць i гордасць вам i наступным пакаленням. Каб iх дзецi не засталiся без роду i без племенi».

Памылак у гэтым сачыненнi было мноства, але настаўнiк на ўсю старонку паставiў дзiцяцi вялiзную дзясятку.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўны беларускі прапагандыст заклікаў знішчыць Манхэтэн дашчэнту53

Вызначаны часовы Вярхоўны лідар Ірана7

Пуцін назваў забойства Хаменеі цынічным парушэннем усіх нормаў маралі і права. Лукашэнка маўчыць26

Статкевіч — беларусам: Ваша цеплыня ахутвала мяне. І я адчуваў яе амаль фізічна6

У Іране пры ўдарах ЗША і Ізраіля загінуў кіраўнік паліцэйскай разведкі2

Іран абвясціў аб адкрыцці Армузскага праліва7

На Берасцейшчыне і Гродзеншчыне затрымалі кіраўнікоў буйных аграрных прадпрыемстваў3

У Гомелі на прыпынку каля вадаёма мясцовы жыхар пакінуў пасланне рыбакам. Што там?2

Шэсць чалавек зарабілі велізарныя грошы на стаўках на амерыканскую атаку па Іране. Падазраюць, што яны ведалі пра яе8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць