Грамадства11

Памёр доктар і тэлевядучы Аляксандр Цярэшчанка

Яму было 72 гады.

Доктар Аляксандр Цярэшчанка. Фота: КП у Беларусі

Пра смерць 20 красавіка вядомага доктара і тэлевядучага распавяла ў сацсетках яго дачка Кацярына.

«Ён пакінуў след у жыццях тысяч людзей. Дапамогай, парадай, удзелам. Ён не глядзеў на чын і ранг, ставіўся да кожнага звароту са спагадлівасцю і спачуваннем», — напісала яна.

Аляксандр Цярэшчанка быў не проста вядучым тэле— і радыёперадач пра здароўе — такіх, як «Будучыня сёння», «Доктарскія таямніцы», «Пра што не прынята казаць» і шэрагу іншых. Ён быў практыкуючым нейрахірургам, 25 гадоў працаваў у 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, піша КП у Беларусі.

«Так здарылася, што на маіх вачах загінулі мае родныя, — распавядаў доктар Цярэшчанка. — Я лічыў, што дактары, якія ў той момант займаліся выратаваннем, не кіравалі працэсам. Тады я зразумеў, што хачу стаць доктарам, каб навучыцца самому кіраваць працэсам жыцця і смерці.

У 1974 годзе ён скончыў медінстытут у Мінску, пасля чаго з'ехаў на два гады працаваць на Далёкі Усход. Затым вярнуўся ў Беларусь на кафедру ў інстытут. Паралельна з медыцынай займаўся журналістыкай, якой захапіўся яшчэ з 3-га курса.

Цікава, што свае першыя апавяданні доктар Цярэшчанка паказваў Уладзіміру Караткевічу і атрымаў адабрэнне знакамітага пісьменніка. Ён захоўваў аркуш з яго рэдакцыйнымі пазнакамі.

Застаўка перадачы Аляксандра Цярэшчанкі

Цікава, што яго тэлеперадачы ніколі не будаваліся на хайпе і эфектных шоу дзеля прыцягнення гледачоў. Як ён казаў сам у інтэрв'ю, яго «Таямніцы» былі не гламурнай праграмай. У адрозненне ад той жа Алены Малышавай, пасля перадач якой некаторыя сюжэты разбіраюць на мемы. Ён пераканана рабіў навукова-пазнавальную праграму, бо медыцына досыць сур'ёзная навука, каб апускаць яе да ўзроўню прымітывізму.

У перадачы «Доктарскія таямніцы» ён ставіў задачу паказаць сувязь няправільнага ладу жыцця з хваробай і з тымі наступствамі, з якімі змагаюцца потым санітаркі, медсёстры, дактары. Ён катэгарычна не хацеў здымаць муляжы або лялек, якіх аперуюць хірургі — толькі рэальныя кадры аперацый. Калі казалі, што на экране гэта будзе выглядаць занадта жорстка, ён парыраваў:

— Жорстка тое, што потым праз цябе дактары — хірургі, анестэзіёлагі — пакутуюць і пакутуюць. Адна справа, калі чалавек кажа, што яму трэба выдаліць язву страўніка, а іншае, калі ён бачыць, што такое язва або той жа інфаркт — мёртвае сэрца. Пасля гэтага ён напэўна некалькі разоў падумае, ці хоча ён апынуцца на аперацыйным стале.

Цярэшчанка марыў выходзіць з такой перадачай штодня, у прайм-тайм. Не толькі пра хваробы, але і пра здароўе.

Таксама доктар нагадваў, што здароўе чалавека залежыць ад доктара толькі на 10%. Усё астатняе — генетыка, экалогія, харчаванне, здаровы лад жыцця. Доктар Цярэшчанка і сам стараўся весці здаровы лад жыцця. Але казаў пры гэтым, што хірургу гэта рабіць вельмі складана.

— Ніхто з дактароў не працуе на стаўку. Хірург звычайна працуе на паўтары-дзве стаўкі. А што гэта такое? Жывеш увесь час у клініцы. Сярэдняя працягласць жыцця ў хірургаў 49 гадоў. Гэта ж экстрэмальная прафесія. Калі дзяжурыш ноччу, каго толькі не прывозяць. Рэгулярныя стрэсы, недасыпанні, але ты павінен быць заўсёды ў тонусе, — распавядаў ён.

Інтарэсы доктара Цярэшчанкі распасціраліся значна шырэй, чым журналістыка і медыцына. Ён усё жыццё цікавіўся мастацтвам — яго заўсёды можна было сустрэць на адкрыцці новай мастацкай выставы ў Мінску. Таксама ён ганарыўся сяброўствам з мастакамі Мікалаем Селяшчуком, Сяргеем Цімохавым, Уладзімірам Зінкевічам, Валерыем Славуком, Уладзімірам Савічам і іншымі прыкметнымі творчымі фігурамі ў Беларусі.

Каментары1

  • даведка
    21.04.2023
    Он за день до смерти мелькнул в эпизодической роли врача в сериале «Окна дома твоего» в прайм-тайме ОНТ.

Цяпер чытаюць

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч6

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідзе матацыкліст рызыкнуў сваім жыццём, каб выратаваць хлопчыка4

Z-каналы адмаўляюць мініраванне Крымскага моста, гавораць пра ўдар падводным апаратам

Пасол Турцыі ў Беларусі расказаў пра любімыя беларускія стравы ў іх сям'і4

Памёр кампазітар Яўген Дога3

У Мінску амаль перамаглі баршчэўнік Сасноўскага1

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў15

Па Слуцку паўзуць чуткі пра забойства з расчлянёнкай. Вось што кажуць у міліцыі2

Кава з апельсінамі, мандарыны з кетчупам. Беларуска шакіруе знаёмых гастранамічнымі вычварэнствамі3

Пажыццёвае зняволенне вынеслі жыхару Віцебска за жорсткае забойства сваёй сужыцелькі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч6

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць