Меркаванні99

Кісінджэр: майстар гульні ў доўгую, або «Усе прыстойныя людзі пачыналі ў разведцы»

Сёння 100-гадовы юбілей адзначыў Генры Кісінджэр — адзін з архітэктараў палітыкі разрадкі ў халоднай вайне. Дзяржаўны дзеяч, які зрабіў стаўку на Кітай у процівагу СССР і тым самым змяніў баланс сіл у Еўразіі. Практык «рэалпалітыкі», які спачатку аддаваў Украіну ў зону ўплыву Расіі, а цяпер бачыць яе ў НАТА. Зрэшты, хто з нас не памыляецца ў 99 гадоў? Піша Раман Бажэнаў.

Генры Кісінджэр. Фота: Evan Vucci /AP

Тры істотныя справы Кісінджэра

«Усе прыстойныя людзі пачыналі ў разведцы», — сказаў пры знаёмстве Генры Кісінджэр расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну. Відавочна, ён схітраваў — у адрозненне ад Пуціна, які ўсё жыццё працаваў на кабінетных пасадах у ціхім тыле, Кісінджэр пачынаў з вайсковай выведкі 84-й пяхотнай дывізіі арміі ЗША і ўдзельнічаў у баях Другой сусветнай. Але «мэта апраўдвае сродкі» — так апісвае сваё палітычнае крэда сам Кісінджэр, і, напэўна, яму для чагосьці спатрэбілася атрымаць прыхільнасць Пуціна.

У замежную палітыку Кісінджэр трапіў падчас прэзідэнцтва Рычарда Ніксана ў 1969 годзе. Апошні імкнуўся скараціць удзел ЗША ў неістотных міжнародных справах, якія адцягвалі ўвагу і рэсурсы. Гэты курс павінен быў здзейсніць Кісінджэр, з якім у амерыканскага прэзідэнта склаліся надзвычай даверлівыя адносіны. Пры Ніксану ён стаў дарадцам па нацыянальнай бяспецы і дзяржаўным сакратаром ЗША.

Разрадка

Напэўна, найбольш істотнай справай Кісінджэра ў нашым рэгіёне стала разрадка адносін паміж СССР і ЗША. Тады краіны падпісалі дамовы аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў, Масква пашырыла эканамічныя адносіны з Захадам, а ў космасе адбылася стыкоўка караблёў «Саюз — Апалон». Ніксан з Кісінджэрам больш за іншыя амерыканскія адміністрацыі наблізіліся да ўспрымання камуністычнага кіраўніцтва СССР як цалкам натуральнага. Замежная палітыка СССР з часоў Другой сусветнай вайны зазнала свой найвялікшы трыумф. 

Менавіта праз Кісінджэра Ніксан праводзіў усе далікатныя размовы з СССР, прычым часцяком яны не ставілі ў вядомасць супрацоўнікаў Белага дома і Дзяржаўнага дэпартамента. Дарэчы, у сваіх успамінах Кісінджэр невысока ацэньвае Леаніда Брэжнева, што падаецца несправядлівым. Рассакрэчаныя запісы перамоў сведчаць, што савецкі генсек ні размовай, ні манерамі, пакуль быў здаровы, не саступаў сваім амерыканскім суразмоўцам.

Аднак у выніку чараўніцтва не адбылося і праект разрадкі хутка сябе вычарпаў.

Спыніць халодную вайну было немагчыма, бо не дазваляла сама сутнасць сістэмы СССР і светапогляд яго кіраўнікоў у Маскве. Працягнуліся гонка ўзбраенняў і савецка-амерыканскія проксі-войны ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, пакуль канчаткова разрадку не пахавала інтэрвенцыя СССР у Афганістан.

Абодва бакі лічылі разрадку спосабам весці канфрантацыю менш небяспечнымі метадамі.

Пазней Кісінджэр апісваў гэты час як «стратэгію вядзення канфлікту з Савецкім Саюзам». Хутка і ў амерыканскай прэсе само слова «разрадка» проста стала адыёзным, сінонімам «уміратварэння агрэсара». 

Савецкія дысідэнты бачылі сваімі саюзнікамі не Ніксана і Кісінджэра, якім не было ніякай справы да правоў чалавека ў СССР, а ідэалагічную апазіцыю ў Кангрэсе ЗША, напрыклад, у сенатару Джэксану і яго прыхільніках. Аднак разам з тым, дзякуючы часоваму пацяпленню адносін, у СССР на некалькі гадоў знікла антыамерыканская рыторыка, спынілі глушыць «Голас Амерыкі», а моладзь пачала слухаць па радыё «Бітлз», «Пінк Флойд» і «Ролінг Стоўнз». Інерцыя ў «антыімперыялістычных» настроях СССР незваротна знізілася.

Стаўка на Кітай

Другой істотнай справай Кісінджэра, напэўна, больш важнай для сённяшніх міжнародных адносін, стала наладжванне сувязяў з Кітайскай Народнай Рэспублікай. З часоў грамадзянскай вайны ў Кітаі ЗША фармальна не прызнавалі кітайскіх камуністаў легітымным урадам, падтрымліваючы Кітайскую Рэспубліку на востраве Тайвань. 

Разам з тым раскол у савецка-кітайскіх адносінах адкрываў магчымасць супрацьпаставіць дзве камуністычныя краіны, а эканамічныя выгады прынесці ЗША.

Ізноў Кісінджэр стаў пасярэднікам у палітыцы Ніксана па прызнанні КНР у 1972 годзе, ізноў гэта адбывалася таемна ад калег у Дзяржаўным дэпартаменце. Найбольш яскравым момантам падрыхтоўкі да пацяплення адносін стала «пінг-понгавая дыпламатыя», калі разам з камандай па настольным тэнісе Кітай таемна наведвалі дыпламаты ЗША.

У выніку гэта сапраўды змяніла баланс сіл у Еўразіі. Уздым Пекіна стаў адным з фактараў, які падштурхнуў Гарбачова пачаць перабудову стагнуючай савецкай сістэмы. У самім жа Кітаі прыток заходніх інвестыцый дазволіў падняць з галечы 600 мільёнаў чалавек. 

Разам з тым сёння праз дзеянні Кісінджэра ў 1970-я гады ЗША трапілі ў «пастку Фукідзіда» — так дыпламаты апісваюць з'яву, калі ўзмацненне адной дзяржавы пагражае існаму гегемону. Зрэшты, як адзначае амерыканскі гісторык Лютвак, Кісінджэр нямала таксама прычыніўся да стварэння міфа аб загадкавай і разумнай кітайскай стратэгіі, якая скіраваная на сотні гадоў наперад.

Выхад з вайны

Нарэшце, трэцяй істотнай справай Кісінджэра стала паступовае выйсце ЗША з вайны ў В'етнаме — спачатку праз перадачу адказнасці за баявыя дзеянні на ўрад Паўднёвага В'етнама (в'етнамізацыю), а потым праз падпісанне Парыжскіх мірных пагадненняў 1973 года. 

За гэты крок Кісінджэра і міністра замежных спраў В'етнама Ле Дык Тхо ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру. Аднак пагадненні не выконваліся і праз два гады армія камуністычнага Паўночнага В'етнама заняла паўднёвую частку краіны. Пазней Кісінджэр спрабаваў вярнуць Нобелеўскую прэмію, бо яго мірны праект скончыўся правалам.

«Рэалпалітык» Кісінджэра і 2022 год

Нягледзячы на супярэчлівасць, уплывы Кісінджэра на сучаснае мысленне аб замежнай палітыцы складана пераацаніць. Абаяльны, з высокім інтэлектам, ён яшчэ як дзяржсакратар ахвотна выкарыстоўваў медыя для пашырэння сваёй папулярнасці.

Скандальным для яго аказаўся выступ на форуме ў Давосе, які праходзіў у момант уварвання Расіі ва Украіну 2022 года. Падчас размовы Кісінджэр паспрабаваў растлумачыць міжнародную сітуацыю вакол вайны ва Украіне з пункту гледжання «рэалпалітык». 

Ëн сцвярджаў, што Расію нельга выцясняць з Еўропы, бо гэта прывядзе да яшчэ большай нестабільнасці і яшчэ большых канфліктаў. Таксама ён падкрэсліваў, што Расію небяспечна штурхаць у арбіту Кітая, узмацняючы тым самым галоўнага суперніка Захаду. 

Але, бадай, найбольшае абурэнне выклікала выказванне, што для спынення канфлікту Украіне прыйдзецца пайсці на тэрытарыяльныя саступкі, што выклікала рашучае непрыняцце з боку Зяленскага і мацерную экспрэсію дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча.

Вядома, палітыку Украіны нельга ідэалізаваць. У Кіеве балюча ўспрымаюць, калі рэкамендацыі ў духу «рэалпалітык» гучаць на Захадзе — на гэтым вектары ім хочацца, каб стаўленне да Украіны грунтавалася не на спажывецкіх падыходах, а на «супольных каштоўнасцях». Але ў той жа час кіеўскія палітыкі хваляцца, што той самы цынічны «рэалпалітык» яны праводзяць адносна Беларусі. Ды не толькі адносна нашай краіны, але таксама Турэччыны, Кітая, Індыі.

Разам з тым Кісінджэр выказваў тыповы для сучасных «рэалістаў» пункт гледжання, што Беларусь, Украіна і Малдова з'яўляюцца зонай расійскіх інтарэсаў, якая мае ролю ключа да бяспекі ў адносінах паміж Расіяй і астатняй Еўропай. З гэтага пункту гледжання, мэта НАТА — прадухіліць вайну, але не развязваць яе.

На сваё 100-годдзе Кісінджэр у інтэрв'ю Wall Street Journal выступіў ужо са скарэктаванай пазіцыяй — што ўступленне Украіны ў НАТА мэтазгоднае, але Крым вяртаць нельга, бо «цэласнасць Расіі аказалася б пад пагрозай. І гэта непажадана для свету».

Безумоўна, такое вызначэнне лёсаў нашага рэгіёна без уліку суверэннай волі яго народаў абразлівае і спрыяе расійскай прапагандзе. Больш за тое, уся кар'ера Кісінджэра ў чымсьці насмешліва сведчыць, што «рэалісты» самі не вельмі рэалістычныя — у выніку памыляюцца гэтак жа часта, як усе.

Каментары9

  • Бобр
    28.05.2023
    Учитывая его реалполитик, складывается впечатление не как о специалисте, а как о везунчике, который оказался в нужном месте и приписывает себе заслуги независимого хода событий
  • Тарантулідорн
    28.05.2023
    Грамыка дык махнуў рукою, усё паслаў ды й пайшоў туды... Ну, яны ў розных горшчыках варыліся...
  • : (
    28.05.2023
    https://hdrezka.co/series/comedy/54968-vsemirnaya-istoriya-chast-2-2023.html

Цяпер чытаюць

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Вызвалілі гродзенскага журналіста Паўла Мажэйку2

Вызвалены Зміцер Дашкевіч2

Вызвалілі прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука4

Лукашэнка: Мы разумеем, што яшчэ некалькі тысяч ходзяць і крыва глядзяць на ўладу18

Палітвязняў прывезлі на мяжу калонай аўтобусаў ВІДЭА6

«Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій». Юрыст растлумачыў, чаму прымусовая дэпартацыя палітвязняў злачынства8

Мікола Статкевіч адмаўляецца пакідаць Беларусь33

Вызвалілі рэдактарку «Белсата» Ірыну Слаўнікаву2

Перамовы аб вызваленні палітвязняў доўжыліся два дні7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся78

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць