Экс-кіраўнік Службы аховы на Каўказе Федэральнай службы аховы (ФСА) Расіі Генадзь Лопыраў памёр у папраўчай калоніі № 3 у Разанскай вобласці. У свой час ён быў адказным за бяспеку дзяржаўных аб'ектаў на поўдні Расіі, уключаючы рэзідэнцыі прэзідэнта і прэм'ера. У яго абавязкі ўваходзіла і сачэнне за выдаткоўваннем сродкаў на будаўніцтва на чарнаморскім узбярэжжы і кантроль гэтых працэсаў, паведамляе The Moscow News.

Сярод іншага, паводле інфармацыі тэлеграм-канала «ВЧК-ОГПУ», генерал курыраваў і будаўніцтва рэзідэнцыі ў Геленджыку, якая стала вядомая пад назвай «палац Пуціна» пасля расследавання каманды Аляксея Навальнага.
У 2017 годзе Лопыраў быў асуджаны за хабарніцтва і незаконнае захоўванне зброі. Яго арыштавалі пры атрыманні хабару на суму 6,2 млн рублёў. Пры ператрусе ў яго выявілі яшчэ мільярд.
Першапачатковы прысуд генералу ФСА склаў 10 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 150 мільёнаў рублёў. Аднак пазней прысуд быў часткова заменены і склаў дзевяць гадоў і восем месяцаў, а штраф знізіўся да 130 мільёнаў рублёў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, смерць Лопырава выкліканая хваробай. Пры гэтым асуджаны на здароўе не скардзіўся, у зняволенні не працаваў і рыхтаваўся да ўмоўна-датэрміновага вызвалення, бо ягоны тэрмін набліжаўся да канца.
У панядзелак, 14 жніўня, ён нечакана звярнуўся па медыцынскую дапамогу праз праблемы з дыханнем. Спачатку яго даставілі ў Скапін, пасля чаго перавезлі ў Разанскую абласную бальніцу. Лекары паставілі нечаканы дыягназ — лейкоз. Аднак усе паказчыкі стану Лопырава на момант шпіталізацыі, уключаючы ЭКГ і КТ, былі ў межах нормы.
Каментары