Грамадства88

Яна прыняла іслам, а ён палюбіў дранікі. У Магілёве пабраліся шлюбам беларуска і пакістанец

Гісторыя беларускі Алены Пуніцкай і ўраджэнца Пакістана Шахзада Мухамада Камрана даказвае: сапраўднае каханне не ведае межаў. Пара распісалася 16 мая ў Магілёўскім ЗАГСе, піша Magilev.by.

Алена Пуніцкая і Шахзад Мухамад Камран у Магілёўскім ЗАГСе. 16 мая 2025 года

Камрану 40 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас у пакістанскім горадзе Лахор — велізарным мегаполісе з насельніцтвам больш за 11 мільёнаў чалавек. За ўсё жыццё лёс кідаў яго па розных краінах. Бываў ён і ў Афрыцы: у Нігерыі, Гане; у Паўднёва-Усходняй Азіі: у В'етнаме, Камбоджы, Тайландзе.

У Тайландзе Камран пражыў 5 гадоў. Кажа, мог бы і там ажаніцца, але лічыць, што, мабыць, у лёсу былі на яго зусім іншыя планы. Мужчына перабраўся ў Маскву, каб будаваць свой бізнэс у сферы грамадскага харчавання (цяпер Мухамад Камран — уладальнік кавярні індыйскай кухні ў Маскве). Там, у сталіцы Расіі, ён і сустрэўся з магіляўчанкай Аленай Пуніцкай.

Алена маладзейшая за Камрана на 2 гады. Пазнаёмілася пара ў 2018 ў інтэрнэце. Яшчэ тады яны стэлефаноўваліся і нават паспелі сустрэцца, пагуляць, але іх першая спроба пабудаваць адносіны не мела поспеху — на нейкі час яны страцілі сувязь адзін з адным з-за таго, што Алена памяняла нумар тэлефона.

Аднак лёс даў маладым другі шанец: праз 3 гады яны зноў знайшлі адзін аднаго на тым жа сайце знаёмстваў. Камран ужо паспеў забыцца пра даўняе знаёмства, а вось Алена памятала ўсё, і гэта нават крыху здзівіла Камрана, таму ён прапанаваў ёй сустрэцца.

Алена пагадзілася. Іх першая сустрэча пасля ўз'яднання стала вырашальнай. Камран, чалавек прамалінейны, адразу вырашыў абгаварыць усе нюансы і нават прапанаваў зарэгістраваць шлюб у найбліжэйшай будучыні.

«У мяне не было часу на доўгія заляцанні, я шукаў сям'ю, — на вельмі нядрэннай рускай мове расказвае Мухамад Камран. — Як толькі я яе ўбачыў, я ёй адразу сказаў: я дарослы чалавек, таму калі ты сапраўды хочаш замуж, сёння-заўтра можам паехаць і ўсё зрабіць».

Алена папрасіла месяц на роздумы. Камран — мусульманін, і ёй таксама трэба было прыняць іслам у выпадку, калі яны вырашаць усё ж такі ажаніцца.

У цэлым яе не палохала такая перспектыва. «Бог адзін», — тлумачыць яна.

Жаніх быў настроены сур'ёзна. Каб Алена разумела, што ён ставіцца да яе як да нявесты, падмацоўваў словы дзеяннямі: дарыў шчодрыя падарункі: бранзалет, пярсцёнкі, адзенне — усё, што ёй было неабходна. Далей, кажа, шмат чаго яшчэ можна падарыць.

Алена Пуніцкая і Шахзад Мухамад Камран у Магілёўскім ЗАГСе. 16 мая 2025 года

Шлюб Алены і Мухамада Камрана па традыцыях мусульман адбыўся ў Маскоўскай саборнай мячэці 3 гады таму, а каб зарэгістраваць шлюб па нашых, беларускіх законах Камрану, як грамадзяніну Пакістана, трэба было сабраць усе неабходныя дакументы. Гэта ўдалося зрабіць толькі цяпер, нягледзячы на тое, што ў іх ужо падрастае малая.

Камран расказаў, што пасля вяселля нейкіх сур'ёзных змен у жыцці Алены не адбылося. Так, яна стала мусульманкай, але, жывучы ў Маскве, ёй, напрыклад, не трэба апранацца гэтак сама, як апранаюцца жанчыны ў Пакістане: пакрываць галаву або насіць традыцыйныя тунікі. Галоўнае — захоўваць сціпласць у вопратцы і ў паводзінах: не кантактаваць з чужымі мужчынамі, не насіць кароткія спадніцы, а астатняе можна неяк адрэгуляваць.

Жанчына, па словах Мухамада Камрана, павінна займацца выхаваннем дзяцей, сачыць за домам і гатаваць ежу, а мужчына — працаваць і клапаціцца пра жонку і дзяцей, таму што мужчына — галава сям'і.

Маладых усё задавальняе ў іх інтэрнацыянальным шлюбе. За тры гады, кажуць яны, праблем ніякіх на глебе рознасці культур не ўзнікала. Алена корміць любімага мужа ў тым ліку і беларускімі стравамі: бульбай, дранікамі, сырнікамі. Кажа, што Камран па характары спакойны, добры, не п'е, не курыць, не заводзіць інтрыжкі на баку, працавіты.

Размаўляюць яны на рускай мове, якую жаніх нядрэнна вывучыў і нават палюбіў.

Алена Пуніцкая і Шахзад Мухамад Камран у Магілёўскім ЗАГСе. 16 мая 2025 года

Бацькоў Камрана, на жаль, ужо няма сярод жывых, таму ён не можа нават здагадвацца, як бы яны паставіліся да іх з Аленай вяселля. Але, кажа, мужчынам-мусульманам можна ажаніцца з хрысціянкай або іўдзейкай. Галоўнае, каб яна была верніцай.

У Пакістане ў Камрана засталася велізарная сям'я — больш за 100 чалавек. Дзядуля жаніўся два разы, тлумачыць Камран, а кожная сям'я складаецца з 5-10 чалавек. У сям'і заўсёды шмат дзяцей. Камран хоча пазнаёміць сваю жонку з уласнымі сваякамі.

Каментары8

  • Любавіцкі рэбе
    17.05.2025
    Лепш бы яна палюбіла кары, а ён прыняў юдаізм.
  • Бедроновец
    17.05.2025
    Белорусский и пакистанский - братья навек!
  • даведка
    18.05.2025
    Белая Русь благодаря брюнету Лукашенко через короткий срок будет Чёрная Русь.

Цяпер чытаюць

Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі

Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне ўдарылі беспілотнікам па аўтобусе на Сумшчыне: дзевяць чалавек загінулі1

У Новай Баравой будзе новы модны квартал ФОТЫ

«Прыходзілі людзі з ссабойкамі». Беларусы размялі ўсю ежу з безлімітнага рэстарана ў першы дзень адкрыцця18

На аўкцыёне прадалі карціну Шагала амаль за 3,5 мільёна даляраў

Сталі вядомыя ўсе ўльтыматыўныя патрабаванні Расіі на перамовах у Стамбуле11

Хадзі Матара, які некалькі разоў ударыў нажом пісьменніка Салмана Рушдзі, асудзілі на 25 гадоў

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду24

«Калі вы зможаце пакінуць Швейцарыю?» — «Ніколі». Сталі вядомыя новыя факты пра апошні перыяд жыцця Магдалены Радзівіл5

У Швецыі знайшлі мёртвым дыпламата, якога раней арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі

Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць