Упершыню расійскамоўны аўтар сутыкнуўся з «суровымі буднямі» незалежнай беларускай культуры. Піша Сяргей Мікулевіч.
Раман «Параноя» распавядае аб краіне, падобнай да Беларусі, і таму яго немагчыма купіць у кнігарнях. Забарона — тыповы стан для беларускага незалежнага выдання.
Раман зняў з продажаў і oz.by — найбуйнейшая беларуская інтэрнэт‑кнігарня. Старонка з вокладкай рамана адчыняецца з пазнакай «Продаж гэтага тавару больш не плануецца». Па тэлефоне супрацоўнікі аддзела абслугоўвання oz.by раяць тым, хто хоча заказаць кнігу, «больш не званіць на гэты конт». Да зняцця з продажу кніга знаходзілася на oz.by у спісе бестселераў.
«Параноя» — першы твор мастацкай літаратуры па‑расійску, які трапіў у сучаснай Беларусі пад забарону. Дагэтуль у негалосным спісе знаходзіліся «Случайный президент» Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай, «Расстрельная команда» Алега Алкаева, «Лукашенко: политическая биография» Аляксандра Фядуты. Ніводзін таваразнаўца ў дзяржаўнай кнігарні не возьме на распаўсюд гэтыя выданні.
Але то палітыка. А тут — твор мастацкай літаратуры. Модны раман моднага аўтара, выдадзены расійскім выдавецтвам.
Упершыню расійскамоўны аўтар сутыкнуўся з «суровымі буднямі» незалежнай беларускай культуры.
Беларускія кнігі знаходзяцца пад падазрэннем апрыёры. Выдаўцы на ўласных машынах возяць іх па краіне і распаўсюджваюць на сустрэчах з чытачамі — бо гэтыя выданні не пускаюць у кнігарні. А пісьменніку могуць адмовіць у памяшканні для сустрэчы з чытачамі. А незалежную газету не бяруць на продаж у прыватныя крамы без дазволу аддзела ідэалогіі.
Цэнзура нецэнтралізаваная — самая эфектыўная. Чыноўнікі не маюць канкрэтных спісаў.
Ёсць агульныя ўяўленні пра тое, як мусіць выглядаць і што ўтрымліваць непажаданая кніга. І хутчэй перастараюцца, чым недастараюцца.
Усё, што ўтрымлівае ў сабе элемент палітыкі, рэпартажу з сучаснага жыцця краіны, недзяржаўнай ініцыятывы і нават гісторыі — тут ці там трапляе пад забарону. Ад дзіцячай кніжкі Уладзіміра Арлова «Адкуль наш род» і да філасофскай працы Пётры Рудкоўскага «Паўстанне Беларусі».
Сёння дзяржава можа націснуць нават на інтэрнэт‑краму: як паказаў прыклад oz.by.Інтэрнэт‑краму лёгка «дастаць» праз рэгістрацыйнае і падатковае заканадаўства. І ўсё ж інтэрнэт, на шчасце, неабдымны і некантраляваны. Пошук тэксту «Параноі» ў сеціве заняў роўна чатыры хвіліны.
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Каментары