Культура11

«Грошы ў цябе будуць, а культура можа знікнуць». Як польскія панкі адраджаюць беларускія народныя песні

Чатыры хлопцы з Падляшша заснавалі гурт «Вандроўнік», які выконвае ў тым ліку беларускія песні. Яго ўдзельнікі кажуць, што вандруюць не толькі па мясцовасці, але і па розных мовах ды жанрах. Хлопцы называюць сябе панкамі, бо ідуць супраць мэйнстрыму. Хаця выгляд іх да панкаў не падобны. Пра выбар мовы і стылю ўдзельнікі расказалі выданню Most.

гурт Вандроўнік

Фота са старонкі «Вандроўніка» ў фэйсбуку

Гісторыя «Вандроўніка» пачалася чатыры гады таму ў адным з падвалаў у польскім Бельску. Добра знаёмыя паміж сабой хлопцы вырашылі стварыць гурт. Яцак спявае і грае на акардэоне, Марыюш — барабаншчык, Даміян — электрагітарыст, Лукаш — басіст. Для ўсіх гэта не першы праект, бо музыкай яны займаліся з дзяцінства.

«Спяваць па-беларуску — гэта натуральны стан»

Удзельнікі гурта нарадзіліся ў Польшчы, але называюць сябе тутэйшымі, размаўляюць і спяваюць па-беларуску, гэтую мову вывучалі ў школе. Хлопцы адзначаюць: пытання, ці спяваць на беларускай мове, перад імі не стаяла.

— Для нас на Падляшшы — гэта, можна сказаць, натуральны стан, — тлумачыць Марыюш.

— Мы належым да пакалення, якое чула тутэйшую гаворку і беларускую мову ад сваіх бацькоў і дзядоў. Але мяркую, паступова гэта знікае — моладзь з’язджае ў вялікія гарады і забывае вёску, бацькаўшчыну, — дадае Яцак.

Выключна беларускамоўнымі песнямі рэпертуар не абмяжоўваецца. Гурт ствараўся з мэтай вандраваць па Падляшшы, а таксама «ягонай гісторыі, музычных жанрах і мовах».

— У нас ёсць песні і на польскай мове. Лічу, што калі ў галаву прыйшла ідэя менавіта польскамоўнай песні, абмяжоўваць сябе не трэба, — тлумачыць Яцак.

Фота са старонкі «Вандроўніка» ў фэйсбуку

«Хочацца, каб нешта з народнай музыкі засталося»

Сабраўшыся ўпершыню, музыкі правялі дзве рэпетыцыі і амаль адразу паехалі на конкурс.

— Сказалі «будзь, што будзе» і паехалі на першае выступленне, — распавядае Яцак. — Магчыма, гэта панкаўскі падыход, які застаўся з намі і па сёння. Але калі сустракаемся на рэпетыцыях, заўсёды праводзім «мазгавы штурм». Мяркую, гэта цікавы падыход.

Так падбіраюць і рэпертуар. Напрыклад, песня на верш Максіма Багдановіча «Маладосць» з’явілася знянацку: Яцак прачнуўся з думкай, што трэба падрыхтаваць нейкую песню да выступлення.

— Узяў з паліцы зборнік беларускіх вершаў, які застаўся ў мяне са школьных часоў, і напачатку кнігі знайшоў верш Багдановіча. Падабраў акорды на гітары, скінуў хлопцам — ну мы і паспрабавалі яе зайграць.

Некаторыя песні хлопцы абіраюць, каб яны не толькі захаваліся, але і прагучалі наноў. У рэпертуары «Вандроўніка» ёсць «Айчына-мама» гурта «Кордон», «Агонія» гурта Veritas і народная песня «Ручаёчак».

Сучасную аранжыроўку музыкі ствараюць уласнымі сіламі, а часам дапамагаюць сябры, якія таксама прыходзяць на рэпетыцыі.

— Майму сэрцу і душы беларускія песні блізкія — гэта наша культура, традыцыя, якую важна захоўваць, — мяркуе Марыюш.

— Мы як маладое пакаленне хочам паказаць, што гэтыя песні можна выконваць па-рознаму. Хочацца, каб нешта з народнай музыкі засталося, — дадае Яцак.

Гурт «Вандроўнік» выступае ў Беластоку. Фота: Most

«Якія ж вы панкі, дзе вашыя іракезы?»

У большай ступені «Вандроўніка» ведаюць тыя, хто нарадзіўся на Падляшшы. Новая эмігранцкая хваля беларусаў з гуртом не знаёмая.

— Толькі некалькі месяцаў таму мы пачалі адчуваць, што на Падляшшы з’яўляецца больш беларусаў, якія зацікаўленыя мовай і мясцовымі гуртамі, — расказвае Марыюш.

Але «Вандроўнік» ужо паспеў зайграць для «немясцовых» беларусаў — акустычны канцэрт адбыўся ў беластоцкім пабе Beer4U.

Некаторыя са слухачоў параўноўвалі музыкаў з «Королём и Шутом», іншыя — з «Сектором Газа». Але хлопцаў гэта не крыўдзіць:

— Нам прыемна, бо ведаем: калі нас з кімсьці параўноўваюць, значыць, мы падабаемся слухачам. Пры гэтым граць, як хтосьці, не хочам: ёсць «інспірацыі» — гурты, якія нас натхняюць, — але перш за ўсё мы хочам граць уласную музыку, — кажа Яцак.

Стылістычна гурт адносіць сябе да панк-музыкі, хаця дакладны напрамак, у якім будзе рухацца гурт, пакуль не вызначаны. Шмат каго такая ідэнтыфікацыя здзіўляе.

— У нас пытаюцца: якія ж вы панкі, дзе вашыя іракезы? — смяецца Яцак. — Але для мяне паняцце панку — не ў знешнім выглядзе. Важней адрознівацца ад масы і ісці супраць мэйнстрыму. Так мы і робім, нават калі гэта не ўсім падабаецца.

Фота са старонкі «Вандроўніка» ў фэйсбуку

«Хацелася б паказаць беларускія народныя песні на вялікіх сцэнах Польшчы»

Пакуль музыка не прыносіць калектыву шмат грошай. А сродкі, заробленыя на канцэртах, разыходзяцца на бензін — гурт сапраўды вандруе шмат: аднойчы давялося даць ажно тры канцэрты за дзень. Гурт гэта не бянтэжыць:

— Грошы можна зарабіць, і яны ў цябе будуць, а культура можа знікнуць, — кажа Яцак.

Планаў на будучыню ў «Вандроўніка» шмат. У гэтым годзе хлопцы плануюць запісаць альбом, які стане зборнікам музычных казак, у наступным — выпусціць акустычны альбом.

— А так хацелася б паказаць беларускія народныя песні на вялікіх сцэнах Польшчы, — адзначае Яцак.

Хлопцы дадаюць, што плануюць зрабіць уласны мерч — надрукаваць цішоткі, але пакуль не могуць знайсці спонсараў, таму былі б удзячныя любой падтрымцы.

Паслухаць песні «Вандроўніка» можна на іх YouTube-канале, а зусім хутка ў гурта з’явіцца старонка ў Spotify.

Каментары1

  • Ugh
    01.03.2024
    Вельмі цікава паслухаць. Гучныя і пявучыя песні. Дзякуй Вандроўнік! Дзякуй вялікі.

Цяпер чытаюць

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў4

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Усе навіны →
Усе навіны

Стармер паведаміў пра пераход Вялікабрытаніі ў стан «баявой гатоўнасці»4

На перамовах у Стамбуле Расія захавала ранейшыя патрабаванні2

Перастала выходзіць на сувязь полацкая журналістка і каталіцкая актывістка Ціна Палынская

У Расіі Вікіпедыю абвінавацілі ў «прапагандзе педафіліі»2

У Асіповіцкім раёне прызналі «дармаедамі» людзей з псіхічнымі захворваннямі1

Фэйсбук-старонку Лявона Вольскага прызналі «экстрэмісцкай»2

$5000 за метр. У Мінску з'явіўся прэміяльны дом, які па цане пераплюне нават Depo5

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?8

Расія прапанавала прыпыніць агонь на асобных участках фронту на 2—3 дні8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў4

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць