Улада44

Пісьменнік, які не меў супернікаў

Геній-мізантроп, зачараваны самотнік, аўтар геніяльнага рамана «Лавец у жыце» — такім застанецца ў памяці Джэром Дэвід Сэлінджэр. Піша Павал Касцюкевіч.

Геній-мізантроп, зачараваны самотнік, аўтар геніяльнага рамана «Лавец у жыце» — такім застанецца ў памяці Джэром Дэвід Сэлінджэр. Піша Павал Касцюкевіч.

З усёй пазнейшай сваёй спадчыны Сэлінджэр дазволіў публікаваць толькі адно апавяданне, «Акіян, поўны шароў боўлінга». І то — праз пяцьдзесят гадоў пасля смерці. Хоць, калі верыць дачцэ пісьменніка, у бацькавым сейфе ляжаць рукапісы двух новых раманаў. Як галоўны герой «Лаўца ў жыце» Голдэн Колфілд, яго стваральнік любіў пускаць едкі цыгарэтны дым у твар грамадству.

У Злучаных Штатах, што засталіся наўзбоч еўрапейскіх катаклізмаў ХХ стагоддзя, бунт кожнага новага пакалення меў свайго ідэолага-пісьменніка. «Гронкі гневу» — «Лавец у жыце» — «Зязюльчына гняздо» —«Байцоўскі клуб». Стэйнбек—Сэлінджэр—Кізі—Паланік.

Ужо ў першых няспелых апавяданнях Сэлінджэра ёсць тое, за што яго любілі: дакладна-пякучае апісанне свету падлеткаў. Сэлінджэр верыў у маральнае вяршэнства маладых над няшчырай сталасцю. І, вядома, дыялогі: бліскучыя вострыя і пра самае галоўнае.

У 1941 годзе Сэлінджэр прадаў часопісу «Нью-Ёркер» першае апавяданне, якое стане пасля сэрцам раману «Лавец у жыце». Але часопіс не спяшаўся яго друкаваць: аўтар паказваў простую сувязь між духоўных развіццём падлетка і прагульваннем школы... У іншай палове зямной кулі варочалася Другая сусветная. Сэлінджэр ідзе ў войска, удзельнічае ў высадцы амерыканскага дэсанта ў Нармандыі. Страляць давялося нямнога. Ён працуе з ваеннапалоннымі, вязнямі канцлагераў, дапытвае нацыстаў. Вайна выпетрыла яго душу, «змардаванасць боем» прывяла ў вайсковы шпіталь са зрывам псіхікі.

Так і Сімур Глас, герой апублікаванага ў 1948 годзе апавядання «Добра ловіцца рыбка-бананка» не можа забыць жахі ваеннага мінулага і ўрэшце забівае сябе. Гэты твор прынёс Сэлінджэру першую вядомасць.

А ў 1951-м, пабачыў свет «Лавец у жыце».

Раман спадабаўся падлеткам і крытыцы. Затое яго ненавідзелі настаўнікі і істэблішмент.

Большасць беларусаў прачыталі яго ў расійскім перакладзе «Над пропастью во ржі».

Хоць сёння едкія словы 17-гадовага Голдэна Колфілда пра фальшывасць свету дарослых уражваюць чытача ўжо не так, як у 1951-м.

Раман здабыў сусветную славу, а яго аўтар адмовіўся ад публічнасці. Ад 1965 г. ён перастаў друкавацца і наклаў забарону на перавыданне ранейшых твораў.

Сэлінджэр жыў у гарадку Корніш, адгарадзіўшыся ад свету сцяной. Ён займаўся медытацыяй і пісаў лісты на мяжы прыстойнасці маладым прыхільніцам свайго таленту.

Яго імя зноў прагрымела, калі ў 1981 годзе забойца Джона Ленана, Марк Чэпмэн, назваў «Лаўца ў жыце» сваёй крыніцай натхнення. І, чакаючы паліцыю, дэманстратыўна яго чытаў.

Імідж Сэлінджэра — самотніка, ахутанага таямніцай — разышоўся па швах пры канцы 80-х. Журналіст Іен Гамільтан надрукаваў яго біяграфію, поўную «смажаных» фактаў. Пісьменнік праз суд спрабаваў дабіцца забароны на друк. Пасля пабачылі свет успаміны маладой каханкі Сэлінджэра. Потым — мемуары яго дачкі Маргарэт... З усіх гэтых кніг паўстае вобраз скандальнай, канфліктнай перш за ўсё з сабою, натуры, чалавека, адчужанага нават ад родных.

Але любоў трох пакаленняў чытачоў суправаджае яго творы. Найвялікшай трагедыяй Сэлінджэра падаецца тое, што пасля «Лаўца» ў яго не засталося вяршыняў, на якія ўзыходзіць. Бо ўсе пераканаўчыя словы для маладых ускудлачаных бунтаўнікоў ён уклаў у тую кнігу.

* * *

Пісьменнік Джэром Дэвід Сэлінджэр (нар. 1.01.1919) памёр у ЗША на 91-м годзе жыцця.

Ягонаму пяру належыць раман «Лавец у жыце»(The Catcher in the Rye, расейскі варыянт — «Над пропастью во ржи»). Сваё першае апавяданне «Маладыя людзі» ён апублікаваў у 1940 г. А першую сур’ёзную вядомасць прынесла апавяданне «Добра ловіцца рыбка-бананка» (A Perfect Day for Bananafish, 1948).

Каментары4

Цяпер чытаюць

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай5

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь22

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі36

Іран запусціў новую серыю ракет па Ізраілі, адна ўдарыла па бальніцы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць