Грамадства

Шматдзетнаму бацьку з Беларусі не падоўжылі дазвол на жыхарства ў Літве — ён працаваў у МНС 12 гадоў таму

Віктар Евілін — актывіст з Мар’інай Горкі, актыўны ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 года. У яго чацвёра дзяцей, жонка мае літоўскія карані, піша Радыё Свабода.

У канцы чэрвеня актывіст з Мар’інай Горкі Віктар Евілін (такое напісаньне прозьвішча ў дакумэнтах у героя публікацыі. — Рэд.) даведаўся ад Дэпартамэнту міграцыі Літвы, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Яму не падоўжылі дазволу на жыхарства, хаця раней праблем з гэтым не было. У Літве Віктар знаходзіцца з 2020 году.

«У мяне быў дазвол на жыхарства з мэтай злучэньня сям’і. У сакавіку я падаўся на падаўжэньне (дагэтуль мне яго працягвалі два разы). Гэтым разам выклікалі ў міграцыйную службу на відэаінтэрвію, пагаварылі пра жыцьцё ад школы да цяперашняга моманту. Пыталіся, як я стаўлюся да вайны ды іншае. Прасілі пацьверджаньне, што я быў назіральнікам на выбарах у 2015 годзе», — расказвае Віктар Евілін.

Таксама, па словах актывіста, міграцыйная служба запрасіла сканы працоўнай кніжкі. А 26 чэрвеня прыйшла адмова ў часовым дазволе на жыхарства, бо беларуса прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы» (тэкст паведамленьня ёсьць у рэдакцыі. — РС).

«Я працаваў у МНС, а яно нібыта падкантрольнае спэцслужбам. Праз два дні яшчэ прыслалі паведамленьне, што мне на 2 гады забаронены ўезд у Літву. Цяпер рыхтуюся да таго, каб аспрэчыць такое рашэньне», — кажа Віктар.

У жонкі Віктара бацька зь Літвы, таму яна мае пастаянны дазвол на жыхарства. А дазвол на жыхарства ў Віктара быў атрыманы для ўзьяднаньня сям’і. У пары чацьвёра дзяцей: два дарослыя сыны і дзьве дачкі — адна абітурыентка, другая школьніца. Усе яны жывуць у Вільні.

Паўгода за кратамі пасьля працы ў МНС

У 2012 годзе Віктар сапраўды працаваў у МНС, займаўся ацэньваньнем пажараў, статыстыкай. Тады ж трапіў за краты на паўгода. Як мяркуе суразмоўца, гэта была «пастаноўка» з боку сілавікоў.

«Я бачыў, як на тэрыторыі брыгады спэцназу трэнавалася сілавікі ў нас у Мар’інай Горцы перад выбарамі 2010 году. Ведаў, што да выбуху ў мэтро ў красавіку 2011 году пажарныя разьлікі былі ў дварах за 20 хвілін. Мне здавалася, гэта было сплянавана, і я актыўна дзяліўся гэтымі думкамі. Мяркую, тады і трапіў пад пільную ўвагу і быў «на алоўку»», — дзеліцца думкамі Віктар.

Віктар Евілін з жонкай Алесяй на пікеце ў Мар'інай Горцы. Архіўнае фота

У 2012 годзе Віктара Евіліна затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу праз падазрэньне ў даваньні хабару. Суразмоўца называе гэта правакацыяй.

«Там сьпярша было тры крымінальныя справы, дзьве зь іх разваліліся. Да суду засталася адна. Справа нібыта за хабар. Быў пажар, быў хлопец, які ў гэтым вінаваты. Спаліў чужую хату. Я мусіў распачаць крымінальную справу, але яе ніколі ратавальнікі не пачыналі. Мне трэба было, каб гэты хлопец замірыўся з гаспадыняй дому. У нейкі дзень ён мне пачаў прапаноўваць, каб я перадаў ёй грошы, бо ён саромеецца. Я адмаўляўся, ён званіў кожны дзень. У адзін з дзён ён прыехаў з грашыма: 300 даляраў, мы былі ў маёй машыне. І тут жа прыехалі сілавікі і затрымалі мяне», — прыгадвае Віктар.

У выніку суд прысудзіў яму 5 гадоў «хатняй хіміі». Віктар падкрэсьлівае, што за ўвесь час працы ў МНС ня меў кантактаў з КДБ.

Пасьля МНС Віктар працаваў у розных прыватных кампаніях, на кіраўнічых ды іншых пасадах. Пасьля 2014 году сям’я задумалася пра пераезд. Аднак тады хутка прадаць дом не атрымалася, сарвалася і магчымасьць выехаць.

«Арганізоўвалі пікеты, зьбіралі грошы палітвязьням»

Пры гэтым Віктар быў актыўны ў розных палітычных суполках.

«Я бываў на варце ў Курапатах, калі там адкрылі рэстаран «Поедем поедим», быў на сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР у Менску. А ў 2020 годзе мы актыўна ўліліся ў хвалю, падтрымлівалі Ціханоўскую. Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску зь мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў зь Менску. Пасьля ўжо зьбіралі грошы на дапамогу палітвязьням», — пералічвае Віктар.

Дом Віктара і Алесі Евіліных у Мар'інай Горцы

Таксама, па словах суразмоўцы, ён распаўсюджваў улёткі, адміністраваў разам з жонкай рэгіянальны тэлеграм-канал.

«Я рабіў гэта ўсё акуратна, праца вялася акуратна, таму затрыманьня ўдалося пазьбегнуць. У сьнежні мы атрымалі літоўскія гуманітарныя візы празь небясьпеку знаходжаньня ў Беларусі. І выехалі. Жонка і дзеці атрымалі пастаянны дазвол на жыхарства, а я атрымаў часовы», — кажа Віктар.

У Беларусь суразмоўца паехаць ня можа, бо могуць арыштаваць. Зьбіраецца аспрэчваць рашэньне, бо «іншых варыянтаў няма».

«У Беларусь 100% немагчыма. Буду праходзіць усе інстанцыі абскарджаньня. Ад такой сытуацыі выйграе толькі Лукашэнка. У Беларусі мяне могуць толькі пасадзіць, ды і дом мы прадалі», — разгублена гаворыць суразмоўца.

У Літве Віктар да адмовы ў працягу дазволу на жыхарства працаваў электрамантажнікам. Афіцыйна працу ў Літве меў з 2021 году.

Свабода зьвярнулася ў міграцыйную службу Літвы наконт гэтага выпадку, там адказалі, што не камэнтуюць інфармацыю адносна юрыдычнага статусу і асабістых зьвестак грамадзян.

Каментары

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

У СІЗА ў Гомелі быў здзейснены суіцыд

Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»5

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?39

Віцебскі праўладны блогер прапануе выдаваць інтэрнэт па даведках3

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца69

У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі7

Падчас начной атакі ўкраінскіх дронаў у порце Выбарга быў пашкоджаны найноўшы расійскі ледакол1

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць