Кіно66

Як выбраць фільм ці серыял на вечар? Сачыце за гэтымі рэсурсамі

Бывае складана разабрацца, якое кіно вартае прагляду. Расказваем пра некалькі платформаў, якія дапамогуць даць рады гэтай задачы.

Фота: pexels.com

Адразу агаворымся, што ў гэтай падборцы будуць англамоўныя рэсурсы, бо аналагічных рэсурсаў на беларускай мове не існуе. Ёсць, канечне, рускамоўныя рэсурсы, той жа анлайн-кінатэатр «Кінапошук». Але не кожнаму можа быць цікава прагрызацца праз расійскае кіно.

Пачнем з рэсурсу IMDb, што ўзнік у 1990 годзе. Аднаго гэтага партала хопіць, каб наталіць вашу смагу да добрага кіно. На IMDb існуе агромністая база фільмаў, тэлешоу і серыялаў — мільёны праектаў з трэйлерамі, кароткім апісаннем сюжэту, расказам пра акцёраў, вядоўцаў, прадзюсараў, рэжысёраў і іншых, хто прыкладае руку да стварэння кіно і праграм.

Не ведаеце, з чаго пачаць? На IMDb ёсць топы самых папулярных фільмаў на сёння — і па версіі карыстальнікаў рэсурсу, і па выручцы, ёсць і топы тэлешоу. Можна прысвяціць час спісу з 250 найлепшых фільмаў за гісторыю кіно паводле карыстальнікаў IMDb: цяпер там у першай тройцы «Уцёкі з Шаўшэнка», «Хросны бацька» і «Цёмны рыцар». А можна паглядзець, што цяпер папулярна сярод новых стужак — у тройцы «Насферату», «Зноў у справе» і «Бруталіст».

Калі хочацца больш прафесійнага падыходу, можна зайсці на спецыяльныя старонкі, прысвечаныя кінаўзнагародам — ад знакамітых «Оскара» і «Залатога Глобуса» да малавядомых, але аўтарытэтных накшталт узнагароды амерыканскага кінафестываля Sundance. IMDb прапануе навіны з гэтых падзей і, канечне, публікуе пераможцаў, а таксама часам робіць свае падборкі конкурсных фільмаў, на якія варта звярнуць увагу.

Гэтыя падборкі — разыначка IMDb. Напрыклад, цяпер там можна пачытаць пра самыя чаканыя фільмы, серыялы і тэлешоу 2025 года па версіі гледачоў, а таксама азнаёміцца з падборкай найлепшых свежых кіно і серыялаў па версіі супрацоўнікаў выдання.

Каб атрымаць поўны функцыянал IMDb, варта завесці на сайце ўласны акаўнт. У такім выпадку вы зможаце адзначаць на партале прагледжаныя фільмы і складаць спіс тых, якія хацелася б вам пабачыць, а таксама атрымліваць персаналізаваныя рэкамендацыі праектаў, на якія варта звярнуць увагу. Пры жаданні можна будзе пісаць водгукі на праекты і не толькі.

Калі хочацца больш нефармальны падыход да кіно, паспрабуйце рэсурс Rotten Tomatoes. Назва сайта перакладаецца як «гнілыя памідоры», і няцяжка здагадацца, што стваральнікаў рэсурсу натхніла традыцыя закідваць дрэнных артыстаў гнілымі памідорамі.

Фішка Rotten Tomatoes — гэта складаная сістэма рэйтынгаў, якой не адразу дасі рады, але затое з яе дапамогай можна ацаніць праект больш аб'ектыўна. Пакажам, як гэта працуе, на прыкладзе фільма «Канклаў» (Conclave):

Звярніце ўвагу на два рэйтынгі ў працэнтах, што пад цэнтральнай выявай. Першы з іх — таматаметр, ён заснаваны на меркаваннях соцень кінакрытыкаў. Калі ў фільма менш за 60% станоўчых водгукаў, ён лічыцца «гнілым» і атрымлівае адмысловы зялёны значок. Як гэта выглядае, можна пабачыць на прыкладзе стужкі Back in Action у правым ніжнім куце скрына. А калі фільм атрымлівае не менш за 60% станоўчых водгукаў, яго лічаць «свежым» і прысвойваюць яму значок памідора. 75% і больш на таматаметры — прычына ўзнагародзіць стужку статусам Certified Fresh, ці «Сертыфікаваны свежы», як гэта і здарылася з «Канклавам».

Другі рэйтынг — папкорнметр, ён заснаваны на водгуках звычайных тэлегледачоў. Перакуленае зялёнае вядро папкорна — знак, што менш за 60% гледачоў ацанілі стужку або тэлешоу на 3,5 бала ці вышэй. Калі такіх гледачоў не менш за 60%, рэйтынг будзе пазначаны чырвоным вядром з папкорнам.

Акрамя гэтага, на Rotten Tomatoes можна пачытаць водгукі крытыкаў і простых гледачоў на праекты — выданне нават фармулюе агульныя высновы па водгуках і першай, і другой катэгорыі кінааматараў. І, канечне, тут ёсць трэйлеры і навіны пра фільмы і тэлешоу, а таксама інфармацыя пра тых, хто стаіць за праектамі.

Асобна адзначым, што на Rotten Tomatoes ёсць свая кінаўзнагарода пад назвай Rotten Tomatoes Awards. Вось некаторыя з сёлетніх лаўрэатаў — найлепшай стужкай тут лічаць прыбытковую «Дзюна: Частка другая»:

Яшчэ адна крэатыўная падборка на сайце — 100 фільмаў з найгоршым рэйтынгам на Rotten Tomatoes. Часам у кіно спрацоўвае прынцып «так дрэнна, што нават добра», і магчыма, што ў гэтай падборцы вы знойдзеце нешта для сябе. 

Цяпер «лідар» рэйтынгу — трылер «Балістыка: Экс супраць Сівер» (2002) з Антоніа Бандэрасам. На другім месцы хорар «Адзін прапушчаны званок» (2008), на трэцім — хрысціянскі апакаліптычны трылер «Пакінутыя» (2014) з Нікаласам Кейджам.

Нарэшце, зазірніце на Metacritic. Гэта не такі буйны рэсурс, як тыя, што мы згадалі вышэй: звярніце ўвагу, калі на «Канклаў» было амаль 300 водгукаў кінакрытыкаў на Rotten Tomatoes, на Metacritic лічаць водгукі ў дзясятках.

Але Metacritic цікавы тым, што тут ёсць дадатковыя катэгорыі кантэнту: акрамя фільмаў і тэлешоу, вам раскажуць пра музыку і камп'ютарныя гульні. Ёсць падборкі найлепшых альбомаў, гульняў, фільмаў і тэлешоу года — карацей, вам амаль не пакідаюць шансаў пайсці без забавы на вечар.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • А
    15.03.2025
    Магу параіць, ёсць таксама "Kinorium”.
  • да адказу!
    15.03.2025
    Чаму на беларускай мове падобнага не існуе?
  • дональд
    15.03.2025
    кинориум

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус вядзе канал пра будаўніцтва і рамонт. У яго ўжо больш за мільён падпісчыкаў4

У Мінску на пешаходным пераходзе збілі жанчыну і 12‑гадовую дачку 8

Затрымалі 19‑гадовага пінчука за «рэабілітацыю нацызму»12

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?8

У Венесуэле вызвалены яшчэ каля 80 палітычных зняволеных. Гэтага патрабавалі ЗША1

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах7

Цана на золата ўпершыню перавысіла адзнаку $5 тысяч, працягваючы гістарычны рост

«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія32

Сабакі таксама пакутуюць на дэменцыю. Як запаволіць працэс?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць