Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1111

У Мінск шлюць запрашэнні з падвойным дном?

Эксперты выпалі ў асадак. Беларускі афіцыйны лідэр узяў ды і адмовіўся ад запрашэння спадарыні Грыбаўскайце. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Эксперты выпалі ў асадак. Беларускі афіцыйны лідэр узяў ды і адмовіўся ад запрашэння спадарыні Грыбаўскайце. На ўрачыстасцях у гонар 20‑годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы Беларусь прадставіць віцэ‑прэм’ер Віктар Бура.

Між тым аналітыкі былі ўпэўнены: Лукашэнка не ўпусціць выпадку выгадна пазіцыянаваць сябе на фоне Крамля. Бо Дзмітрый Мядзведзеў ад запрашэння адмовіўся яшчэ ў лютым. Цудоўны шанец для беларускага кіраўніка паказаць сваю незалежнасць і нават пэўную праеўрапейскасць, нічым па вялікім рахунку не ахвяруючы!

Бо менавіта так было ў пытанні прызнання/непрызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Замурыжыўшы яго, Мінск выгадна прадаў Еўропе ўсяго толькі дэманстрацыю сваёй геапалітычнай лаяльнасці. І Брусель паставіў залік, прыглушыў патрабаванні адносна дэмакратызацыі да правоў чалавека.

Няўжо зараз, насупраць, Лукашэнка вырашыў прадэманстраваць лаяльнасць Маскве?

Наўрад ці, мяркуюць эксперты‑міжнароднікі. «Гэты матыў калі і праглядаецца, то толькі фонам, — гаворыць Андрэй Фёдараў. — Усё адно зараз ад Расіі чакаць падарункаў не выпадае. Галоўную ролю сыграла, відаць, тое, што Літва да апошняга цягнула з запрашэннем. Лукашэнка паказвае, што яму такі падыход недаспадобы».

Нагадаю: Грыбаўскайце ў лютым заявіла, што зможа запрасіць Лукашэнку толькі ў тым выпадку, калі будзе пералом у «справе Усхопчыка». Літве адстаўнога генерала, канечне, не выдалі, але ў Мінску дапыталі і пратакол у Вільню адаслалі. Так што жэст быў зроблены, і запрашэнне на ўрачыстасць у канцылярыі Грыбаўскайце ўсё ж выпісалі.

Але тут ужо беларускі афіцыйны лідэр вырашыў, як бачым, трымаць марку. Паводле Фёдарава, тым самым Мінск лішні раз падкрэслівае сваю пазіцыю у дачыненнях з Еўропай: ніякіх умоў, ніякай дыскрымінацыі!

Такі падыход ужо спарадзіў калізію вакол Еўранеста. Беларускія ўлады наўпрост адмаўляюцца дзяліць месцы ў гэтай структуры «Усходняга партнёрства» з апазіцыянерамі і прадстаўнікамі трэцяга сектара.

Дарэчы, на свята ў Вільню таксама запрошаны фігуры з ліку заклятых палітычных праціўнікаў. Напрыклад, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Зрэшты, наконт адмовы Лукашэнкі ўдзельнічаць у літоўскіх урачыстасцях 11 сакавіка аглядальнік‑міжнароднік Раман Якаўлеўскі мяркуе: рэч не толькі ў тым, што афіцыйны лідэр вырашыў паказаць гонар.

«Цалкам верагодна,

што госцю асабліва не было б чаго сказаць спадарыні Грыбаўскайце, — разважае аналітык.
— Успомнім, як зацягнулася іх размова ў верасні летась. Магчыма, з беларускага боку прагучалі шчодрыя абяцанні, якія, скажам так, не зусім рэалізаваліся».

Якаўлеўскі нагадвае: тады Лукашэнка быў запрошаны на эканамічны форум. І лагічна думаць, што тэт‑а‑тэт Грыбаўскайце магла весці гаворку пра перспектывы літоўскага бізнесу ў Беларусі. Зрэшты, з улікам таго, што яна працавала еўракамісарам, «інтарэсы Вільні і Бруселя маглі быць спрытна ўпакаваныя разам», падкрэслівае Якаўлеўскі.

Ну і, нарэшце, яшчэ адзін адчувальны момант. Згадаем: мінулай вясной перад устаноўчым самітам «Усходняга партнёрства» ў Празе таксама было падвешана пытанне аб запрашэнні Лукашэнкі. Аўтар гэтых радкоў тады пачуў ад аднаго еўрапейскага функцыянера на ўмовах ананімнасці: запрашэнне мы дашлём, але дамо зразумець, што першай асобе лепш не ехаць. Так і атрымалася: у Прагу быў адасланы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Гэта спецыфіка беларуска‑еўрапейскага дыялогу: Брусель нібыта і размарозіў дачыненні, але вось братацца з аўтарытарным лідэрам Беларусі палітыкі ЕС не спяшаюцца, каб апаненты не заклеймавалі за здачу прынцыпаў.

У гэтым жа канкрэтным выпадку — хто ведае, напрыклад,

наколькі гарыць жаданнем сустракацца з Лукашэнкам той самы Лех Качыньскі?

Бо абяцаная сумесная камісія ў пытанні Саюза палякаў так і не сабралася. Ды і ўвогуле, з гледзішча Варшавы — Мінск надта ж спецыфічна аддзячыў яе за пратэкцыю што да «Усходняга партнёрства».

Але беларускае кіраўніцтва не лічыць, што камусьці чымсьці абавязанае. З яго пункту гледжання — наадварот,

гэта Захад нарэшце стаў відушчым і адкінуў неканструктыўныя падыходы.

Паколькі цяпер заяў Лукашэнкі ў Вільні не пачуюць, можна меркаваць, што застаюцца актуальнымі леташнія. Тады ў літоўскай сталіцы прагучала, што «мы ні перад кім прагінацца не будзем», «мы не прымаем ніякага ўціску», «мы — суверэнная, незалежная краіна, і ў нас няма такіх абавязкаў, як у вас [Літвы], перад Еўропай».

У прынцыпе ўсё гэта ўкладваецца ў знакамітую канцэпцыю «прагматычнага дыялогу». Беларускае кіраўніцтва гатовае размаўляць з Еўропай пра тыя рэчы, якія маюць пах грошай. А дэмакратычныя фіглі‑міглі няхай пакінуць сабе.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў7

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў

Усе навіны →
Усе навіны

Віктара Лукашэнку ў Амане назвалі «спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта»13

Зяленскі заявіў, што УСУ амаль цалкам зачысцілі Купянск ад расіян11

Памёр Генадзь Пашкоў2

Збор для Вані Сцяцэнкі закрылі грашыма з арыштаваных сродкаў гродзенскіх блогераў7

Цэны на жывыя навагоднія ёлкі сёлета будуць меншыя, чым летась

Круты расказаў, калі ў неба ўзляціць першы беларускі самалёт11

У Гродне ўпаў дрон, які раскідаў бел-чырвона-белыя сцяжкі. У гэтым абвінавачваюць Літву31

Папулярнага гомельскага блогера не забралі ў армію, ён проста піярыў сілавікоў8

У Літве абвясцілі, хто падзеліць мільён еўра за ідэі па збіванні паветраных шароў з Беларусі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў7

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць