«Ватнікі не здаюцца». Братоў Канановічаў, якіх падтрымлівае беларуская прапаганда, ужо тры гады судзяць ва Украіне
У сакавіку 2022 года СБУ выставіла прарасійскім актывістам Міхаілу і Аляксандру Канановічам абвінавачванні, а ў верасні 2024 года па іх справе ўжо другі раз змяніўся суддзя. Украінскае выданне «Граты» распавядае, як трэці год цягнецца суд супраць актывістаў, якіх палюбіла беларуская прапаганда.

Браты Міхаіл і Аляксандр Канановічы нарадзіліся ў Лунінецкім раёне, але беларускага грамадзянства не маюць. Праз бацьку-вайсковага яны шмат гадоў таму пераехалі ва Украіну і да 2020 года ў беларускім грамадстве не былі заўважаны. Зараз ім па 44 гады.
У Кіеве Канановічы сталі лідарамі «Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі Украіны». Да лютага 2022 года яны заклікалі ўкраінцаў змагацца з «фашысцкім рэжымам, які ўсталяваўся ва Украіне пасля 2014 года» і выступалі за збліжэнне краіны з Расіяй і Беларуссю.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі 2020 года Канановічы пачалі ладзіць пікеты з чырвона-зялёнымі сцягамі каля амбасады ў Кіеве.
Рабілася гэта пад шыльдай быццам бы беларускай арганізацыі «Сябры Валыні». Але гэта арганізацыя вядомая толькі пікетамі каля амбасады — іншай актыўнасці не заўважана, хоць арганізацыя заснаваная ў 2015 годзе.

У сакавіку 2022 года СБУ абвінаваціла Канановічаў у «закліках да гвалтоўнага захопу ўлады» і «змове на здзяйсненне такіх дзеянняў».
Па версіі следства, браты рабілі гэтыя заклікі праз фэйсбук, а ў канцы лютага 2022 года яны збіраліся захапіць будынак Дняпроўскай раённай адміністрацыі ў Кіеве і «дамовіцца аб супрацоўніцтве з расійскімі вайскоўцамі».
Украінскія спецслужбы сцвярджаюць, што затрымалі Канановічаў 5 сакавіка таго ж года і перадалі ў Лук'янаўскае СІЗА. Самі Канановічы кажуць, што арыштавалі іх 2 сакавіка, а перад СІЗА трымалі ў ізалятары на Аскольдавым завулку.
У кастрычніку 2022 года Саламянскі суд Кіева адпусціў Канановічаў пад хатні арышт. Праз паўгода суддзя зноў змякчыў меру стрымання: забараніў братам выходзіць з дому толькі ўначы і абавязаў насіць электронны бранзалет.

Пасля вызвалення браты спынілі ўсякую палітычную дзейнасць і не вядуць сацсеткі. Час ад часу на іх старонках цяпер можна пабачыць толькі відэазвароты да сваіх прыхільнікаў.
У размове з «Гратамі» яны сказалі, што расійскае ўварванне 2022 года стала для іх вялікай нечаканасцю. На пытанне журналістаў, як яны ставяцца да дзеянняў Расіі, браты не далі прамога адказу і спыталі:
«Як нармальныя людзі могуць ставіцца да вайны?».
Яны дадалі, што ў развязванні вайны, на іх думку, вінаватая і Расія, і Украіна, бо захацела ўступіць у НАТА.
Браты кажуць, што выступаюць за Украіну ў межах 1991 году. Але лічаць, што для ўсталявання міру і захавання дзяржаўнасці, трэба пайсці на кампрамісы і тэрытарыяльныя саступкі, каб потым ўз'яднацца са згубленымі тэрыторыямі.
«Як камуністы, якія стварылі межы 1991 года, могуць быць супраць межаў 91 года? Чаму пры камуністах Украіна была ад Харкава да Ужгарада, ад Сум да Сімферопаля, а цяпер не? І як мы можам быць сепаратыстамі, калі мы гэта стварылі?! А вы пра…лі!»— сказаў Міхаіл.
Па справе супраць прарасійскіх актывістаў два разы змяняўся суддзя, апошні — у верасні мінулага года. Ужо ў трэці раз іх справу павінны разглядаць спачатку.
Першы раз суд разглядаў 13 пастоў у фэйсбуку, апублікаваных на старонцы Міхаіла Канановіча. У іх эксперты заўважылі заклікі да «гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады». Нягледзячы на тое, што пасты былі толькі на старонцы Міхаіла, браты, па версіі пракуратуры, «абмяркоўвалі, зацвярджалі і публікавалі» іх разам.
У пастах былі фразы «18 января 1654 год Переяславская Рада! Україна — це Росія», «Ватники не сдаются», «Нет повести печальнее на свете, чем повесть об украинском суверенитете», «Рада приняла закон об исключительности украинского языка! Язык мой — враг мой! 20 миллионов русскоязычных, чужие у своїй країні!» і іншыя.
Паводле другога эпізоду справы, 27 лютага 2022 года Канановічы арганізавалі ля Дняпроўскай адміністрацыі сустрэчу «прыкладна з 30 неўстаноўленымі дасудовым расследаваннем асобамі, якіх планавалі прыцягнуць да захопу» установы.
Канановічы не згодныя з абвінавачваннямі і лічаць, што справа сфабрыкаваная.
«Гэта не заклікі. Заклікі — гэта канкрэтныя дзеянні і канкрэтная дата і час. Заклікі — гэта, калі ты кажаш канкрэтна: заўтра а 12 будзем рабіць першае, другое, трэцяе. А гэта проста абстрактныя жартоўныя пад..кі. І яны іх хочуць нам нацягнуць, як саву на глобус», — кажа Міхаіл.
Адносна захопу Дняпроўскай адміністрацыі браты сцвярджаюць, што гэта выдумка следства. Па іх словах, яны нічога падобнага не планавалі і не праводзілі ніякіх сустрэч каля гэтага будынка.
25 лютага браты Канановічы паведамілі, што іх затрымалі паліцыянты на вуліцы і сказалі, што Луцкі тэрытарыяльны цэнтр камплектацыі абвясціў іх у вышук. Паліцыянты даставілі іх у Шаўчэнкаўскі раённы аддзел, але ўрэшце адпусцілі «для далейшага высвятлення абставін».
Канановічы тут жа запісалі відэа пра тое, што іх затрымалі невыпадкова і «рэжым Зяленскага афіцыйна хоча адправіць іх на вайну і забіць». Яны зноў звярнуліся ў «Сусветную арганізацыю дэмакратычнай моладзі», а таксама «Левых і антыфашыстаў Еўропы і ЗША» і заклікалі да чарговых акцый ля пасольстваў Украіны.
Амаль тры гады камуністы з дзясятка краін праводзяць пікеты ў падтрымку братоў, выказваюць салідарнасць з імі і беларускія прапагандысты.

Каментары