Неацэнныя каштоўнасці скрадзеныя за 7 хвілін. Новыя падрабязнасці абрабавання Луўра
7 хвілін спатрэбілася злачынцам, каб абрабаваць Луўр — Le Parisien дае новыя падрабязнасці надзвычайнай крымінальнай падзеі.

7 хвілін спатрэбілася злачынцам, каб абрабаваць Луўр, паведамляе Le Parisien, спасылаючыся на словы міністра ўнутраных спраў Ларана Нуньеса.
Паводле выдання, рабаўнікі выкарыстоўвалі аўтавышку і выразалі вокны балгаркай. Яны праніклі ў галерэю Апалона праз будынак, дзе праходзілі будаўнічыя работы.
Міністарка культуры Рашыда Даці, каментуючы здарэнне, сказала пра аперацыю, праведзеную «прафесіяналамі» за «чатыры хвіліны». Паводле яе слоў, іх здабыча «абсалютна бясцэнная».
Папярэдне, злачынцы скралі дзевяць прадметаў з калекцыі ювелірных вырабаў Напалеона. Сярод іншага скрадзены каралі, брошка і дыядэма з імператарскай калекцыі. Паводле выдання, «Рэгент», найбуйнейшы і самы каштоўны брыльянт у калекцыі вагой больш за 140 каратаў, не быў скрадзены. «Рэгент» з'яўляецца адным з цэнтральных экспанатаў галерэі Апалона, якая і была абрабаваная.
Зламаная карона імператрыцы Яўгеніі, вырабленая спецыяльна для жонкі Напалеона III, была знойдзена пашкоджанай на вуліцы непадалёк ад музея.
Мэр Цэнтральнага раёна Парыжа Арыэль Вейль заявіў, што быў уражаны злачынствам. «Відавочна, што мы знаходзімся ў «Арсене Люпэне». Да гэтага часу гэта быў сцэнар фільма. Цяжка ўявіць, што так лёгка абрабаваць Луўр», — сказаў ён.
«Нечаканае закрыццё гэтага месца стварае сур'ёзную праблему для грамадскага парадку», — дадаў ён.
Суразмоўцы выдання наракаюць, што МУС Францыі не пачуў папярэджанні супрацоўнікаў Луўра наконт недастатковай бяспекі. 16 чэрвеня музей зачыняўся на некалькі гадзін з-за страйку супрацоўнікаў, якія папярэджвалі пра недахоп персаналу для забеспячэння бяспекі.
Набярэжная каля музея перакрытая для руху і ачэплена праваахоўнымі органамі. Сам музей зачынены для наведвальнікаў. «Музей сёння будзе зачынены па выключных прычынах», — напісана ў акаўнце Луўра.
Злачынцаў шукаюць.
Каментары