Сірыйскія сілы бяспекі абвінавачваюцца ў забойстве сотняў мірных жыхароў. Колькасць ахвяр расце
Сірыйскія сілы бяспекі, як сцвярджаецца, маглі забіць на марскім узбярэжжы Сірыі сотні мірных жыхароў, прыналежных да алавіцкай меншасці. Агульную колькасць ахвяр, якая ўключае ўдзельнікаў узброеных фарміраванняў, наглядальнікі ацэньваюць у тысячу.

Сірыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Вялікабрытаніі, заявіў, што каля 745 мірных жыхароў былі забітыя падчас прыкладна 30 нападаў на алавітаў у пятніцу і суботу, паведамляе Бі-бі-сі. Агенцтва ўдакладняе, што яму не ўдалося правесці незалежную праверку гэтых заяў.
Алавіты, прадстаўнікі рэлігійнага кірунку, які лічыцца адгалінаваннем шыіцкага ісламу, складаюць каля 10% насельніцтва Сірыі. Большасць жыхароў Сірыі — мусульмане-суніты.
У чацвер сама меней 13 супрацоўнікаў сіл бяспекі Сірыі былі забітыя ў сутыкненнях з узброенымі людзьмі, звязанымі са зрынутым рэжымам Башара Асада, паведамляў тэлеканал Syria TV, які звязаны з новымі ўладамі Сірыі.
Сутыкненні пачаліся ў рэгіёне Джабла ў наваколлях Латакіі, у прыбярэжнай зоне, якая лічыцца сэрцам алавіцкай супольнасці, да якой належыць сям'я Асада.
Па сцвярджэнні SOHR, за апошнія два дні было забіта больш за тысячу чалавек, што стала самай масавай і жорсткай праявай гвалту ў Сірыі з таго часу, як паўстанцы зрынулі рэжым Асада ў снежні 2024 года.
У гэты лік уваходзяць дзясяткі байцоў новых урадавых войскаў і ўзброеныя людзі, лаяльныя Асаду, якія з чацвярга ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях у прыбярэжных правінцыях Латакія і Тартус.
Паводле справаздачы SOHR, у выніку хвалі гвалту загінулі каля 125 чальцоў урадавых сіл бяспекі, якія ўзначальваюцца ісламістамі, і 148 проасадаўскіх байцоў.
Напярэдадні паведамлялася аб 340 загінуўшых ад рук сіл бяспекі мірных жыхароў Сірыі.
Міністэрства абароны Сірыі заявіла агенцтву SANA, што ўрад аднавіў кантроль пасля «падступных нападаў» на супрацоўнікаў службы бяспекі.
Гвалт прывёў алавіцкую суполку ў «стан жаху», распавёў Бі-бі-сі адзін з актывістаў. Як паведамляецца, сотні людзей пакінулі пацярпелыя ад успышкі гвалту раёны.
Па дадзеных агенцтва Reuters, натоўпы людзей шукалі прытулку на расійскай вайсковай базе Хмеймім у правінцыі Латакія. Аб гэтым жа пішуць расійскія СМІ. На апублікаваных відэа бачна, як дзясяткі людзей скандуюць «Людзі хочуць расійскай абароны» за перыметрам базы. Акрамя таго, паводле звестак мясцовых СМІ, дзясяткі сем'яў беглі ў суседні Ліван.
Спецыяльны пасланнік ААН па Сірыі Гейр Педэрсан заявіў, што ён «глыбока занепакоены» «вельмі трывожнымі паведамленнямі аб ахвярах сярод цывільнага насельніцтва» ў прыбярэжных раёнах Сірыі. Ён заклікаў усе бакі ўстрымацца ад дзеянняў, якія могуць «дэстабілізаваць» краіну і паставіць пад пагрозу «надзейны і інклюзіўны палітычны пераход».
Часова выконваючы абавязкі прэзідэнта Сірыі Ахмед аш-Шараа заявіў, што апошнія падзеі знаходзяцца ў рамках «чаканых праблем», са спасылкай на арабскія СМІ паведамляе Reuters. Ён заклікаў сірыйцаў да нацыянальнага адзінства ў відэароліку, які ў ліку іншых паказваў тэлеканал Al-Arabiya. Аш-Шара выступаў у мячэці.
Рамі Абдулрахман, кіраўнік SOHR, лічыць, што забойствы ў Джаблі, Баніясе і прылеглых раёнах на населеным пераважна алавітамі ўзбярэжжа Сірыі сталі самым жорсткім усплёскам гвалту за многія гады ў 13-гадовай грамадзянскай вайне ў краіне. Абдулрахман, як піша Reuters, сцвярджае, што сярод ахвяр ёсць жанчыны і дзеці з алавіцкай меншасці.
Новыя ўлады прызналі парушэнні падчас аперацыі супраць тых, каго яны назвалі «рэшткамі апалчэнцаў Асада». Яны абвінавацілі ў гвалце неарганізаваныя групы грамадзянскіх асоб і байцоў, якія нібыта спрабавалі аказаць падтрымку афіцыйным сілам бяспекі ў хаосе баявых дзеянняў.
Крыніца ў міністэрстве абароны Сірыі ў суботу паведаміла дзяржаўным СМІ, што ўсе дарогі, якія вядуць да ўзбярэжжа, былі перакрыты, каб спыніць гвалт і дапамагчы аднавіць спакой, а сілы бяспекі разгорнутыя на вуліцах прыбярэжных гарадоў.
Меркаваны маштаб гвалту, які ўключае паведамленні аб забойстве дзясяткаў мужчын-алавітаў у адной вёсцы, ставіць пад сумненне здольнасць ісламісцкай улады кіраваць Сірыяй інклюзіўным чынам, каментуе Reuters.
Сірыйскі сегмент фэйсбука ў суботу быў запоўнены фатаграфіямі і некралогамі людзей з прыбярэжнай зоны, якіх аплаквалі сем'і і сябры, расказваючы, што гэтыя людзі былі забітыя.
Башар Асад быў скінуты ў снежні мінулага года.
Каментары
Лес хрысціян поўдня Лівана камрадаў Тэль Авіва ....сумны
ўсё Халіфат атрымліваецца.