Мельнікава прасіла, каб яе апошняе запісанае інтэрв'ю выйшла раней за сярэдзіну сакавіка
Пра гэта журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук расказаў у інтэрв'ю Радыё Свабода.

У размове са Змітром Лукашуком 21 лютага Мельнікава абмеркавала актуальныя падзеі беларускай палітыкі і сітуацыю вакол Каардынацыйнай рады.
6 сакавіка адбылося яе апошняе на гэты момант з’яўленне ў медыях з вялікім інтэрв’ю — удзел у аўтарскай праграме Змітра Лукашука «Ідэя Х». Аднак, як расказаў Свабодзе сам Зміцер, праграма была запісаная значна раней, 21 лютага, падчас візіту Мельнікавай у варшаўскую студыю «Еўрарадыё».
«Сапраўды, апошняе з’яўленне Анжалікі Мельнікавай у медыях з вялікім інтэрв’ю было ў мяне, — расказвае ў размове з Свабодай Лукашук. — Але мы запісвалі яго не 6 сакавіка, а 21 лютага.
Яна прыйшла да мяне ў студыю. У нас быў вялікі эфір пра тое, што адбываецца ў Каардынацыйнай радзе, увогуле ў апазіцыі. І адразу ж у той дзень пасля эфіру мы з ёй запісалі «Ідэю Х». І тут нюанс таксама ёсць. Я планаваў, што гэтая перадача выйдзе ў сярэдзіне сакавіка. Так было ў мяне ў плане.
Але Анжаліка вельмі прасіла, каб гэта было 6 сакавіка. У мяне на гэты дзень быў Алег Гарбуз, але я пагадзіўся. Анжаліка вельмі прасіла, каб размова з ёй выйшла раней за сярэдзіну сакавіка».
Зміцер кажа, што лічыць гэтую просьбу простым жаданнем гераіні інтэрв’ю пабачыць сябе ў эфіры раней і не схільны развіваць канспіралагічных тэорый. Паводле яго слоў, ініцыятыва размовы і запісу інтэрв’ю ішла ад самой Мельнікавай.
Зміцер дадае, што, зыходзячы з падзей канца сакавіка, можна ўгледзець у гэтым нешта загадзя спланаванае, аднак ён усё ж мяркуе, што паводзіны Анжалікі Мельнікавай не варта лічыць нечым незвычайным для палітыка, які мае жаданне прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасці і таму сам ідзе на кантакт з журналістамі. З таго, што вядома пра дзейнасць Анжалікі Мельнікавай у лютым і сакавіку, вынікае, што Зміцер Лукашук мог быць адным з апошніх публічных людзей, хто кантактаваў з Мельнікавай непасрэдна перад яе ад’ездам з Польшчы.
«Яна паводзілася абсалютна звычайна, — расказвае Зміцер. — Прыйшла з цудоўным настроем, шыкоўна выглядала, скураныя нагавіцы. Шмат жартавала, прычым вельмі востра. Яна так заўсёды сябе паводзіла, мы з ёй і раней шмат жартавалі паміж сабой. Часам на мяжы фолу. Гэтым разам яна была такой самай, нічым не адрознівалася. Ніякай прыгнечанасці, нічога я не заўважыў. Магчыма, Анжаліка была крыху стомленай толькі. Але я палічыў, што гэта нармальна для чалавека, які столькі працуе», — расказаў журналіст.
***
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
«Мельнікава пазычала грошы актывістам у Варшаве і не прасіла вярнуць»
Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу
Лявончык: Мельнікава вылецела ў Лондан і, не затрымліваючыся, вылецела з Лондана — гэта 100-працэнтна
Мельнікава рыхтавала сваё знікненне і маніпулявала атачэннем. Пакуль няясна, ці дзейнічала яна па камандзе з Мінска
Расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай перавялі на больш высокі ўзровень
Каментары