Меркаванні77

Беларусы Таронта на Дзень Волі зладзілі сусветны скайп-тэлемост

У ім узялі ўдзел старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, старшыня «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская з Мінска, бард Сокалаў-Воюш з Іст-Брансвіка.

У нядзелю 28 сакавіка каля пяцідзесяці чалавек сабраліся ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры Таронта, каб адсьвяткаваць Дзень Волі. Падчас імпрэзы — другі раз за ўсю гісторыю беларускай прысутнасьці ў Канадзе — адбыўся міжкраінавы «скайп-тэлемост».

Сама ідэя такога тэлемосту нарадзілася досыць спантанна. Напачатку гэтага году мы запрасілі паэта і барда Сяржука Сокалава-Воюша, які зараз жыве ў Іст-Брансвіку (ЗША), прыехаць у Таронта на літаратурна-мастацкую вечарыну. Але Сяржук тады прыехаць ня змог, запрапанаваўшы ўзамен выступіць перад таронтаўскімі беларусамі па Скайпе. Такім чынам, першы экспэрымэнтальны скайп-мост адбыўся 13 лютага, калі Сокалаў-Воюш зь вялікім посьпехам чытаў свае вершы і сьпяваў песьні праз Скайп. Вырашана было разьвіць і пашырыць гэты наватарскі досьвед, і ў выніку на сёлетнім сьвяткаваньні Дня Волі скайп-мост злучыў Таронта зь беларускімі асяродкамі ў розных гарадах аж пяці краінаў сьвету!

Спадарыня Марыя Ганько, адна з вэтэранаў Згуртаваньня беларусаў Канады, зазначыла з гэтай нагоды, што раней, у пасьляваенны час, на сьвята 25 Сакавіка беларускія суполкі розных краінаў традыцыйна абменьваліся паштоўкамі, і падчас сьвяткаваньняў гэтыя віншаваньні абавязкова зачытваліся з трыбуны, бо несьлі людзям пачуцьцё еднасьці з суайчыньнікамі.
Сёньня дамагчыся такога пачуцьця еднасьці нашмат лягчэй, бо дзякуючы сучасным сродкам тэлекамунікацыі мы можам ня толькі размаўляць зь людзьмі, якія аддзеленыя ад нас тысячамі кілямэтраў, але і бачыць іх на экране, як быццам мы ўсе знаходзімся ў адным пакоі.

Праз праграму Скайп беларусаў Таронта павіншавалі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, лідэр суполкі беларусаў Ванкувэру Ігар Ламака, беларускі студэнт з Чэхіі Юрась Юрчанка. Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька і лідэр беларусаў Атавы Пётра Мурзёнак пераказалі свае словы вітаньня праз тэлефон (прычым адсутнасьць выявы на экране кампэнсавалася выдатнай якасьцю гуку).

Сяржук Сокалаў-Воюш падрыхтаваў для свайго другога ўжо «скайп-мосту» настолькі яркую, ёмістую і запамінальную прамову, што мы просім рэдакцыю зьмясьціць гэты тэкст на сайце «Нашай Нівы» цалкам. Мы лічым, што словы Сержука заслугоўваюць на тое, каб быць шырока пачутымі, бо яны наўпрост зьвернутыя да кожнага беларуса, у якой бы краіне сьвету той ні жыў. Бо, як заўважыў іншы ўдзельнік нашай міжнароднай скайп-канфэрэнцыі Зьміцер Сідаровіч, напачатку XXI стагодзьдзя не выпадае гаварыць пра асяродкі беларускай эміграцыі як пра адарваныя ад мэтраполіі самотныя выспачкі беларушчыны. Больш слушна будзе казаць сёньня пра шырокую беларускую прысутнасьць у сьвеце, дзе кожная суполка і кожны чалавек павязаны зь іншымі шматлікімі штодзённнымі кантактамі.

Зьяўленьне на экране самога Зьмітра Сідаровіча, паэта і кампазытара, а таксама шасьці ягоных сяброў выклікала ў залі асаблівае ажыўленьне. Цімох Авілін, Вадзім Александровіч, Галіна Андрэйчанка, Ганна Касьцючэнка, Аляксей Крукоўскі, Янка Шаблінскі ды сам Зьміцер выканалі хіты «А дзе ж тыя ваяры» і «Пена цёмнага піва». Трэба зазначыць, што гледачы ў беларускім цэнтры Таронта таксама падхапілі гэтыя песьні, любімыя ўжо ня першым пакаленьнем беларусаў.

Падчас сьвяткаваньня, якое вяла старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка, таксама выступілі Алесь Кот і вакальная камэрная група гурта «Яваровы людзі». Пісьменьніца Вольга Іпатава, якая цяпер перабывае ў Таронта, прэзэнтавала сваю новую кнігу «Знак Вялікага Магістра».

Нягледзячы на тое, што сучасныя бытавыя камунікацыйныя праграмы пакуль не даюць магчымасьці праводзіць сапраўдныя тэлеканфэрэнцыі, каб розныя ўдзельнікі маглі адначасова бачыць і чуць адзін аднаго, сама ідэя «тэлемосту», здаецца, спадабалася удзельнікам віртуальнай сустрэчы па абодва бакі акіяну.

Магчыма, за такім фарматам імпрэзаў — будучыня, і ня толькі сьвяткаваньняў дня беларускай незалежнасьці, а наагул кантактаў паміж беларускімі суполкамі розных краінаў.

Віялета Кавалёва, сябра Галоўнай управы Згуртаваньня беларусаў Канады

Каментары7

Цяпер чытаюць

Олівер з ЗША вывучыў беларускую мову, бо даведаўся, што яго продкі з Магілёва3

Олівер з ЗША вывучыў беларускую мову, бо даведаўся, што яго продкі з Магілёва

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўкраінскі палон трапіў 58-гадовы беларус, што ваяваў на баку Расіі6

А цяпер так можна? Як гісторык трапіў у Wargaming, замацаваўся ў ІТ і ўжо не баіцца ні крызісаў, ні ШІ2

«Як дабівацца праўды?» Пасля смерці школьніцы ў бальніцы Ельска бацькам не даюць ніякай інфармацыі пра расследаванне11

Кляшчы пакусалі 2000 беларусаў у адной толькі вобласці5

Беларус збірае мільёны праглядаў, паказваючы, як навучае пенсіянераў карыстацца смартфонамі3

Зяленскі падпарадкаваў антыкарупцыйныя ведамствы пракуратуры — людзі выйшлі на пратэсты13

Працоўныя мігранты з Пакістана будуць падпісваць абавязальніцтва не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі2

Праз залеву спыніўся транспарт на некаторых участках у Мінску

У Мінску прадаюць гатовы бізнэс за $30 мільёнаў. Што за ён3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Олівер з ЗША вывучыў беларускую мову, бо даведаўся, што яго продкі з Магілёва3

Олівер з ЗША вывучыў беларускую мову, бо даведаўся, што яго продкі з Магілёва

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць