Блогер-правакатар Вірус выпадкова спаліў свайго інфарматара. Ён апублікаваў скрыншот, зроблены Вольгай Сямашка
Сама Сямашка сцвярджае, што сапраўды перасылала гэты скрыншот, але трэцяй асобе.

Блогер Віталь «Вірус» Кандраценка — персанаж, які прысвячае ўвесь свабодны час таму, што пляжыць беларускую апазіцыю, выкарыстоўваючы кожную нагоду і перакручваючы любыя навіны. «Наша Ніва» падрабязна пісала біяграфію гэтага дзіўнага чалавека з некалькімі судзімасцямі за крадзяжы, які зніадкуль усплыў у 2020-м.
Чытайце: Хто такі блогер-канспіролаг Вірус, які штодня абражае і пляжыць беларускі дэмакратычны рух?
Сярод яго асноўных ворагаў Святлана Ціханоўская і яе каманда, а таксама Андрэй Стрыжак з Аляксеем Лявончыкам, якія выбудавалі даволі паспяховую сістэму фінансавай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій.
9 мая Вірус апублікаваў у сваім канале допіс, у якім у чарговы раз прайшоўся па асобе Лявончыка.
«…Хачу звярнуць вашу ўвагу на каментары гэтага недачалавека, там ёсць усё, ад пыхлівасці да лукашызму, ад хлусні да нарцысізму. І колькі мы будзем даваць гэтым недалюдзям паразітаваць на нашым грамадстве?..», — зноў скаціўся да абразаў аўтар.
Нагодай стала публічная фэйсбук-дыскусія паміж Аляксеем Лявончыкам і кіраўніцай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай. Аднак самае цікавае не гэта.
Асаблівасць фэйсбука ў тым, што калі любы карыстальнік чытае дыскусію, то ў месцах, дзе можна пакінуць каментар, адлюстроўваецца яго аватарка.
У скрыншотах, апублікаваных Вірусам, можна ўбачыць аватарку, на якой выява жанчыны на фоне ўкраінскага і беларускага сцягоў.

Хто ж рабіў скрыншот для памыйнага канала пра беларускую апазіцыю? Гэта Вольга Сямашка — тая самая журналістка, сям’і якой было прысвечана расследаванне «Нашай Нівы». Муж Сямашкі, гісторык-айцішнік Фёдар Гарбачоў, мае дакумент прыкрыцця на чужое імя, а значыць, з’яўляецца агентам лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Сама журналістка адмаўляе абвінавачванні і кажа, што нічога не ведае пра другі пашпарт.
Чытайце: Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка

Як цяпер выяўляецца, Сямашка з’яўляецца адным з інфарматараў канала правакатара Віруса. Магчыма, яшчэ і аўтарам?
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што лексіка Кандраценкі крайне абмежаваная. Ягоныя фармулёўкі прымітыўныя, паўтараюцца ад допісу да допісу. А ў сённяшнім допісе пра Лявончыка выкарыстоўвацца абсалютна неўласцівыя яму канструкцыі. Слова «нарцысізм» у ягоным канале не сустракалася ні разу за ўвесь час. Абарот «всем привет», з якога пачынаецца допіс, апошні раз ужываўся чатыры месяцы таму — хоць строчыць Вірус ледзь не кожны дзень і звычайны не вітаецца з аўдыторыяй такімі словамі.
Ды і ў «аўтарскіх» допісах, прысвечаных Лявончыку, Вірус звычайна не ўпускае магчымасці перарабіць прозвішча апанента, дадаўшы ў яго сярэдзіну слова «вонь». Выглядае, што сённяшні допіс рабіў іншы чалавек — той, які пераслаў скрыншоты.
«Пара закідваць тухлымі памідорамі і пляваць у твар!» — падсумоўвае аўтар допісу ў канале Віруса.
UPD.UPD. Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю ў сябе ў фэйсбуку. Яна кажа, што перасылала скрыны іншай асобе, якая, у сваю чаргу, выслала іх Вірусу: «Скрыны я рабіла. … Гэтыя скрыны былі высланы іншай асобе, і гэта не Вірус. Дзе яны яшчэ ўсплывалі, я не ведаю».
UPD. Адметна, што праз некалькі гадзін да Віруса ўсё ж дайшло, што ён спаліў свайго інфарматара Вольгу Сямашку. Ён выдаліў стары допіс і апублікаваў новы, замазаўшы яе аватарку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЖурналіст пацвердзіў, што пашпарт прыкрыцця мужа Сямашкі дагэтуль сапраўдны. І ўзяў яго пад кантроль на сайце МУС
Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года
У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Каментары