У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць
Рэканструкцыя Ракаўскага прадмесця афіцыйна завершылася яшчэ летась. Журналісты вычакалі час, далі лакацыі трохі «ажывіцца» — і ў майскі сонечны дзень адправіліся вывучаць, што ж у выніку атрымалася. «Пакуль пра гэтае месца мала хто ведае, але тут ужо складваецца свая атмасфера», — так казалі людзі, якіх журналісты Onlíner сустрэлі ў мясцовых дварах.

Ракаўскае прадмесце — квартал з вялікай гісторыяй. Жылыя вулачкі з яўрэйскімі рамеснымі майстэрнямі тут з’явіліся яшчэ ў XV стагоддзі, а да пачатку XX стагоддзя тут ужо дзейнічалі буйныя вытворчасці.
Хтосьці ў сувязі з гэтым раёнам успомніць шпалерную фабрыку, хтосьці — хлебазавод №1. Цэхі апошняга закрылі ў 2016 годзе. Зносіць заводскія будынкі пачалі ў 2017-м — фактычна з таго часу ў прадмесці і вяліся работы па рэканструкцыі. Ідэя была такая: стварыць тут малапавярховы квартал з крамкамі і кавярнямі, «удыхнуць» у чарговы цэнтральны раён новае жыццё.
Знаёмае Ракаўскае прадмесце
Калі стаць спінай да Дома Мусінскага (шматпавярховік з гандлёвым домам «На Нямізе») і пайсці па вуліцы Ракаўскай, то спачатку зменаў убачыце няшмат.
Так, за апошнія гады тут нешта адрамантавалі, нешта рэканструявалі. Напрыклад, будынак былога яўрэйскага Дома вяселляў па адрасе Ракаўская, 17.
Нагадаем, там пад тынкоўкай рэстаўратары знайшлі старажытныя роспісы — ажно пяць слаёў розных часоў. Паглядзець на іх можна ў кавярні Varka: на адной сцяне бачны арыгінальныя малюнкі, на другой — іх сучасная рэканструкцыя. Міні-музей у грамадскім харчаванні.

Дом па Ракаўскай, 18 зацягнуты рыштаваннямі — выглядае, што ідуць нейкія аздобныя работы на фасадзе. На сваіх месцах чырвонацагляны «дом з мязузай» на рагу вуліц Ракаўскай і Вызвалення і суседні — па Вызвалення, 13.
Са «старых добрых» устаноў непадалёку — «Ракаўскі бровар», які ў зменлівым мінскім жыцці ўжо выглядае сапраўдным аксакалам.

Новая Ракаўка. Быў хлебазавод — цяпер дворыкі з кавярнямі
Асноўнае пераўтварэнне перажыла тэрыторыя былога хлебазавода. Некаторыя вытворчыя будынкі захавалі і рэканструявалі, іншыя знеслі і збудавалі на іх месцы абсалютна новыя — у сучасным стылі.
Такая ідэя аднымі мінчукамі крытыкуецца, другімі — хваліцца: маўляў, лепш так, чым будаваць псеўдакопіі пад даўніну.


Цікава, што на вулачках шмат чырвонай цэглы. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што менавіта ў такой каляровай гаме была родная архітэктура Ракаўскага прадмесця. Таму частка новых будынкаў мае тэракотавыя фасады.
У новых (і старых) будынках ужо ёсць нямала ўстаноў. Вось кампанія нясе пірожныя — набылі іх у кафэ «Абдымкі».
— Але наогул мы тут амаль у кожную кандытарскую заходзім! — смяюцца.

Пара з Гомеля. Дзяўчына кажа:
— Я тут ужо гуляла гады з два таму. Цяпер вось глядзім, што змянілася з тых часоў, што дадалося.
Гэтыя госці Мінска сыходзяцца ў меркаванні, што ў Ракаўскім прадмесці будзе «свая атмасфера»:
— Здаецца, вуліца Кастрычніцкая — хутчэй для моладзі, Зыбіцкая — больш для турыстаў, а тут — у асноўным кавярні, кандытарскія — гэта ўжо для публікі больш сталай, спакойнай.

Калі зазірнуць у бліжэйшы дворык, то спачатку пройдзеш міма пякарні LЁN, якая пасялілася тут адной з першых. Трошкі далей, у адным з захаваных заводскіх будынкаў, яшчэ нядаўна знаходзілася вядомая моўная школа — цяпер яна закрыта, і ніякай новай шыльды над уваходам пакуль не з’явілася.


У іншым былым заводскім корпусе — установа «Курыны клуб» з незвычайнай канцэпцыяй. Як і многія іншыя, яна ўжо выставіла летнюю тэрасу. Зараз каля шостай вечара нядзелі — і нам кажуць, што вольныя столікі ёсць. Але на больш позні час месца лепш браніраваць загадзя.
У суседнім Piano Bar «столікі на пятніцу і выхадныя браніруюць за тыдзень, а ў будні можна проста прыйсці».


У Ракаўскім прадмесці нам раз-пораз сустракаюцца маладыя бацькі з вазкамі. Што іх сюды вабіць, тлумачаць Святлана і Георгій, якія самі прыйшлі з маленькім сынам Давідам:
— Жывем недалёка, у раёне ГУМа, і тут бываем часта. Чыста, хапае месца, каб пабегаць дзіцяці. Зразумела, што тут не гульнявая, але ўсё роўна прыемна. Ёсць дзе перакусіць. Такая гарадская прагулка атрымліваецца.
Пара лічыць, што ўтульнасці прасторы дадала б жывая музыка: у выхадныя і вечарамі. А самай архітэктурай яны цалкам задаволеныя.
— Зразумела, што шмат у якіх будынках — наватвор. Але атрымалася стыльна. Я б нават сказаў, па-брытанску, — кажа Георгій.

На былой заводскай тэрыторыі Ракаўскага можа атрымацца «нешта кшталту вуліцы Кастрычніцкай».
— Але там у апошнія гады ўсё менш людзей, а тут, падобна, будзе ўсё больш. Нейкае новае дыханне адчуваецца.
Георгій дадае і такое: нягледзячы на ўсе змены, трэба памятаць і пра няпростую гісторыю Ракаўскага прадмесця.
— Бо падчас Другой сусветнай тут была тэрыторыя гета.

Марына і Ліза прыйшлі сюды не ўпершыню.
— Тэрасы дадалі гэтаму месцу ўтульнасці. Вечарам, думаем, будзе зусім сімпатычна, калі загарацца агні, — кажуць дзяўчаты. — Яшчэ вельмі хочацца зеляніны — яе тут амаль няма, паўсюль камень, тратуары, плітка.
Нягледзячы на заўвагі, мінчанкі лічаць абноўлены раён цалкам цікавым.

Іншыя мінакі, Яўген і Анастасія, выдалі такі вердыкт: «Лакацыя хутчэй для сем'яў ці сяброў, якія прыйшлі спакойна пасядзець і пагаварыць».

Грамадскае харчаванне і салон кухняў у «арэндным доме» і «інстаграмныя» люстэркі
Некалькі мясцовых дворыкаў як бы перацякаюць адзін у другі, што не часта сустрэнеш у сучасным прамалінейным Мінску. Выгіны вулачак робяць прагулку больш цікавай.
Дарэчы, тут захавалі якраз гістарычную планіровачную структуру квартала — новыя будынкі «пасадзілі» туды, дзе і раней былі пабудовы.


Адзін з дворыкаў «прапісаўся» ўжо па вуліцы Юрава-Завальнай.
Тут стаіць будынак, у якім планавалі адкрыць джаз-клуб. Выглядае ён пустуючым, як было і ў 2023 годзе. Прагульваючыся, заўважаеш, што вольных плошчаў у квартале яшчэ хапае.

Побач з неадкрытым джаз-клубам — доўгая пабудова са зламаным сілуэтам, якую анансавалі як «дзяржаўны арэндны дом». Тут ужо з’явілася некалькі ўстаноў грамадскага харчавання і салон кухняў.
Пакуль не зразумела, што з планамі па «арэндным доме». Аднак на сайце «Мінская спадчына» (кіруе будынкамі ў гістарычным цэнтры) ёсць аб’ява аб арэндзе плошчаў па гэтым адрасе (Юрава-Завальная, 15).

Указана прызначэнне — «адміністрацыйныя мэты, бізнес-апартаменты, іншыя мэты, магчымыя на дадзеным аб’екце арэнды, за выключэннем медыцынскіх, грамадскага харчавання, гандлёвых».
Ёсць нават папавярховы план. Мяркуючы па ім (і напісаным у аб’яве), «апартаменты» рознага памеру і «жылыя пакоі» там і праўда ёсць. Невысокі будынак, дарэчы, абсталяваны ліфтамі і падземным паркінгам. Калі ў доме ўсё ж з’явяцца больш-менш пастаянныя жыхары, ці не ўступяць іх інтарэсы ў канфлікт з «кавярна-разважальным» напаўненнем квартала?
Але вернемся да грамадскага харчавання, якое тут ужо разгарнулася і будзе працягваць развівацца.

Мода ставіць і вешаць люстэркі проста каля устаноў дабралася і сюды. Ля аднаго з такіх фатаграфуюцца Інга і Віка.

— Ходзім, аглядаемся — вывучаем перспектывы на лета, — усміхаюцца дзяўчаты. — Нам тут падабаецца. Шмат «інстаграмных» месцаў.

Абедзве ўжо зразумелі, што Ракаўскае прадмесце пацесніць у іх сэрцах Рэвалюцыйную, Інтэрнацыянальную, Камсамольскую.
— Тут таксама нямала цікавых устаноў: «Курыны клуб», «Пякарні Піраго́ва», «Сіняя птушка», «Лён» — там бываем вельмі часта.
У «Сіняй птушцы», якая пазіцыянуе сябе як гастра-пякарня, лічаць, што лакацыя ў Ракаўскім «валодае велізарным патэнцыялам». Пакуль раён «не да канца ацэнены жыхарамі», але павінен ператварыцца «ў сапраўдны магніт», распавядаюць нам.

Крама керамікі з вытворчасцю і «будуць людзі — будзе атмасфера»
Цікавая кропка — «Мастацкі дом Угрыновіч». Гэта вядомая беларуская керамічная майстэрня, у якой у Мінску ёсць крамы на Інтэрнацыянальнай і Багдановіча. Аб’ект на Ракаўскай самы вялікі: другі і трэці паверхі тут займае вытворчасць керамікі, першы — крама і кавярня.
— Іншыя нашы будынкі зусім гістарычныя, а тут гістарычны толькі фундамент, але я ўлюбілася ў гэтае месца, — распавядае ўладальніца майстэрань Вольга Угрыновіч.

Дарэчы, паводле першапачатковых планаў у гэтым доме якраз збіраліся прадставіць рамёствы. Гэтую функцыю і ўзяла на сябе майстэрня.
— Гэта не проста крама з кавярняй. За 15 рублёў на сайце або ў сацсетках можна запісацца на экскурсію — і прыйсці на нашу вытворчасць, паглядзець, як усё ствараецца рукамі, як распісваецца. Такое пагружэнне ў працэс. Мы праводзім і майстар-класы, а яшчэ — кінапаказы. П’еш каву ў атмасферы хатняга кінатэатра.


Вольга дадае, што ў будынку, які стаяў на тым жа фундаменце раней, была бухгалтэрыя хлебазавода, а яшчэ крама «Торты».
— Да нас нават прыходзілі жанчыны, якія працавалі ў той самай бухгалтэрыі, — хацелі паглядзець, што тут цяпер.
Субяседніца распавядае, што размяшчэнне ў Ракаўскім прадмесці цягне за сабой жаданне падкрэсліваць моманты, звязаныя з гісторыяй. Таму ў кавярні на падлозе пакінулі адкрытай (пад шклом) паласу «роднай» цаглянай муроўкі.
Перад уваходам у мастацкі дом Вольга ўстанавіла брычку.
— Аўтэнтычная, з Гродзенскай вобласці, не навадзел. Можна залазіць на яе, фатаграфавацца.

Паводле назіранняў керамісткі, сюды прыходзіць «інтэлігентная публіка, якая хоча пагрузіцца ў атмасферу рэлаксу».
— Шмат параў. Так, напэўна, гэта месца пра сямейны адпачынак. Але не пра дзіцячы, а пра дарослы сямейны.
Ужо пакідаючы Ракаўскае прадмесце, мы сустрэлі Аляксандра, Юлію і Сцяпана.
Аляксандр ужо быў тут год таму. Паводле яго назіранняў, з таго часу ў квартале адкрылася зусім няшмат кавярняў. Бачна, што патэнцыял у прасторы значна большы.

Юлія таксама падзялілася ўражаннямі:
— Тут цікава. І новая архітэктура цікавая, і правільна, што паспрабавалі захаваць старое. Добра, што самі дворыкі пешаходныя, што па іх не ездзяць машыны. У астатнім я думаю так: галоўнае — людзі. Будуць людзі — будзе і атмасфера.
Каментары
Гэта толькі ў галаве Лукашэнкі беларусы "тунеядцы, дрэнна і мала працуюць".
І заробкі такія, што фінансава не дазваляюць па гэтых кафэшках сноўдацца.