Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?
Сёння вакол неабходнасці праходзіць паліграф удзельнікам беларускай дэмакратычнай супольнасці ўзнікае ўсё больш спрэчак, асабліва на фоне гучных шпіёнскіх скандалаў. На першы погляд «дэтэктар хлусні» можа здавацца выратаваннем — але ў метаду ёсць вялікія хібы.

Сёння праходжанне паліграфа прапануюць або асобным палітычным дзеячам, якіх у нечым падазраюць, або цэлым дэмакратычным структурам — напрыклад, Каардынацыйнай радзе. Адмову ж прайсці паліграф часта ўспрымаюць як сведчанне пра магчымую супрацу з рэжымам.
Што такое паліграф
Паліграф — гэта прыстасаванне, якое адначасова вымярае некалькі фізіялагічных паказчыкаў: артэрыяльны ціск, пульс, дыханне і электраправоднасць скуры. Падчас тэсту чалавек адказвае на пытанні, і лічыцца, што калі ён хлусіць, то арганізм рэагуе хваляваннем, якое паліграф можа заўважыць.
Але не існуе ніводнай спецыфічнай фізіялагічнай рэакцыі, якая адназначна адпавядала б хлусні. Паліграф фіксуе толькі ўзбуджэнне нервовай сістэмы, якое можа быць выклікана чым заўгодна — страхам, стрэсам, сорамам, трывогай ці нават проста некамфортнай сітуацыяй.
У многіх развітых краін выкарыстанне паліграфа абмежавана або забаронена: ён не прымаецца як доказ у судзе і не можа выкарыстоўвацца пры найме на працу. Яго выкарыстанне парушае права не сведчыць супраць сябе, парушае прыватнасць і псіхалагічную бяспеку чалавека, а таксама мае недастатковую навуковую абгрунтаванасць.
Так, яшчэ ў 2003 годзе Нацыянальная акадэмія навук ЗША па даручэнні ўрада падрыхтавала вялікі 400‑старонкавы даклад, які сістэматызаваў усе даступныя даследаванні за папярэднія дзесяцігоддзі.

Высновы аказаліся несуцяшальнымі для прыхільнікаў паліграфа: з 80 даследаванняў, на якія яны спасылаліся як на доказ яго эфектыўнасці, 57 аказаліся метадалагічна слабыя — з няякаснымі выбаркамі, прадузятасцю і відавочнымі канфліктамі інтарэсаў.
У некаторых выпадках дакладнасць паліграфа не перавышае 60—70%.
Яшчэ адна, не менш важная выснова таго ж дакладу: паліграф прынцыпова не працуе, калі яго выкарыстоўваюць не для расследавання канкрэтнага злачынства, а проста каб адсеяць «ненадзейных» супрацоўнікаў. Прычына простая — у такіх выпадках няма выразнай падзеі або факта, пра які чалавек можа хлусіць. Фізіялагічныя рэакцыі ў такіх сітуацыях звязаныя не з хлуснёй, а з натуральным хваляваннем, страхам страціць працу або выглядаць вінаватым, нават калі чалавек цалкам невінаваты.
Адно з апошніх і найбольш значных даследаванняў па гэтай тэме, якое было апублікаванае ў канцы 2020 года, — вялікі метааналіз, гэта значыць, абагульненне ўсіх вядомых навуковых прац пра тое, наколькі дакладна працуе паліграф паводле методыкі Comparison Question Test (CQT) — самай распаўсюджанай формы «дэтэктара хлусні», якую выкарыстоўваюць у крыміналістыцы і сферы бяспекі.
Аўтары (двое з траіх — практыкуючыя паліграфолагі) сабралі і прааналізавалі даныя з больш як ста даследаванняў, у якіх агулам удзельнічала больш за 11 тысяч чалавек. Каэфіцыент сувязі паміж вынікамі паліграфа і тым, ці чалавек сапраўды хлусіў, склаў 0,69 (ідэальнае адрозненне хлусні ад праўды — гэта 1,0). Калі выпадковасць адпавядае 50% дакладнасці (падкідванне манеткі), а ідэальны вынік — 100%, то, згодна з метааналізам, сярэдняя дакладнасць паліграфа складае каля 85%.
Яны таксама праверылі, што гэтая дакладнасць прыблізна такая ж у лабараторыі і ў рэальных умовах, і толькі крыху вышэйшая, калі чалавек мае моцную матывацыю, напрыклад, калі на кану яго свабода або праца.
Лічба ўнушае давер: паліграф, здаецца, сапраўды працуе — у большасці выпадкаў ён вызначае хлусню правільна.
Але ў астатніх 15% выпадкаў ён памыляецца. На паперы гэта можа здавацца дробяззю, калі гаворка ідзе пра статыстыку. Аднак калі перанесці гэтыя працэнты на рэальных людзей, карціна выглядае зусім інакш — кожная памылка ператвараецца ў зламанае жыццё і сапсаваную рэпутацыю.
Ці можна вылічыць агентуру ў Каардынацыйнай радзе?
Беларускі псіхіятр Уладзімір Пікірэня паспрабаваў паглядзець, што будзе, калі прымяніць гэтыя абагуленыя лічбы да складу Каардынацыйнай рады 3‑га склікання — іншымі словамі, што адбылося б, калі б усіх дэлегатаў прымусілі прайсці паліграф у пошуках «ненадзейных» асоб.
Ён прапанаваў разгледзець некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, калі 10% складу агенты і калі агентамі з'яўляецца палова складу.

Мы паўторым гэты мысленны эксперымент, але возьмем актуальную колькасць членаў Каардынацыйнай рады — 77 чалавек, і разгледзім некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, 8 агентаў (прыкладна 10%) і калі агентаў палова складу — 38 чалавекі. У ім мы скарыстаемся больш дакладнымі паказчыкамі з медыяннай выбаркі метааналізу.
-
Для вінаватых: у 82,4% выпадкаў паліграф паказвае, што яны сапраўды хлусяць; у 7,6% — памылкова паказвае, што яны кажуць праўду; яшчэ ў 10% — не можа вызначыць.
-
Для невінаватых: у 64,5% выпадкаў паліграф паказвае, што яны сапраўды кажуць праўду; у 17,2% — памылкова абвінавачвае ў хлусні; і ў 18,3% — не можа даць выразнага выніку.
Ужо на гэтым этапе бачна, што паліграф істотна радзей «верыць» невінаватым, чым можна было б меркаваць.

1) 1 агент, 76 невінаватых
- Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~0,82 чалавека. Можна акругліць да аднаго — то-бок сапраўдны агент хутчэй за ўсё будзе выяўлены з дапамогай паліграфа сярод дэлегатаў.
- Памылкова абвінавачаныя: ~13,07 чалавека (≈ 13 з 76).
- Колькі застануцца нявызначанымі: сярод невінаватых ~13,91; сярод вінаватых ~0.10.

2) 8 агентаў (≈10%), 69 невінаватых
- Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~6,59 (≈ 7 з 8).
- Памылкова абвінавачаныя: ~11,87 (≈ 12 з 69).
- Нявызначаныя: сярод невінаватых ~12,63; сярод вінаватых ~0,80.

3) 38 агенты (палова), 39 невінаватых
- Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~31,31 (≈ 31 з 38).
- Памылкова абвінавачаныя: ~6,71 (≈ 7 з 39).
- Памылкова апраўданыя: ~2,89 (≈ 3 з 38).
- Нявызначаныя: сярод невінаватых ~7,14; сярод вінаватых ~3,80.
Цёмны бок паліграфа
Гэтыя разлікі паказваюць цёмны бок паліграфа. Магчыма, як у першым сцэнары, удасца вылічыць таго самага агента, але разам з ім трынаццаць невінаватых людзей будуць памылкова абвінавачаныя ў тым, да чаго яны не маюць ніякага дачынення. Яшчэ чатырнаццаць атрымаюць «нявызначаны» вынік і апынуцца пад падазрэннем у супрацоўніцтве з рэжымам.
У выніку 27 невінаватых чалавек могуць пацярпець, каб вылічыць усяго аднаго агента. І гэта яшчэ пры ўмове, што паліграф праводзяць цалкам непрадузятыя людзі.
І чым больш сапраўдных агентаў, тым больш з іх застануцца нявыяўленымі, нават калі ўсе пройдуць паліграф. У апошнім сцэнары колькасць агентаў, якіх паліграф не выявіў, роўная колькасці невінаватых, памылкова абвінавачаных у супрацоўніцтве з рэжымам — і там, і там па сем чалавек.
На практыцы ў памылкова абвінавачаных людзей амаль няма магчымасці апраўдацца, як калі б іх абвінавачвалі па сапраўдных доказах у судзе. Вынікі паліграфу падаюцца як неабвержныя і супраць іх няма да чаго апеляваць. І калі чалавек добраахвотна пагаджаецца на працэдуру і публікацыю вынікаў, ён фактычна сам пазбаўляе сябе магчымасці аспрэчыць абвінавачанне — нават калі паліграф памыліўся ці паказаў нявызначаны вынік.
Ці паклічуць такога чалавека на наступныя выбары ў Каардынацыйную раду, на працу ў апазіцыйныя структуры, у фонды, медыя — або хаця б на нейкае мерапрыемства? Наўрад ці. Такія пагалоўныя скрынінгі, без важкіх доказаў віны, могуць даць ілюзію бяспекі і паглыбіць раскол і недавер.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Ездзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша
Каментары
Почему в статье психиатр дает якобы экспертную оценку?
Да таго ж, тут размова ідзе пра прыбор, і ні слова пра метады працы паліграфолага. А выснову робіць чалавек, а не прыбор.
І калі прыбраць палігаф, застанецца проста сумоўе. І без дадатковых дадзеных пра хваляванне чалавека ў некаторых тэмах.