Аднапакаёвыя кватэры па кошце максімальна наблізіліся да двухпакаёвых, а за розніцу ў цане ў параўнанні з пачаткам года можна набыць кватэру ў рэгіёне.

Пра тэндэнцыі на рынку нерухомасці ў Мінску піша Realt.
Продажы ў бягучым годзе ў параўнанні з 2024‑м праселі: за аналагічны перыяд мінулага года было прададзена на 2 500 кватэр (+16%) больш — 15 000 здзелак супраць 12 500 у 2025 годзе.
Каля 47% здзелак за верасень — аднапакаёвыя кватэры, 32% — двухпакаёвыя.
У топе продажаў — сучасныя дамы. Больш за 40% усіх прададзеных у верасні кватэр знаходзяцца ў сучасных дамах: 16% пабудаваныя да 2011 года і 25% ва ўзросце да 5 гадоў.
Для параўнання:
-
на тыпавыя панэлькі 1970—1999 гадоў прыпадае 32% продажаў;
-
хрушчоўкі і брэжнеўкі ў продажах — 15%.
На фоне зніжаных крэдытных ставак чакана павялічыліся продажы кватэр ва ўведзеных у эксплуатацыю новабудоўлях ад забудоўшчыка — са 147 у жніўні да 162 у верасні (12% ад усіх прададзеных кватэр).
Гэта самы высокі паказчык продажаў гатовых новабудоўляў ад забудоўшчыка з пачатку 2025 года — мінімальны быў у студзені на ўзроўні 53 кватэр.
Цэны квадратнага метра ў гатовых новабудоўлях ад забудоўшчыка складаюць:
-
для 1‑пакаёвых — $1971;
-
2‑пакаёвых — $1997;
-
3‑пакаёвых — $2209 (высокі кошт з-за малой выбаркі кватэр).
З пачатку года кватэры па выніках рэальных здзелак падаражэлі ў сярэднім на 16%, або +250 даляраў за квадрат. Сярэдні кошт прададзеных кватэр вырас за месяц з 91 916 да 91 992 даляраў.
Яшчэ з цікавага — разрыў у кошце паміж адна– і двухпакаёвымі кватэрамі скараціўся да мінімуму. Розніца, меншая за 10 тысяч даляраў, з'яўляецца вынікам найбольшай запатрабаванасці аднапакаёвых кватэр за апошнія паўгода.
У той жа час трохпакаёвыя кватэры па кошце ад двухпакаёвых адарваныя значна больш.
Так выглядае рост цэн за год на прыкладзе аднапакаёвых кватэр:
-
у тыповай панэльцы 90‑х гадоў аднапакаёвая кватэра стала даражэй на 8 700 даляраў;
-
у каркасніку 2000‑х гадоў на 11 600 даляраў;
-
а ў складзе свежых комплексаў 2020‑х на 14 400 даляраў.
Цікава, што цэны сталінак (да 1960 года пабудовы) часта апярэджваюць тыпавыя панэлькі і даганяюць сучасныя дамы.
Каментары