Грамадства55

Як беларуская кампанія пастаўляе ў Расію брэндавае адзенне ў абыход санкцый і ў шкоду дзяржбюджэту

У Беларусі арганізавалі пастаўкі падсанкцыйнага люксавага адзення ў Расію. Гэта не толькі парушае забароны ЗША і ЕС, але і перашкаджае паступленню падаткаў і мытных пошлін у бюджэт нашай краіны. БРЦ высветліў, у колькі беларусам магло абысціся раскошнае жыццё расіянаў.

Крыніца: БРЦ. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Расследаванне падрыхтавана сумесна з літоўскім расследвальніцкім цэнтрам Siena і расійскім выданнем «Хроники.Медиа», пры падтрыманні «Кіберпартызан».

Вы калі-небудзь бачылі новую арыгінальную куртку Balenciaga за $4? А камізэльку Dolce & Gabbana за $6,5? Менавіта такія цэны на гэтыя тавары паказаны ў мытных дакументах беларускай кампаніі, якая дастаўляе брэндавае адзенне з Еўропы ў Расію. 

Амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны кампаніі-уласніцы люксавых марак Christian Dior, Fendi, Louis Vuitton, Gucci, Saint Laurent ды іншых прыпынілі дзейнасць у Расіі. У сярэдзіне сакавіка 2022-га да прыватных рашэнняў лідараў моднай індустрыі дадаліся санкцыі ЗША і Еўразвязу — у РФ забаранілі ўвозіць прадметы раскошы.

Міністэрства гандлю ЗША з 11 сакавіка 2022 года забараніла экспартаваць у Расію і Беларусь адзенне, абутак, торбы, парфумерыю і іншыя тавары, кошт якіх перавышае $1000 за адзінку. Праз некалькі дзён падобны санкцыйны пакет прыняў і Еўразвяз, але з больш строгімі правіламі — абмежаваў увоз у Расію тавараў даражэй за €300 за адзінку. Гэтыя забароны шырацца і на асабістыя набыткі расійцаў за мяжой. А ў чэрвені 2024 года ЕЗ увёў абмежаванні на экспарт прадметаў раскошы і ў Беларусь.

Аднак у Расію працягваюць дастаўляць модныя заходнія аксесуары і адзенне. Як часта бывае, калі для адных магчымасці зачыняюцца, іншыя знаходзяць, як на гэтым зарабіць. БРЦ высветліў, якім чынам люкс абыходзіць абмежаванні на шляху ў РФ і як ад гэтага цярпяць простыя беларусы.

Немагчымае магчыма

Расійскія гандляры люксавым адзеннем дэманструюць у сацсетках брэндавыя тавары. На адным відэа дзяўчына круціць у руках бэжава-карычневы галаўны ўбор ад Gucci. «Капялюш як у Мадонны для кліенткі», — сказана ў допісе да яго. На іншым — мужчына паказвае, як на ім сядзіць, як ён кажа, «найдаражэйшы бомбер у свеце» ад Louis Vuitton. Паказана і цана — €120 тыс. 

Рэклама ў фэйсбуку кажа, што, нягледзячы на санкцыі, люксавыя абноўкі расійскім моднікам і модніцам усё яшчэ даступныя. Фірма, якая называе сябе «Белкарго», абяцае даставу з Еўропы ў Расію «без абмежаванняў па кошце».

Вывучаючы яе старонку, журналісты натрапілі на пост ад 12 верасня 2024 года:

«Перамога ў цане: замаўляючы даставу тавараў праз нас, атрымальнікі грузу пазбягаюць патрэбы самастойна сплачваць мыты на тавары даражэй за 1000 еўра. Гэта асабліва актуальнае для люкс-брэндаў, кошт якіх значна перавышае гэту суму».

Гэта абвестка прыцягнула ўвагу, таму што прадавец адкрыта прапануе свае паслугі па абыходзе санкцый. Журналісты адшукалі кантакты, звязаліся з фірмай у WhatsApp і аформілі пробны заказ. 

Аператар кампаніі падчас ліставання прапанавала такую схему даставы: вы самі замаўляеце ўпадабанае адзенне, прыкладам, у італьянскай інтэрнэт-краме і аплачваеце закуп, а далей або прадавец адпраўляе пасылку на склад пад Вільняй, або сама «Белкарго» забірае заказ у Італіі і дастаўляе яго ў Літву, там на тавар афармляюць дакументы, і ён едзе ў Расію.

Журналісту БРЦ выслалі табліцу, у якой для арганізацыі дастаўкі трэба было прапісаць брэнд тавару, артыкул, вагу, колер, краіну вытворчасці. Графы «цана» ў ёй журналісты не знайшлі. У адказ на ўдакладняючае пытанне, як будуць разлічвацца пошліны без кошту, нам даслалі новую табліцу — ужо з патрэбнай графой.

«Цяпер абавязкова ўдакладняецца кошт тавару», — адзначыў супрацоўнік «Белкарго» ў суправаджальным паведамленні. Аднак далейшая камунікацыя з кампаніяй паказала, што рэальная цана закупу значэння не мае. 

У табліцу журналісты ўпісалі 10 мужчынскіх куртак люксавых брэндаў — Brunello Cucinelli, Cortigiani, Herno, Fradi і іншых — з артыкуламі, па якіх можна лёгка знайсці ў інтэрнэце, колькі яны каштуюць. Але ў графу «кошт» напісалі іншыя цэны, істотна ніжэй. У суме атрымалася €1730 замест €6450. Ніякіх пытанняў з гэтай нагоды ў кампаніі не паўстала.

Пазней расследавальнікі скарэктавалі спіс: замянілі некалькі мадэляў тавару, праз што агульная вага заказу зменшылася з 16 да 15 кг. Але сумарны кошт з выдуманымі цэнамі застаўся ранейшым. 

«Белкарго» выставіла рахунак за даставу з Мілана ў Вільню — $130, а з Вільні ў Маскву — $255. Мяркуючы па ліставанні, выніковую суму пасярэднік разлічыў, грунтуючыся на вазе грузу, без уліку кошту змесціва. У выніку санкцыйныя абмежаванні на ўвоз тавараў даражэй €300 перастаюць працаваць. 

Незаконная эканомія

Заніжэнне цэн пры імпарце адзення адбіваецца на прыбытках Беларусі ад падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і ўвазных мыт (краіны ЕАЭС дзеляць паміж сабой увазныя мыты, якія паступаюць кожнай з іх, ва ўзгодненых прапорцыях). Калі імпарцёры дэкларуюць заніжаныя цэны, то і падатак, і мыты на ўвоз імпартнага адзення плацяць, адпаведна, менш.

У выпадку эксперыментальнага заказу адзення рэальным коштам €6450, расследавальнікі павінны былі б заплаціць за яго ўвоз 10% мыты і 20% ад кошту тавару і мыты ўвазнога ПДВ. Атрымліваецца больш €2000. Калі б паказалі мытную цану кожнай замоўленай курткі па €300 — максімальны кошт адзення, якое можна вывозіць з ЕЗ, то памер плат у бюджэт быў бы ўдвая менш. Але «Белкарго» збіралася ўзяць толькі траціну нават ад гэтай меншай сумы. Прычым гэта цана за ўсё: з улікам і выплат усіх мыт, і лагістычных выдаткаў, і прыбытку кампаніі.

Здаецца, што «Белкарго» практычна не плаціць імпартных мыт ці не плаціць зусім. У транспартавых накладных за 2023—2024 гады, якія журналісты атрымалі ад крыніцы ў лагістычнай галіне, пры даставе ў Расію з Беларусі куртку Balenciaga, якая каштуе больш за €3000, ацанілі ў $4. Калі ў Беларусь тавар увозілі па такой жа цане, то на кожнай тысячы ўвезеных такім чынам куртак бюджэт губляе амаль €700 тыс.

Расійскі бюджэт таксама нясе страты праз заніжэнне цэн у дакументах. Пры ўвозе тавараў з Беларусі імпарцёр павінен выплаціць ПДВ, у дадзеным выпадку 20%. Сума наўпрост залежыць ад кошту тавару. То бок у выпадку з рэальнымі цэнамі расійскі бюджэт атрымаў бы каля €600 тыс. з тысячы куртак, а ў сітуацыі з заніжэннем да $4 — усяго €724.

Крыніца: БРЦ. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Хто пад маскай

У адным з пастоў на старонцы кампаніі «Белкарго» ў фэйсбуку журналісты знайшлі спасылку на сайт cargo-buyer.ru і два кантактавыя нумары, па адным з якіх і звязаліся з кампаніяй у WhatsApp. Другі паказаны і на cargo-buyer.ru, на якім таксама прапануюць даставу адзення з Еўропы ў Расію праз Вільню. На сайце прапісаная юрасоба, якой ён належыць, — расійскае ТАА «Паскальтрейд».

Аднак у мытных дэкларацыях за 2023-2024 гады, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, «Паскальтрейд» значыцца толькі атрымальнікам адзення з Беларусі. Адпраўніком ва ўсіх выпадках выступае ўжо знаёмае па папярэдніх расследаваннях ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Гэта кампанія звязаная з былым памагатым Віктара Лукашэнкі, бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым. З канца 2020 па сярэдзіну 2021 года ён лічыўся ўласнікам «Гандлёвага дому Экспартгандаль».

Пасля Аляксандра Зайцава ўласнікам кампаніі стаў Яўген Крахоцін. Ён у 2013—2017 гадах працаваў у ТАА «Сцісхо», якое належала Зайцаву больш за сем гадоў. А са жніўня 2023 года «Гандлёвы дом Экспартгандаль» належыць Ганне Елпаевай, якая з 2019 года таксама працавала ў фірме, звязанай з бізнесоўцам, — ТАА «ВЛАТЭ Лагістык». Ёю да 2020 года валодала ТАА «Брэміна Груп», якое належыць Зайцаву і яшчэ двум набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам, Аляксею Алексіну і Мікалаю Вераб'ю. «Брэміна Груп» — кампанія, якая пабудавала некалькі мытна-лагістычных цэнтраў побач з галоўнымі грузавымі памежпераходамі Беларусі і Польшчы — Бераставіцай і Брузгамі. То бок «Гандлёвы дом Экспартгандаль» звязаны з буйнымі кампаніямі, якія займаюцца абслугоўваннем у мытнай і складавай лагістыцы

Пацвярджаюць удзел «Гандлёвага дому Экспартгандаль» у схеме дастаў брэндавага адзення і іншыя дакументы. Літоўскія калегі з расследавальніцкага цэнтру Siena перадалі беларускім мытныя дэкларацыі на амаль 600 адзінак тавару з Італіі — сукенак, штаноў, абутку, увезеных у Беларусь. Адпраўніком у іх паказана італьянская лагістычная фірма Lemon. Кампанію стварылі за тыдзень да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Сайт зарэгістравалі годам пазней.

Маркі пастаўленага адзення ў дакументах не пазначаныя, але на афіцыйным сайце Lemon напісана, што фірма працуе менавіта з люксавымі брэндамі. Атрымальнік — «Гандлёвы дом Экспартгандаль».

Пастаўшчык-рэцыдывіст

«Гандлёвы дом Экспартгандаль» — самы буйны беларускі забеспячэнец Расіі люксавым адзеннем. Летась, прыкладам, ён адправіў суседзям каля 8 тыс. мужчынскіх куртак італьянскай вытворчасці — гэта 68% па вазе і 59% па кошце ад усяго аб'ёму такога тавару, які дастаўляецца з Беларусі ў РФ. Годам раней — 55% па вазе і 47% па кошце.

Амаль усе курткі з Італіі, якія кампанія завезла ў Расію, па дадзеных з наяўных у нас дэкларацый, афармлялі па цане да $40 за адзінку. Калі выказаць здагадку, што розніца паміж рэальным і задэклараваным коштам куртак прыкладна такая, як у выпадку з заказам расследавальнікаў, то беларускі бюджэт толькі на гэтых даставах мог не далічыцца амаль €1,1 млн.

Гэтыя сродкі дзяржава магла б выдаткаваць на развіццё адукацыі ці ахову здароўя. Напрыклад, на ангіёграф для даследавання крывяносных сасудаў і сэрца ці магнітна-рэзанансавы тамограф. Пад канец 2024 года з рэспубліканскага бюджэту вылучылі каля 5 млн беларускіх рублёў (амаль €1,4 млн) на куплю такой тэхнікі для медустановы Гомельскай вобласці. Калі б тавар, які паступіў, аформілі па законе, гэта дазволіла б дзяржаве купіць як мінімум яшчэ адзін з гэтых апаратаў.

У 2022—2024 гадах «Гандлёвы дом Экспартгандаль» браў удзел яшчэ ў некалькіх схемах па абыходзе санкцый ЕЗ і ЗША супраць Расіі і Беларусі. Па падліках расследавальнікаў, за гэты час кампанія паставіла ў РФ не меней за 825 мікрасхем амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. Кампанія таксама фігуравала ў даставах шын з Італіі — яшчэ аднаго падсанкцыйнага тавару. Нягледзячы на гэта, «Гандлёвы дом Экспартгандаль» дагэтуль не ўключылі ў санкцыйныя спісы ні Еўразвяза, ні ЗША. Гэта дазваляе яму карыстацца міжнароднай лагістыкай і банкаўскімі паслугамі.

Працуючы над гэтым расследаваннем, журналісты выявілі яшчэ адну кампанію, не ўпершыню замяшаную ў схеме па абыходзе санкцый. Гэта — літоўская Vinges Terminalas. У ліставанні з БРЦ прадстаўнік «Белкарго» паведаміў, што на склад пад Вільняй гэтай кампаніі паступае адзенне з Еўропы перад адсыланнем у Беларусь. Выданне «Инсайдер» згадвала яе ў сваім расследаванні пра дастаўку ў Расію электронных прылад, якія ўжываюцца ў вытворчасці беспілотнікаў «Карсар» і «Шахед». Прадстаўнік Vinges Terminalas запэўніў нашых калегаў, што такога тавару яны не вазілі, але не выключыў, што ён мог захоўвацца на складзе.

У адказе на запыт БРЦ супрацоўнік Vinges Terminalas напісаў, што яму «невядома, ці выкарыстоўваецца склад у ланцужку дастаў прадметаў раскошы ў Расію». У лісце таксама сказана, што ніякіх дамоваў пра супрацу з кампаніямі «Паскальтрейд» («Белкарго») і «Гандлёвы дом Экспартгандаль» у іх няма і не было. 

Расследавальнікі таксама скіравалі запыты кампаніі «Гандлёвы дом Экспартгандаль» і італьянскай фірме Lemon, аднак на момант публікацыі расследавання адказы не атрымалі.

Каментары5

  • бабруйчанін
    27.05.2025
    Наўздагон шанавальнікам брэндаў крытыканам
    Швачку матарыстку у рБ болей года вучаць На выраьніцтве пільнуе падказвае майстр а пасля тэхнолаг які 5 год вучылся .Дзе якасць ..лепш ?
  • Васіль
    27.05.2025
    Калі да вонкавага гандлю таварам датычны фірмы гаманцоў Лукашэнкі альбо ГГУ Лукашэнкі - лукашэнкаўская мытня заплюшчвае вочы ня толькі на заніжаны мытны кошт, але і на коды ТНВЭД, да якіх прывязаны мытныя тарыфы. Аддзел барацьбы з кантрабандай абыходзіць падобныя таварныя плыні за кіламетр яшчэ з часоў легендарнага "Торгэкспо".
    Яскравым прыкладам мытнага махлярства, санкцыянавага непасрэдна Лукашэнкай, з'яўляецца гісторыя з экспартам "біядызеля", які бадзяжылі кампаніі Алексіна ды іншых гамацоў Лукашэнкі ў пачатку 2010х. Яны бралі дызпаліва, дадавалі туды 5 адсоткаў раслінных эфіраў і экспартавалі гэта ў Латвію і далей праз латвійскія фірмы таго ж Алексіна ўжо як "біядэзель".
    Цімес схемы быў у тым, што пад час экспарту саляркі трэба было б плаціць вялічэзную экспартную мыту. Сапраўдны біядызель (у якім саляркі павінна было быць ня болей за 45 адсоткаў) з іншым кодам ТНВЭД экспартнай мытай не абкладаўся ўвогуле. Зразумела, што алексінская імітацыя біядызеля не магла лічыцца біядызелем дзеля мытных мэтаў, бо надта шмат саляркі заставалася ў яе складзе. Але пад час экспарту яна ўсё роўна дэкларавалася як біядызель, а мытня на ведамственных пунктах мытнага афармлення па загаду зверху заплюшчвала вочы на недарэчны "ільготны" код ТНВЭД ў мытных дэкларацыях "каго трэба". Пад час імпарту ў Латвію гэты "біядызель" зразумела дэклараваўся як салярка, якой ён па сутнасці і з'являўся, і гэта было бачна па тамтэйшай мытнай статыстыцы.
  • ***
    27.05.2025
    Да этим чумазые в своей немытой прощайроссии только расписываются в своей вечной вторичности.
    И это правильно.

Цяпер чытаюць

Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве22

Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве

Усе навіны →
Усе навіны

Прарасійскія актывісты пачалі цкаваць Юрыя Жыгамонта, які вярнуўся на ютуб з «Падарожжамі дылетанта»74

«Выходны ў сераду — гэта бомба». Беларус сам зрабіў сабе 4-дзёнку — і дзеліцца вынікамі з кам’юніці3

Памёр заснавальнік Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Алег Марозаў

Экс-прафесар эканамічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта скончыў жыццё самагубствам пасля таго, як аддаў махлярам 650 тысяч даляраў4

«Мінсктранс» арганізуе бясплатную перасадку ў аўтобусы на мяжы Беларусі і Польшчы1

Якія сімптомы паказваюць на рак кішачніка і што правакуе яго развіццё? Тлумачыць анколаг15

Затрыманні ў 2020-м, арышт у 2024-м, эміграцыя ў 2025-м. Гісторыя 21-гадовага беларускага «тэрарыста»2

З птушкафабрыкі пад Гроднам прапала 400 яек качкі. Прычым яйкаманы нават сачылі, як вылупліваюцца качаняты2

Украіна паведаміла пра гібель у Расіі больш за 200 ваеннапалонных2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве22

Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць