Грамадства33

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту ВКЛ Яна Няпрэцкага

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную вучоным езуітам беларускага паходжання Янам Няпрэцкім і ўпершыню надрукаваную ў Нюрнбергу ў 1749-ым годзе, паведамляе ініцыятыва.

Фота: Аліна Мазавец

Набытае Maldzis выданне выйшла ў свет у першай палове 1790-ых — напрыканцы існавання Вялікага Княства Літоўскага.

Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы Алекса Шуба. 

Фота: Аліна Мазавец

Аўтарам карты з’яўляецца малады навуковец-езуіт Ян Няпрэцкі, які нарадзіўся на Случчыне ў студзені 1718 года і пражыў усяго 32 гады. Найбольш імаверна, што ён скончыў працу над мапай у 1747—1748 гадах падчас знаходжання ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме.

Плануецца, што ў будучыні карта будзе перададзеная ў Слуцк (Слуцкі краязнаўчы музей) у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму мапа будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Фота: Аліна Мазавец

«Карту Яна Няпрэцкага варта разглядаць як этапную з’яву ў айчыннай картаграфіі і адначасова як важную крыніцу гістарычнай інфармацыі пра ВКЛ і адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на беларускіх землях у XVIII стагоддзі. Гэта таксама яскравы прыклад іміджавай працы, бо карта прасоўвала вобраз урбанізаванай краіны», — кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы Maldzis.

Карта Няпрэцкага была ўпершыню выдадзеная ў 1749 годзе пад рэдакцыяй знакамітага нямецкага картографа, матэматыка і астранома Тобіяса Маера ў выдавецтве «Спадкаемцы Гомана» ў Нюрнбергу. На той час гэтае выдавецтва лічылася лідарам у галіне выдання мапаў.

«І сама карта, і месца яе выдання сведчаць, што ўзровень адукацыі ў ВКЛ дазваляў ствараць прадукты, якія адпавядалі сусветным стандартам. Яе стварэнне патрабавала глыбокіх ведаў у галіне картаграфіі, матэматыкі, астраноміі і геадэзіі ды паспрыяла далейшаму развіццю гэтых навук і агулам інтэлектуальнага патэнцыялу краіны», — дадае Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.

Гісторыя карты Няпрэцкага

Вядома пра 6 версій карты Няпрэцкага, выдадзеных у Нюрнбергу ад 1749 да 1812 года, калі ВКЛ ужо спыніла нават сваё існаванне, знікшы ў Расейскай імперыі. Набыты ініцыятывай Maldzis асобнік адносіцца да чацвёртага стану першага выдання і быў надрукаваны пасля 1767 года.

Сярэдні маштаб карты Яна Няпрэцкага — 1:1 424 600.

Пры падрыхтоўцы сваёй мапы Няпрэцкі абапіраўся на Радзівілаўскую карту ў выданні Яна Янсона ван Васбергена, якая выйшла ў лонданскім выдавецтве ў другой палове XVII-га стагоддзя (1680-1683) і з’яўляецца зменшанай і перапрацаванай копіяй Радзівілаўскай карты Вілема Яна Блаў 1613 года.

Фота: Аліна Мазавец

Навуковец-езуіт беларускага паходжання фактычна нанова склаў і пераправерыў размяшчэнне гарадоў і рэк. У выніку ягоная карта значна ўдакладняе канфігурацыю ваяводстваў і паветаў ды істотна дапоўненая новымі населенымі пунктамі — у межах ВКЛ іх там 680 (+120 у параўнанні з Радзівілаўскай мапай).

Фота: Аліна Мазавец

Каментары3

  • Зянон
    04.06.2025
    Малайцы, хоць нехта справай займаецца!
  • Гістфак
    04.06.2025
    Жуллё са статку Астапені працягваюць скупляць друкаваны агульнадаступны антыкварыят і прадаваць гэта неадукаваным медыйшчыкам як бы яны крыж еўхврасініі полацкай знайшлі. Карта ў агульным доступе адсканаваная ляжыць. Як і Статут ВКЛ, які яны нам таксама як навуковае адкрыццё прапіхвалі. Цынічныя імітатары культурнай дзейнасці дамінуюць. І гэтыя абяцанкі ў будучым у слуцкі музей перадаць, не робячы ні-чо-га каб тая будычыня наблізілася.  
  • .
    04.06.2025
    Відавочна, што гэта не пра адкрыццё (пра мапу раней ведалі), не навуковае дасягненне і не пра сканы. Сканы зараз шмат чаго ёсць, а рэпрадукцыя мапы прадаецца ў адным з альбомаў Белкартаграфіі.
    Тут пра спадчыну, артэфакты, якія павінны быць і ў Беларусі. Так што не бачу падману.

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»9

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»1

Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»3

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

Ліса перайшла дарогу на зялёнае ў Гродне ВІДЭА

У мінскай краме прадаюць «нарвежскі» сыр ад беларускага вытворцы па 160 рублёў за кілаграм9

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»9

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць