Вайна33

Час для вялікага наступу Расіі: якімі могуць быць «апошнія 50 дзён вайны»

Увечары 14 ліпеня прэзідэнт ЗША зрабіў сваю гучную заяву аб дасягненні міру ва Украіне. На тое, каб яго дасягнуць, ён даў Расіі 50 дзён. Словы Дональда Трампа выклікалі змешаныя пачуцці ва Украіне. З аднаго боку, ён відавочна змяніў сваю рыторыку адносна кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, якая стала значна больш жорсткай. З іншага — Трамп фактычна даў яму яшчэ амаль два месяцы для вядзення баявых дзеянняў, і ва Украіне прагназуюць, што расійская армія паспрабуе максімальна выкарыстаць гэты час. А гэта азначае верагодную эскалацыю вайны да дня «Х» — 2 верасня (менавіта тады, па падліках аглядальнікаў, завершацца 50 дзён), піша ВВС Україна.

Украінскія салдаты страляюць з мінамёта па пазіцыях расійскай арміі паблізу Часава Яра, Данецкая вобласць, Украіна, у нядзелю, 16 сакавіка 2025 года. Фота: Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanized Brigade via AP

Згодна з ультыматыўнай заявай Дональда Трампа, Расія атрымае суровыя другасныя тарыфы, калі на працягу 50 дзён не заключыць пагадненне аб міры ва Украіне.

Кіраўнік Белага дома таксама заўважыў, што некалькі разоў такая дамова ўжо зрывалася менавіта з-за дзеянняў Крамля. Але цяпер амерыканскі прэзідэнт дае 100% гарантый, што «завершыць гэтую вайну».

Эксперты, праўда, маюць сумневы.

Сітуацыя на полі бою

Адтэрміноўка дзеяння ўльтыматуму здзівіла многіх не толькі ва Украіне.

Прадстаўніца Еўрасаюза па пытаннях замежных спраў Кая Калас заявіла, што 50 дзён — «гэта вельмі доўгі тэрмін» тады, калі ўсе бачаць, што «Расія штодня забівае мірных жыхароў».

У гэтым кантэксце прыгадваецца інфармацыя, распаўсюджаная амерыканскім выданнем Axios, пра тое, што Пуцін у пачатку ліпеня нібыта заявіў Трампу пра намер цалкам акупаваць чатыры ўкраінскія вобласці (Луганскую, Данецкую, Херсонскую і Запарожскую) за 60 дзён, гэта значыць да пачатку верасня.

Па стане на сярэдзіну ліпеня гэтае заданне выглядае далёкім ад завяршэння.

Нягледзячы на тое, што з вясны гэтага года армія РФ узмацніла свой наступ на ўсходзе, а таксама захапіла плацдарм у Сумскай вобласці, агульнае прасоўванне расійскіх войскаў на полі бою не выглядае ўражваючым.

Ніводная з чатырох часткова акупаваных абласцей не знаходзіцца пад поўным кантролем расіян. Праўда, гэта не перашкодзіла Маскве ўжо двойчы аб'явіць пра 100% захоп тэрыторыі Луганшчыны.

Упершыню расійская ўлада заявіла пра «поўнае вызваленне ЛНР» у пачатку ліпеня 2022 года. Праз тры гады баёў давялося рабіць новую заяву. Кіраўнік сепаратысцкага ўтварэння Леанід Пасечнік 1 ліпеня гэтага года заявіў, што тэрыторыя вобласці «зноў вызвалена на 100%».

Аналітычны праект DeepState паказвае на сваёй анлайн-мапе, што гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасці: пад кантролем УСУ застаецца невялікі кавалак зямлі ў Луганскай вобласці ў раёне вёсак Новаягораўкі і Надзеі.

Значна большыя тэрыторыі Сілы абароны кантралююць у Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях. У дзвюх апошніх пад кантролем каля 30% тэрыторыі, на Данеччыне — каля 25%.

Больш за тое, для захопу Херсона расійскім войскам прыйдзецца пераадольваць вялікую водную перашкоду — раку Днепр, а для акупацыі Запарожжа, якое зараз знаходзіцца за 30-40 км ад лініі фронту, ім прыйдзецца пераадолець шэраг абарончых умацаванняў вакол горада.

Значна больш складаная сітуацыя на Данеччыне. Па стане на сярэдзіну ліпеня расіянам удалося істотна прасунуцца каля двух ключавых гарадоў — Пакроўска і Канстанцінаўкі. Яны фактычна знаходзяцца ў паўакружэнні. Зараз армія РФ спрабуе абысці іх з флангаў і ўзяць пад кантроль лагістычныя шляхі Сіл абароны. Яны ўжо знаходзяцца пад агнём артылерыі і дронаў-камікадзэ.

На поўдзень ад гэтых гарадоў расіяне амаль выцеснілі ўкраінцаў за адміністрацыйныя межы Данеччыны ў раёне пасёлка Вялікая Навасёлка і спрабуюць зайсці ў суседнюю Днепрапятроўскую вобласць.

Калі РФ працягне наступ на Данеччыне такімі ж тэмпамі, якія былі ў чэрвені і на пачатку ліпеня, то цалкам верагодна, што зможа цалкам выйсці на лінію адміністрацыйнай мяжы на поўдзень ад Пакроўска.

Акупацыя самога Пакроўска і Канстанцінаўкі таксама магчымая, калі не ўдасца спыніць рух арміі РФ на флангах гэтых гарадоў. Без лагістыкі ўкраінскія вайскоўцы не змогуць утрымліваць працяглы час гарнізоны ў гэтых вузлах абароны.

Аднак поўны захоп вобласці, у прыватнасці вялікай агламерацыі Славянск-Краматорск і гарадоў Ліман і Северск, усё ж выглядае малаверагодным без правядзення новага маштабнага наступу РФ.

Час для фінальнага наступу

Ёсць ускосныя прыкметы, што Расія ў бліжэйшы час рыхтуе такі масіраваны наступ на фронце з прыцягненнем бранятэхнікі, кажа ВВС украінскі ваенны аналітык Міхаіл Жырохаў. Ён мяркуе, што гэта можа адбыцца ў Запарожскай ці Данецкай абласцях, дзе для гэтага ёсць адпаведныя ўмовы, а менавіта — ракадныя дарогі і чыгунка.

Паводле яго слоў, апошнія месяцы вайскоўцы РФ амаль не выкарыстоўваюць бранятэхніку, атакуючы пазіцыі УСУ пешшу ці на матацыклах.

Але пры гэтым ёсць шмат сведчанняў таго, што расіяне перакідаюць вялікую колькасць танкаў і іншай бранятэхнікі бліжэй да лініі фронту.

«Тут пытанне можа быць у тым, што яны назапашваюць іх, каб прарваць фронт… У мяне складваецца такое ўражанне, што расіяне сабралі для гэтага 100-120 тысяч людзей і пэўную колькасць танкаў», — кажа эксперт.

На яго думку, нечаканы бранятанкавы ўдар паралельна з адцягваючай, дадатковай атакай на іншым участку фронту, можа даць Крамлю шанец прарваць лініі абароны УСУ.

Правесці гэтую аперацыю РФ неабходна да пачатку восені, калі можа пагоршыцца надвор'е на поўдні і ўсходзе Украіны, а менавіта — пачнуцца дажджы і туманы.

Гэтая атака можа быць апошнім акордам «вялікага наступу» Расіі, які пачаўся яшчэ ў кастрычніку 2023 годзе каля Аўдзееўкі і з невялікімі перапынкамі працягваецца і дагэтуль. Працягваць яго без новай маштабнай мабілізацыі Крэмль не зможа, упэўнены Міхаіл Жырохаў.

«Калі будзе адмоўны вынік (гэтага наступу — Рэд.), яны будуць вымушаны прыйсці да вялікай мабілізацыі», — рэзюмуе ён.

На яго думку, галоўнай задачай украінскага генштаба зараз з'яўляецца не «прапусціць» момант гэтай атакі праціўніка і стрымаць яго.

Заходнія аналітыкі таксама не бачаць прыкмет таго, што Пуцін імкнецца да міру ва Украіне. Аўстралійскі генерал у адстаўцы, ваенны аглядальнік Мік Раян звяртае ўвагу, што расійская ўлада не робіць рэальных крокаў да мірнага ўрэгулявання.

«Пуцін не прадэманстраваў ніякага жадання адступаць ад сваіх максімалісцкіх мэт адносна вайны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года. З таго часу яго мэты застаюцца нязменнымі», — адзначае ён у сваім блогу.

«Было б надзвычай дзіўна, калі б Пуцін зараз змяніў курс. Нават калі справы для расіян былі даволі змрочнымі пасля правалу іх першапачатковага наступу на Кіеў у 2022 годзе, Пуцін працягваў дзейнічаць. Верагодна, ён зробіць тое самае зараз».

Раян мае сумневы, што другасныя санкцыі, якія пагражае ўвесці Трамп, змогуць рэальна падкасіць ваенную машыну Крамля. У прыватнасці з-за значнай падтрымкі боепрыпасамі і войскамі з боку Паўночнай Карэі, якая прывыкла жыць ва ўмовах жорсткіх санкцый.

У выніку ваенны эксперт адзначае, што пагрозы амерыканскага прэзідэнта будуць мець рэальны эфект, калі яны будуць падмацаваны практычнымі дзеяннямі.

«Размовы — гэта танна. Важныя толькі дзеянні», — падкрэслівае ён.

Нават пасля жорсткіх заяў у адрас Пуціна Дональд Трамп усё яшчэ ўпэўнены, што Расія мае перавагу на полі бою, піша амерыканскае выданне Politico.

«Погляд прэзідэнта заключаецца ў тым, што Расія ідзе да перамогі (goping to win), пытанне ў тым, колькі часу гэта зойме», — сказаў высокапастаўлены чыноўнік Белага дома ў каментары СМІ. Ён дадаў:

«Расія мае большую эканоміку, мае большую армію, мае больш чым дастаткова цел, каб кінуць іх у мясарубку, і ёй проста абыякава. І хоць яны дасягаюць павольнага прагрэсу, яны ўсё роўна дасягаюць прагрэсу. Прэзідэнт проста хоча спыніць забойствы».

Каментары3

  • Типок Вагнерок
    16.07.2025
    Трамп однозначно наш человек.
  • бабруйчанін
    16.07.2025
    Типок Вагнерок, І канец будзе ні лепшы у гэтага..чалавека як і ў Вас саміх
  • Бггг
    16.07.2025
    Типок Вагнерок,
    Понимаю,боярышник+водка=отпитые мозги. Ну хоть слегка—легенькое такое для восприятия—понимание должно быть,что Вагнер со своими поклонниками считал твой народ недоумками недоразвитыми. Ничего так,норм?

Цяпер чытаюць

«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў1

«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Тадэй Пагачар: велавундэркінд з маленькай славянскай краіны, які не мае сабе роўных2

Зорка «Белсата» Валер Руселік расказаў, чым рыба ў Польшчы адрозніваецца ад беларускай13

«Во адкуль дзіркі ў сыры!» На сырным прылаўку мінскага гіпермаркета заўважылі пацука ВІДЭА7

Ізраіль і Сірыя дамовіліся аб спыненні агню1

Ціханоўская: Прашу не крыўдзіцца, калі Сяргей выступае з нейкімі рэзкімі заявамі44

«Калі затопіць, адразу і не зразумееш, адкуль менавіта». У Мінску ёсць унікальны шматпавярховік, дзе ўсе кватэры — трохузроўневыя.2

Стала вядома пра вызваленне былога журналіста «Медыя-Палесся» Яўгена Нікалаевіча

Беларускі футбаліст у 25 гадоў перайшоў у 13-ы клуб у кар'еры

Гендырэктара ІТ-кампаніі адхілілі пасля відэа з падначаленай на канцэрце Coldplay7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў1

«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць