«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам
Амерыканскі журналіст Сайман Шустэр падзяліўся падрабязнасцямі свайго інтэрв'ю з Лукашэнкам і тым, што за ім хавалася. У сваім вельмі дэталёвым тэксце журналіст не выключае, што гісторыя пра «канал сувязі праз Беларусь» магла быць тактычнай гульнёй Масквы, каб выйграць час, дэзарыентаваць Захад і даціснуць тым часам Украіну.

«Плануючы інтэрв'ю з кіраўніком дзяржавы, журналіст звычайна робіць першы крок, адпраўляючы запыт у прэс-службу і спадзеючыся, што хтосьці адгукнецца. Часам, калі прэзідэнт сапраўды хоча пагаварыць, на запрашэнне могуць адказаць. Але рэдка калі прапановы былі такімі настойлівымі, як тыя, што дайшлі да мяне гэтай вясной ад паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, дыктатара Беларусі», — так пачынае свой артыкул у часопісе Time вядомы амерыканскі журналіст Сайман Шустэр.
Па словах журналіста, яму ў маі патэлефанаваў «чыноўнік урада Лукашэнкі, які, відаць, адвык ад кантактаў з заходнімі медыямі».
«Праз некалькі хвілін размовы ён раптам спытаў, колькі каштавала б арганізаваць інтэрв’ю для Time, і шчыра здзівіўся, пачуўшы, што ніякіх хабараў у гэтым працэсе быць не можа. «Проста правяраю, — патлумачыў ён, — каб пазбегнуць непаразуменняў у будучыні».
Як згадвае Шустэр, пасля шэрагу званкоў і перапісак інтэрв'ю было ўзгоднена «без абмежаванняў на тэмы і пытанні».
Толькі пазней, заўважае журналіст, пасля некалькіх размоў з амерыканскімі і еўрапейскімі дыпламатамі, матывы Лукашэнкі сталі зразумелымі.
Першыя кантакты амерыканцаў з Лукашэнкам
Шустэр даведаўся, што першым пасланнікам адміністрацыі ЗША ў Мінск стаў кар'ерны дыпламат, які свабодна валодае рускай мовай, — намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыстафер Сміт. Ён «выйшаў на кантакт з Мінскам праз місію Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку».
Задачай Сміта, як піша Шустэр, было даведацца, як Беларусь можа дапамагчы палепшыць адносіны новай адміністрацыі Трампа з Пуціным і садзейнічаць таму, каб вайна Расіі супраць Украіны спынілася.
Лукашэнка скарыстаўся гэтай магчымасцю, каб прыцягнуць увагу амерыканцаў да сябе. 26 студзеня ён зрабіў першы жэст добрай волі — вызваліў амерыканку Анастасію Нуфер, якая знаходзілася ў зняволенні ў Беларусі. Сміт дамовіўся пра яе вызваленне ў Вашынгтоне з паслом Беларусі пры ААН і адначасова мужам набліжанай да Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч Валянцінам Рыбаковым.
Прыкладна праз два тыдні пасля гэтага, 12 лютага, Сміт стаў першым высокапастаўленым чыноўнікам адміністрацыі Трампа, які наведаў Мінск.
«Лукашэнка сустрэў яго ў сваім палацы недалёка ад цэнтра горада — гіганцкай канструкцыі з мармуру і золата, упрыгожанай фотаздымкамі з жыцця дыктатара: здымкамі з яго дзяцінства і працы дырэктарам саўгаса, а таксама яго партрэтамі з такімі сусветнымі лідарамі, як Біл Клінтан, Уладзімір Пуцін, Фідэль Кастра і Уладзімір Зяленскі», — дзеліцца ўражаннямі Шустэр ад палаца Лукашэнкі.
Па словах журналіста, на працягу першых некалькіх гадзін перамоў з Крысам Смітам Лукашэнка акрэсліў асноўныя правілы аднаўлення дыялогу паміж ЗША і Беларуссю.
«Называючы Сміта напаўжартам агентам ЦРУ, Лукашэнка заклікаў яго ні ў якім разе не спрабаваць убіць клін паміж Мінскам і Масквой, бо гэта толькі марнаванне часу. (…) Другое асноўнае правіла вынікала з першага. Лукашэнка даў зразумець, што будзе каардынаваць свае дзеянні з Пуціным на кожным кроку і не будзе прымаць ніякіх рашэнняў без адабрэння Крамля».
Амерыканцы пагадзіліся, і праз пару месяцаў Мінск зноў наведала амерыканская дэлегацыя, якую гэтым разам узначаліў ужо намеснік спецпрадстаўніка Трампа Джон Коўл.
«Коўла чакаў доўгі і раскошны абед у Палацы Незалежнасці, дзе падавалі дранікі са смятанай ды іншыя нацыянальныя стравы. Лукашэнка, які пазіцыянуе сябе як цалкам непітушчага, падняў чарку гарэлкі і заклікаў свайго амерыканскага госця таксама выпіць. У той вечар ён адправіў Коўла дадому з яшчэ некалькімі палітычнымі зняволенымі, у тым ліку з яшчэ адным грамадзянінам ЗША», — піша Шустэр.
Кульмінацыяй кантактаў Лукашэнкі з Белым домам стаў прыезд у Мінск 20 чэрвеня дэлегацыі на чале з Кітам Келагам. У яе складзе таксама былі Коўл і Сміт.
«Тон размовы, здавалася, быў даволі ветлівы. (…) Але як толькі камеры выключылі, настрой рэзка змяніўся: Лукашэнка пачаў вінаваціць Коўла, якога пасадзілі не насупраць Лукашэнкі, а справа збоку, што той робіць недастаткова, каб паўплываць на погляды Трампа адносна Украіны і Расіі. «Ты ж з ім каву п’еш, — грымнуў Лукашэнка. — Гэта ты можаш наставіць яго на шлях ісцінны!» — дзеліцца падрабязнасцямі Шустэр.
Спасылаючыся на словы «аднаго чалавека, знаёмага з іх сустрэчай», журналіст піша: «Келаг заняў больш цвёрдую пазіцыю, чым чакаў ад амерыканцаў Лукашэнка: «Келаг, па сутнасці, сказаў, што даверу няма», і Беларусі трэба «зрабіць нешта вельмі важнае», каб прадэманстраваць свае добрыя намеры.
Лукашэнка не расчараваў. На вясковай дарозе каля трасы з Мінска ў Вільню амерыканскага канвоя чакаў кэдэбэшны бусік. На задніх сядзеннях у ім сядзелі 14 зняволеных, у тым ліку адзін з самых каштоўных для рэжыму — Сяргей Ціханоўскі».
Лукашэнка — сакрэтны канал Белага дома
Шустэр тлумачыць чытачам подбіўку таго, што адбывалася падчас пяці раўндаў размоў: з пачатку гэтага года Лукашэнка вёў канфідэнцыйны дыялог з адміністрацыяй Трампа, прапануючы свае паслугі ў якасці чалавека, які разумее намеры і паводзіны Пуціна.
«Ён даваў парады амерыканскім чыноўнікам, як падтрымліваць перамовы з Крамлём, і запэўніваў, што расіяне гатовыя весці перамовы добрасумленна, хоць тыя і працягваюць бамбіць Украіну. Выкарыстоўваючы ўсе даступныя каналы ў Вашынгтоне, Лукашэнка прапаноўваў перспектыву міру такім чынам, каб прыцягнуць увагу прэзідэнта Дональда Трампа: «Калі мы заключым гэтую здзелку, — сказаў ён сваім амерыканскім суразмоўцам, — вам прынясуць Нобелеўскую прэмію міру на талерцы».
У выніку, як піша Шустэр, амерыканцы пагадзіліся на гульню. У першы ж месяц пасля інаўгурацыі Трампа ў студзені амерыканскія чыноўнікі пабывалі ў Мінску. Усяго такіх візітаў было як мінімум пяць. Амерыканцы спрабавалі зразумець, чаго мог бы дасягнуць Лукашэнка. У выніку вобраз Беларусі як дзяржавы-ізгоя змякчыўся, амерыканцы таксама дамагліся вызвалення некалькіх вядомых палітвязняў і адкрылі праз Мінск ціхі неафіцыйны канал сувязі з Крамлём.

«Ён сябруе з Пуціным. Яны рэгулярна размаўляюць. І ён прапанаваў перадаваць Пуціну паведамленні ад нас. Гэта канал, разумееце? Гэта вельмі каштоўна», — перадае Шустэр словы Джона Коўла, памочніка Кіта Келага, пасланніка Трампа па Украіне.
Журналіст згадвае, што Коўл гаварыў пра выкарыстанне Лукашэнкі для прасоўвання ідэі саміта паміж Пуціным і Трампам:
«Яны спадзяваліся, што гэта дапаможа выйсці з тупіка ў працэсе мірнага ўрэгулявання, дазволіўшы Трампу правесці перамовы з Пуціным. Як выказаўся Коўл, выкарыстоўваючы мянушку, якой часта называюць Лукашэнку: «Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну».
Журналіст нагадвае, што пад лета гэтыя намаганні зайшлі ў тупік, а напружанасць паміж ЗША і Расіяй нарастала. Але Лукашэнка працягваў даносіць да амерыканцаў зусім іншае пасланне: «Пуцін хоча міру і гатовы пайсці на саступкі».
Гэтыя сігналы, па словах Шустэра, «падсілкоўвалі надзеі» ў Белым доме на тое, што дыпламатычны прарыў неўзабаве стане магчымым. Тым часам расіяне працягвалі адчайныя спробы адгрызці яшчэ хоць трохі гарадкоў і вёсак, паспрабавалі прарваць фронт пад Сумамі. Нарэшце, 6 жніўня ЗША і Расія абвясцілі пра будучую асабістую сустрэчу лідараў.
Выканаўшы сваю функцыю пасярэдніка, Лукашэнка, здаецца, гатовы адысці ўбок, — піша Шустэр. Але яго роля ў падрыхтоўцы саміту шмат што гаворыць пра небяспекі цяперашняй дыпламатычнай гульні Трампа.

Шустэр згадвае, што Лукашэнка падчас сустрэчы з ім тлумачыў, што ўсё можа пайсці на глум, калі Трамп не будзе паводзіць сябе з Пуціным з дастатковай пашанай.
«Трэба, каб усё выглядала добра, — перадае Шустэр словы Лукашэнкі. — Дзеля міру, магчыма, давядзецца крыху схітраваць і пайсці на некаторыя саступкі. Нават калі вы не разумееце Пуціна, стаўцеся да яго як да чалавека».
Журналіст не выключае, што гісторыя пра «канал сувязі праз Беларусь» магла быць тактычнай гульнёй Масквы, каб выйграць час, дэзарыентаваць Захад і даціснуць тым часам Украіну.
Шлях да сустрэчы Трампа і Пуціна
На працягу вясны перамовы працягваліся, а Лукашэнка пры гэтым падтрымліваў сувязь з Пуціным, перадаючы яму апошнія просьбы і паведамленні ад амерыканцаў. «Я заўсёды рабіў гэта сумленна, — цытуе словы дыктатара Шустэр. — Часам яны пыталіся ў мяне: ці не маглі б вы перадаць тое ці гэта? І я тэлефанаваў яму кожныя два-тры дні, часам на наступны дзень, і казаў яму».

Тым часам Трамп усё больш расчароўваўся тым, што Пуцін не пагаджаецца на спыненне агню ва Украіне. А калі амерыканскі прэзідэнт і многія еўрапейскія лідары заклікалі Пуціна прыехаць у Стамбул, дзе яго чакаў Зяленскі, той, нібыта, стаў раіцца з Лукашэнкам, сваім найбліжэйшым саюзнікам. І Лукашэнка параіў яму не ехаць.
«Я сказаў яму: там табе няма чаго рабіць, — цытуе Шустэр словы Лукашэнкі. — Гэта выглядала як нейкае шоу», быццам Зяленскі выклікаў Пуціна ў Стамбул, правакаваў яго прыехаць на двубой апоўдні. «Так у палітыцы не робіцца», — адзначыў Лукашэнка.
Па словах Шустэра, Лукашэнка падвучваў яго — тон і фармат перамоваў, прынамсі, на пачатковым этапе, маюць для расіян гэтак жа важнае значэнне, як і іх змест:
«Трэба рабіць гэта асцярожна. Не дыктуйце ўмоў. Не стукайце кулаком. Не абражайце Пуціна. Расія не даруе яму, калі ён праглыне такую абразу». Трамп павінен зразумець, працягнуў ён, што Пуцін можа сказаць яму «ідзі нахер», калі ён адчуе да сябе непавагу. «Ён яшчэ гэтага не зрабіў, але ён можа гэта зрабіць».
«Іншымі словамі, — іранізуе Шустэр, — амерыканцы павінны быць гэтак жа занепакоеныя абаронай далікатнага эга Пуціна, яго пачуцця гонару і яго рэйтынгу адабрэння, як і абаронай жыццяў украінцаў і тэрыторыі Украіны».
Усю вясну і лета Лукашэнка, працягвае журналіст, перадаваў амерыканцам адно і тое самае пасланне: «Пуцін гатовы да мірных перамоваў. Проста стаўцеся да яго з павагай». «Ён паўтараў тое самае некалькі разоў на працягу трохгадзіннага інтэрв'ю», — згадвае Шустэр.
«Паверце мне, — даказваў Лукашэнка, — Пуцін хоча міру. Ён сапраўды хоча яго».
Тым часам на ўсходзе Украіны расійскія войскі працягвалі павольна, але няўхільна прасоўвацца наперад.
Як праходзіла інтэрв'ю
У сваім артыкуле Шустэр расказвае таксама, як праходзіла само інтэрв'ю з Лукашэнкам, якое адбылося 27 ліпеня.

Па словах Шустэра, Лукашэнка прыйшоў на інтэрв'ю трохі раней за прызначаны час і «выглядаў крыху знерваваным, калі заходзіў у дзверы, па лобе ў яго выступаў пот, ён нервова паціраў рукі».
«Ён працягнуў мне правую, каб я паціснуў яе, а потым адкрыў мне невялікі сакрэт. Ягоныя спецслужбы падрыхтавалі на мяне дасье, і ён вывучыў яго перад нашым інтэрв'ю. Гэта быў адзін з любімых спосабаў Лукашэнкі растапіць лёд; тое самае ён сказаў Сміту, калі яны ўпершыню сустрэліся ў лютым», — згадвае Шустэр.
Па яго словах, інтэрв'ю адбывалася ў невялікім пакоі ў бібліятэцы на другім паверсе палаца. На кніжнай паліцы стаяў збор твораў фанатычнага расійскага імперыяліста Аляксандра Дугіна.
«У іншым куце пакоя, за шэрагам камер, на мальберце, стаяў вялікі партрэт Уладзіміра Леніна. І калі мы селі, Лукашэнка павярнуўся да яго. Ён растлумачыў, што гэтая выява ўпрыгожвала сцяну яго кабінета яшчэ ў 1980-х гадах», — згадвае журналіст.
«У нашы дні я, вядома, далёкі ад савецкага народа, але савецкія прынцыпы, лепшыя з іх, жывуць ува мне. Чаму я павінен іх адкідаць? Гэтак жа, як амерыканцы не адкідаюць сваёй гісторыі, так і я. Вось чаму ў нас гэта сяброўства з Расіяй, самы цесны від супрацоўніцтва», — перадае Шустэр словы Лукашэнкі.
У самім інтэрв'ю, звяртае ўвагу Шустэр, Лукашэнка абвінаваціў у пачатку вайны украінцаў.
«Зяленскі разумеў, што жыве побач з Расіяй. Гэта спячы мядзведзь. Чаму ён пайшоў і разбудзіў яго?» — цытуе ён словы дыктатара.
У размовах з амерыканцамі, піша Шустэр, Лукашэнка трымаўся такой жа лініі, сцвярджаючы, што ва ўсім напружанні паміж ЗША і Расіяй вінаватая Украіна і прапаноўваў, каб Зяленскі не ўдзельнічаў у пачатку перамоў Трампа з Пуціным.
«Пуцін перш за ўсё хоча дамовіцца з вамі, — казаў Лукашэнка, і мяне ўспрымаючы як прадстаўніка Злучаных Штатаў. — Дамоўцеся ў першы ж дзень, а потым запрасіце Зяленскага. Гэта будзе выглядаць годна».
Лукашэнка агітаваў за такое ж стаўленне да еўрапейцаў:
«Пытанне ў вас, у Амерыцы, — сказаў ён мне. — Заходняя Еўропа можа і знікнуць з гарызонту. Пуцін можа іх ігнараваць. У гэтай сітуацыі, калі мы дамовімся з амерыканцамі, у еўрапейцаў ужо не застанецца выбару».
Па словах журналіста, у размове з ім Лукашэнка пахваліў Трампа за нібыта жаданне Еўропу «нахіліць».
Прыкладна праз тыдзень пасля майго інтэрв'ю, заўважае Шустэр, Трамп адправіў свайго спецыяльнага прадстаўніка Стывена Уіткафа ў Маскву на чарговы раўнд перамоваў з Пуціным. Гэтым разам пасланнік, здавалася, дасягнуў прагрэсу. Абвешчана пра падрыхтоўку сустрэчы Пуціна і Трампа.
Шустэр адзначае, што дамова пра двухбаковую сустрэчу выглядае прыніжальнай для ўкраінцаў:
«Калі сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца, будучыня Украіны можа быць вырашаная без удзелу яе лідараў, якія будуць вымушаныя прызнаць, прынамсі ўскосна, што свабода і суверэнітэт, за якія змагаецца іх краіна, павінны быць падпарадкаваныя волі вялікіх дзяржаў».
Пра словах Шустэра, Лукашэнка у гэтым праблемы не бачыць і ў інтэрв'ю даказваў, што Украіна ўжо страціла свой суверэнітэт, калі падчас вайны стала залежнай ад фінансавай і вайсковай дапамогі ЗША і Еўропы.
Лукашэнка запэўніваў: калі Украіна не будзе асцярожнай, яна можа страціць Кіеў гэтак жа, як страціла свае ўсходнія рэгіёны. Аднак ён прызнаў, што Расія, магчыма, і не зможа больш нічога асабліва захапіць.
«Пуцін разумее, колькі гэта будзе каштаваць. Кошт гэтай перамогі будзе высокім», — цытуе журналіст словы Лукашэнкі і дадае, што дыктатар, «нягледзячы на ўсю сваю пахвальбу, здавалася, прызнаў, што становішча Расіі ў апошнія месяцы таксама стала хісткім».
Шустэр прыводзіць свой дыялог з Лукашэнкам:
«Мне здаецца, што гэтая вайна, гэтая спецыяльная ваенная аперацыя, прайшла не так, як ён [Пуцін] думаў», — кажа Лукашэнка.
«Ці азначае гэта, што Пуцін азіраецца на ўсё гэта са шкадаваннем?»
«Так, я думаю, што так. Я ўпэўнены, што ён шмат пра што шкадуе».
«І на якія саступкі ён пайшоў бы, каб спыніць вайну? І што перашкодзіць Пуціну пачаць новую вайну, калі ў яго будзе час аднавіць свае войскі і аднавіць эканоміку?»
Пры адказе на гэта пытанне, адзначае Шустэр, Лукашэнка стаў выразна больш асцярожным і стрыманым у словах — так, быццам лічыў гэтыя пытанні не настолькі істотнымі, каб з-за іх тармазіць або адкладваць мірны працэс. Для пачатку, ён ізноў праводзіў тут крамлёўскі наратыў, амерыканцы павінны афіцыйна прызнаць прэтэнзіі Расіі на чатыры рэгіёны паўднёвай і ўсходняй Украіны, нават нягледзячы на тое, што расійскія войскі яшчэ далёкія ад заваявання гэтых самых рэгіёнаў.
«Такі крок амерыканцаў, — сказаў мне Лукашэнка, — імаверна, задаволіць імперскія амбіцыі Пуціна і той больш на будзе спрабаваць захапіць яшчэ большую частку Украіны».
«Імаверна… Гэта было ўсё, што ён мог паабяцаць. Роля Лукашэнкі, на яго думку, заключалася ў тым, каб знайсці спосаб, каб Трамп і Пуцін маглі сустрэцца і спыніць вайну. Падрабязнасці ж павінны высветліць яны самі», — піша Шустэр і перадае словы Лукашэнкі:
«Цяпер усё ў руках Дональда. І ён можа ўсё сапсаваць з-за свайго характару. Усе тэрміны і ультыматумы, якія Трамп вызначыў для мірнай дамовы, усе пагрозы тарыфаў і санкцый супраць Расіі — «гэта дурасць. Гэта ўсё чыстыя эмоцыі. А ў палітыцы гэта недапушчальна».

Як згадвае Шустэр, у канцы інтэрв'ю, калі яны ўжо развітваліся, Лукашэнка патлумачыў, чаму ён хацеў з ім пагаварыць:
«Спадзяюся, вы ўзрушыце грамадскую думку ў Злучаных Штатах Амерыкі, — сказаў мне Лукашэнка. — Усё ўдасца. Проста падштурхніце Трампа».
Шустэр падсумоўвае свае ўражанні так: «Сумесная спроба Лукашэнкі з Пуціным дамагчыся міру на выгадных для Расіі ўмовах ужо знайшла моцны водгук у Вашынгтоне. Гэта дапамагло выйграць дадатковы час, каб расійскае войска магло працягваць летняе наступленне ва Украіне.
Але цяпер, у вырашальны момант, Трамп заняў больш прынцыповую пазіцыю, пагражаючы ўвесці мытныя тарыфы супраць любой краіны, што купляе расійскую нафту, пачаўшы з Індыі, а потым перайшоўшы да Кітая і Турцыі».
Калі падсумоўваць тэкст на 28 тысяч знакаў адным сказам: Шустэр Лукашэнку не паверыў.
Амерыканскі журналіст Шустэр расказаў, як яго ўгаворвалі зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам Нават прапаноўвалі грошы.
«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў
Лукашэнка пра магчымасць балатавацца на яшчэ адзін тэрмін: Трампу хутка 80, і ён прыстойна выглядае
Каментары
"Называючы Сміта напаўжартам агентам ЦРУ, Лукашэнка заклікаў яго ні ў якім разе не спрабаваць убіць клін паміж Мінскам і Масквой, бо гэта толькі марнаванне часу. (…) Другое асноўнае правіла вынікала з першага. Лукашэнка даў зразумець, што будзе каардынаваць свае дзеянні з Пуціным на кожным кроку і не будзе прымаць ніякіх рашэнняў без адабрэння Крамля».