Свет11

Памерла найстарэйшы прадстаўнік каралеўскай сям'і ў Брытаніі. Герцагіня пакінула каралеўскае жыццё, каб стаць школьнай настаўніцай

Герцагіня Кенцкая, якая памерла ва ўзросце 92 гадоў 5 верасня, выконвала свае каралеўскія абавязкі, прыцягваючы мінімум увагі, піша Бі-бі-сі.

Фота: Colin Davey/Getty Images

Найбольш публіка ведала яе як элегантную жанчыну, якая штогод уручала трафеі на Уімблдоне, а аднойчы нават суцяшала засмучаную фіналістку.

Яна стала першым прадстаўніком каралеўскай сям’і, якая прыняла каталіцызм пасля Акту аб наследаванні трона 1701 года — але гэта не стала самым вялікім сюрпрызам з яе боку.

Асэнсаваўшы, што яе дзве страсці — гэта музыка і дзеці, яна ціха адышла ад каралеўскага жыцця і ўладкавалася настаўніцай музыкі ў пачатковай школе ў Кінгстан-апон-Хал.

Яна нават перастала карыстацца тытулам Яе Каралеўская Высокасць. У настаўніцкай яна была проста «Кэт», а для дзяцей — «місіс Кент».

Самотнае дзяцінства

Кэтрын Люсі Мэры Уорслі нарадзілася ў Ёркшыры ў 1933 годзе. Яе домам быў Хоўінгем-Хол — вялікі маёнтак, які належаў сям’і на працягу стагоддзяў.

Яна не была высакароднага паходжання, але сям’я Уорслі была заможнай. Яе дзед, Джон Брунэр, заснаваў кампанію па вытворчасці фарбаў і хімікатаў, якая пазней стала ICI.

Паколькі братоў адправілі ў закрытую школу, дзяцінства Кэтрын было самотным. Падчас Другой сусветнай вайны яе адзінымі пастаяннымі спадарожніцамі часта былі маці і старая гувернантка.

Яна знаходзіла суцяшэнне ў пагорках і пустках Ёркшыру. Фатограф Сэсіл Бітан, які часта бываў у іх доме, апісаў яе як «дзяўчыну, што вельмі любіла быць на прыродзе».

Калі ёй споўнілася 10, ёй дазволілі пайсці ў школу — спачатку ў Сэнт-Маргарэт у Ёрку, а пазней у Рантан-Хіл у Норфалку.

Рантан-Хіл быў змрочным закладам, але менавіта там Кэтрын пазнаёмілася з музыкай — сваёй пажыццёвай страсцю. Яна навучылася граць на фартэпіяна і скрыпцы, а таксама — маючы цудоўны голас — брала ўрокі спеву.

Пасля заканчэння школы ёй не ўдалося паступіць у Каралеўскую акадэмію музыкі, таму яна пайшла ў школу міс Х’юблер у Оксфардзе.

Дэбютантка

Нягледзячы на адсутнасць дыпломаў, бацькі ўладкавалі яе на працу ў элітны дзіцячы садок — але на самой справе іх мэтай заставалася знайсці ёй мужа.

Як прыгожая і багатая дэбютантка, Кэтрын пазнаёмілася з многімі віднымі маладымі мужчынамі 1950-х гадоў — і сярод іх быў прынц Эдвард, герцаг Кенцкі, унук Георга V.

На момант яго нараджэння прынц Эдвард быў шостым у чарзе на трон — настолькі блізкім, што па законе на яго нараджэнні павінен быў прысутнічаць міністр унутраных спраў, каб пацвердзіць будучыя правы на спадчыну.

Прынц Эдвард толькі што скончыў Сандхэрст і служыў афіцэрам у Кэтэрыку, недалёка ад яе роднага дома — але яго маці, прынцэса Марынa, нібыта не ўхваляла іх адносінаў.

Яна хоць і была багатай, але ўсё ж заставалася просталюдзінкай. Герцаг быў адпраўлены ў Германію, каб астудзіць пачуцці, але адлегласць не загасіла полымя.

Фота: Karwai Tang / WireImage / Getty Images

Тым часам Кэтрын з сяброўкай адправіліся ў падарожжа аўтобусам у Мексіку. Падарожжа цягнулася некалькі месяцаў, і калі яна прыбыла ў пункт прызначэння, там яе чакалі кветкі з паштоўкай ад «Э».

Пара абвясціла пра заручыны ў сакавіку 1961 года, а праз месяц ажанілася.

Ікона стылю

Каб яшчэ больш уразіць сям’ю, яны вырашылі не выбіраць для вяселля Вестмінстэрскае абацтва ці сабор Святога Паўла.

Сяброў і родных запрасілі ў Ёркскі сабор — храм, дзе апошні раз адбывалася каралеўскае вяселле ў 1328 годзе.

Газеты былі ў захапленні ад новага прадстаўніка каралеўскай сям’і, і Кэтрын не расчаравала.

Напярэдадні вяселля яе сфатаграфавалі ў самым модным уборы 1960-х — міні-спадніцы.

З цягам часу нарадзіліся яшчэ двое дзяцей: лэдзі Хэлен і лорд Нікалас Віндзар. Але ў 1975 годзе падчас чацвёртай цяжарнасці Кэтрын захварэла на краснуху.

Дактары раілі зрабіць аборт, бо хвароба часта шкодзіць ненароджаным дзецям. Пасля кансультацый з рэлігійнымі аўтарытэтамі Кэтрын перапыніла цяжарнасць.

Праз два гады пятая цяжарнасць завяршылася нараджэннем мёртвага сына Патрыка.

«Гэта аказала разбуральны ўплыў на мяне, — казала яна пазней. — Я пакутавала ад вострай дэпрэсіі. Думаю, рэдка хто вытрымаў бы такое выпрабаванне».

Нервовае знясіленне

У 1976 годзе прынц Эдвард пакінуў армію, узяў на сябе больш каралеўскіх абавязкаў і стаў намеснікам кіраўніка Брытанскай рады па знешнім гандлі.

Новае жыццё патрабавала пастаянных паездак, і герцагіня пачала адчуваць стомленасць. Смерць бацькоў пагоршыла яе стан.

У 1978 годзе яна трапіла ў бальніцу з «нервовым знясіленнем», але неўзабаве паступова вярнулася да публічнай дзейнасці — у прыватнасці, да працы з арганізацыямі, што дапамагалі маладым і сталым людзям.

Найбольш вядомай яе роляй было ўручэнне трафеяў на Уімблдоне, дзе, паводле паведамленняў, менавіта яна адыграла ключавую ролю ў скасаванні традыцыі, калі гульцы павінны былі кланяцца або прысесці перад каралеўскай ложай.

Яе рашэнне падтрымала каралева Лізавета, якая пастанавіла, што месца прынца Эдварда ў чарзе на трон застанецца нязменным.

Кэтрын працягвала працаваць з ЮНІСЕФ і дапамагаць ахвярам мін у Камбоджы, але ўсё больш аддалялася ад каралеўскай сям’і. Яна нават абвясціла, што больш не будзе карыстацца тытулам Яе Каралеўская Высокасць, і пачала жыць з мужам асобна.

Называйце мяне «Кэтрын Кент»

Яна пачала прадстаўляцца проста як Кэтрын Кент.

«Я не люблю быць публічнай асобай і кажу гэта вельмі шчыра, — прызнавалася яна. — Гэта мая натура, такой я нарадзілася. Я люблю працаваць ціха, за кулісамі. Я вельмі сарамлівы чалавек».

Яна стала настаўніцай музыкі ў пачатковай школе Вансбек у Кінгстан-апон-Хал, дзе вялікую ўвагу надавалі навучанню дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Толькі дырэктар школы ведаў, хто яна насамрэч.

«Вучні пачатковай школы — як маленькія губкі, — казала Кэтрын. — Яны вельмі ахвотна вучацца, і таму выкладаць ім — сапраўднае задавальненне».

У 2004 годзе Кэтрын заснавала дабрачынны фонд Future Talent, каб даць дзецям з бедных сем’яў магчымасць займацца музыкай.

У партнёрстве са школамі дзецям выдавалі інструменты і заахвочвалі развіваць музычныя здольнасці.

І выкладала яна не толькі класічную музыку.

Жарсць да рэпу

У інтэрв’ю Guardian герцагіня прызналася, што любіць Eminem і Ice Cube — хаця дадала, што не можа гэтага сказаць пра Kanye West ці Stormzy.

«Калі вы ўбачыце кагосьці на трасе М40, хто выглядае трохі дзіўна, — гэта я спрабую чытаць рэп у машыне па дарозе дадому», — сказала яна здзіўленаму журналісту.

Кэтрын, герцагіня Кенцкая, рэдка пакідала сваю добраахвотную ізаляцыю, хоць у 2018 годзе наведала вяселле прынца Гары.

Яна таксама, па запрашэнні каралевы Лізаветы, была сярод нешматлікіх, хто ўдзельнічаў у пахаванні герцага Эдынбургскага — але была занадта слабой, каб прысутнічаць на каранацыі караля Карла III у 2023 годзе.

Герцагіня абдымае Яну Новатну пасля паразы тэнісісткі ў фінале Уімлбдона. Фота: Chris Cole / Getty Images 

Яе запомняць па тых абдымках з чэшскай тэнісісткай Янай Новатнай, па яе годнасці і ціхім спачуванні, а таксама як «каралеўскую асобу па прымусе», якая ўрэшце вырашыла, што яе сапраўднае пакліканне — навучаць дзяцей любіць музыку.

Каментары1

  • Жвір
    06.09.2025
    Які сьветлы тэкст. Рэдка.

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ22

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

12‑гадовы хлопчык у рэанімацыі пасля катання на цюбінгу3

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна1

Уначы над Беларуссю бачылі Снежны Месяц ФОТЫ

Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане4

Прапагандыстка Лебедзева пахвалілася эксклюзівам з Марыупальскага тэатра, які Расія адбудавала з нуля, каб схаваць сляды ваеннага злачынства16

Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?11

Нараджаецца менш дзяцей, бо праблемай стала зачаць. Вось што выявілі апошнія даследаванні, асабліва мужчынскага здароўя10

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію4

Учора — у лукашэнкаўскай турме, сёння — у Кіеве дапамагае ўкраінцам выжыць. Былы палітвязень і сваяк Ціханоўскай стаў валанцёрам у Пункце нязломнасці6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ22

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць