ФІФА прэзентавала вобразы талісманаў чэмпіянату свету па футболе 2026 года. Турнір адбудзецца ў ЗША, Мексіцы і Канадзе, таму абралі трох талісманаў.

Маскотамі абраныя лось Мэйпл, які прадстаўляе Канаду, ягуар Заю — Мексіку і арлан Клатч — ЗША.
Паводле слоў прэс-службы ФІФА, талісманы будуць адлюстроўваць дух і культуру сваіх краін.
«Каманда чэмпіянату свету — 2026 стала большай і яшчэ весялейшай! Мэйпл, Заю і Клатч поўныя радасці, энергіі і духу адзінства, як і сам чэмпіянат свету па футболе», — сказаў прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна.
Наступны чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года. Упершыню ён пройдзе ў трох краінах. Гульні адбудуцца ў 16 гарадах ЗША, двух Канады і трох Мексікі.
Упершыню ў чэмпіянаце свету возьме ўдзел 48 зборных (з 1998 года было па 32).
12 груп па 4 каманды ў кожнай, а ў плэй-оф будуць выходзіць каманды, што занялі 1‑е і 2‑е месцы, а таксама 8 найлепшых каманд, што занялі 3‑е месца. Акрамя таго, дададзеная новая стадыя ў плэй-оф — 1/16 фіналу.
Зборная Беларусі бярэ ўдзел у адборы, у нашай групе гуляюць каманды Грэцыі, Даніі і Шатландыі.
На сусветнае першынство выходзіць пераможца групы, а зборная, што зойме другое месца, паўдзельнічае ў дадатковых адборачных матчах.
Беларусы прайгралі першыя два матчы Грэцыі і Шатландыі, 9 і 12 кастрычніка — гульні з Даніяй і Шатландыяй.
Каментары
ЧС 1994 ў ЗША можна было пабачыць пераважную большасць матчаў у звычайны час вечарам. Бо там большасць матчаў шла ў дзень.
Магчыма гэта будзе ўлічана і большасць матчаў пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы днем. Калі надвор'е дазволіць і ня будзе надзвычайнай спякоты.