Меркаванні6565

Берлінскі беларус напісаў, як у Мінску бедна, тандэтна і нудна. Яму рэзка адказаў Стась Карпаў

«За два тыдні ў Мінску я знішчыў новую пару красовак, вярнуўся — адразу выкінуў», — паскардзіўся Мікалай Суліма. «Трэба купляць нармальныя красоўкі, а не нейкае гаўно», — рэзка адказаў яму Стась Карпаў. Але тэкст Сулімы не толькі пра матэрыяльны бок Мінска: «Адчуванне фальшу і падробкі паўсюль, не жыццё, а імітацыя», — з такім пачуццем ён вярнуўся.

Мікалай Суліма. Фота: kolia.sulima / Facebook

Беларус Мікалай Суліма, які жыве ў Берліне, нядаўна наведаў Беларусь з мэтай замены пашпарта. Уражанні ад паездкі і знаходжання ў Мінску ён падзяліўся ў вялікім тэксце, які размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Тэкст пачынаецца з апісання праходжання мяжы, якае паўстае месцам страху і разгубленасці: «спалоханыя старыя з торбамі», паперы ў файлах, якія падаюць і рассыпаюцца, жанчына, якая камандуе мужам Лёшам, што згубіў кнопачны тэлефон. Памежнік з «посным тварам, як у пакутніка на карціне», які «інтымна» тлумачыць жанчыне, што не пусціць яе ў Беларусь. Пры гэтым агульная атмасфера на кантрольным пункце — «поўная абыякавасць».

«Трава акуратна скошаная ўздоўж шашы. На палях ляжаць спакаваныя ў пластык рулоны сена і саломы. Дзе-нідзе з сена пабудавалі замкі, палацы і сцэнкі з сельскага жыцця», — піша Суліма.

На ўездзе ў Мінск яго сустракаюць «вялізныя, нязвыклыя бетонныя хмарачосы на тысячы кватэр» і агітацыйныя білборды, якія рэкламуюць службу ва Унутраных войсках і папярэджваюць: «Не паддавайцеся ўплыву радыкальных тэлеграм-каналаў!»

Такім, змрочным і неэстэтычным, убачыў Мінск Мікалай Суліма. Фота: kolia.sulima / Facebook

Выйшаўшы на наступны дзень у горад у пошуках лепшага абменнага курса, аўтар, па яго словах заўважыў, што «горад развальваецца».

«Трамваі «Белкамунмаш» і аўтобусы «МАЗ» і новымі былі паршывай якасці, а за дзесяць гадоў ператвараюцца ў катавальні на колах. Дрыжаць, не дай бог сесці ў канцы салона, можна зубы палічыць. Трамваі ходзяць павольна, падобна, баяцца сысці з рэек ці разваліць палатно.

Прыпынкі пастаўлены так, што робіш шмат перасадак або шмат ходзіш пешшу. Выходзяць вялізныя канцы: за два тыдні ў Мінску я знішчыў новую пару красовак, вярнуўся — адразу выкінуў. Вельмі стамляюць падземныя пераходы, яны ўсюды: радзіма жадае, каб я больш часу праводзіў пад зямлёй», — наракае Суліма і параўноўвае з Мінск з Берлінам:

«Мінск дваццаць першага стагоддзя пабудаваны з самых танных матэрыялаў, вельмі заўважна ў параўнанні з Берлінам. (…) Вярнулася забытае адчуванне брудных рук праз пару гадзін у горадзе. Хочацца вымыць, але незразумела, дзе. У Мінску па-ранейшаму небяспечна хадзіць, не гледзячы пад ногі: тратуарная плітка ляжыць хваляй. (…)

Фота: kolia.sulima / Facebook

З Мінска зніклі людзі ва ўзросце ад трыццаці да пяцідзесяці. У Берліне яны ўвесь час навідавоку: добра апранутыя, сядзяць у рэстаранах, займаюцца спортам. У Мінску ў гэтай узроставай групе толькі маргіналы».

Адзіным светлым момантам ён называе працу «Мінскзелянбуда», які стварае ідэальныя газоны і клумбы.

Аўтар расказвае і пра бытавыя праблемы: заблакаваныя заходнія сайты, адмова прымаць у абменніку купюру з адарваным кутком, немагчымасць зняць наяўныя з карткі. Размовы з сябрамі круцяцца вакол «унутранай міграцыі» — жыцця за горадам, дзе можна «хоць нешта кантраляваць», а таксама вакол рамонту, машын і атрымання шэнгенскай візы.

Працэс у пашпартным стале апісаны як чарговы здзек: фотаапарат, настроены «каб ты выглядаў, як труп», духата, «драўляная жанчына» — супрацоўніца, якая ўвесь час кажа «мы» («падпісваем тут, запаўняем форму, пазначаем дату»).

І фінальны акорд — заплаціўшы 150 еўра за тэрміновасць, ён не атрымлівае СМС, бо «вы за яго не заплацілі».

Фота: kolia.sulima / Facebook

Пад канец тэксту аўтар заўважае, што бяздомных на вуліцах няма, бо, як тлумачыць яму сябар, «усе бамжы ў турмах», дзе іх выкарыстоўваюць як «гібрыдную зброю» супраць палітычных. Горад напярэдадні дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства (17 верасня) — абвешаны дзяржаўнымі сцягамі, а ў транспарце гучыць пафасная прамова пра Мінск.

«Раптам я разумею, што гэта нагадвае. Мінск чытае прамову на ўласнай паніхідзе. Аб нябожчыку — толькі добрае», — піша Суліма.

«Да канца другога тыдня мне ўжо душна. Краіна перамагла ўнутраных ворагаў: дзе раней стаялі вартаўнікі і шныпарылі мянты — пуста. Ніхто нічога не ахоўвае, абыякавасць і апатыя.

Адчуванне фальшу і падробкі паўсюль, не жыццё, а імітацыя. Крамы набіты нікому не патрэбнай дрэнню беларускай вытворчасці. Час назад, да бамжоў, беспрацоўных і вычварэнцаў», — заканчвае аўтар.

«Самаратавальнае зларадства»: адказ Стася Карпава

Многія мінчукі абурыліся такім поглядам на сталіцу. У фэйсбуку некалькі дзён абмяркоўвалі, што аўтар нібы наўмысна стараўся заўважыць толькі кепскае ў горадзе.

Адным з самых гучных адказаў на тэкст Сулімы стаў пост вядомага блогера і пісьменніка Стася Карпава, які перавёў размову з плоскасці «які дрэнны Мінск» у плоскасць этыкі, оптыкі эмігранта і павагі да тых, хто застаўся.

Стась Карпаў. Фота: StasKarpau / Facebook

Карпаў прызнае літаратурны талент апанента, але менавіта гэта, на яго думку, робіць тэкст яшчэ больш таксічным. Стась вызначае жанр тэксту Сулімы як «нататкі з закапыленай ніжняй губой» і праводзіць паралель з каланіяльнай літаратурай:

«жанр нататак з закапыленай ніжняй губой быў прыдуманы не ім. Думаю (думаю) які-небудзь Кіплінг, народжаны ў Індыі, так і апісваў быт індусаў. Белы чалавек. Арыстакратычны ген. Ён не мог інакш».

На думку Карпава, увесь тэкст прасякнуты «самаратавальным зларадствам», якое дазваляе аўтару адчуваць сваю перавагу. Ён з іроніяй адзначае, што людзі ў Мінску проста не былі гатовыя да такога пільнага агляду:

«Панылыя дэгенератыўныя беларусы маглі б выглядаць рэспектабельней у вачах Колі, калі б у іх быў час на падрыхтоўку для самапрэзентацыі. Яны не ведалі, што з іх беззубасці ці чорна-беласці вопраткі будуць зроблены высновы шырокім мазком. Уж яны б прыўбраліся і падштурхнулі б языком упалую губу».

Карпаў заўважае, што ніхто не крытыкуе Сулімы, хаця падставаў для крытыкі можна знайсці шмат. Напрыклад, пасты ў фэйсбуку, ці фотаздымкі самога аўтара:

«калі пачытаць ягоны фэйсбук, апошнія пастоў 10, то (…) Хто б мог падумаць, што так праходзяць будні пісьменніка? (…) Калі б я ўбачыў на вуліцы Колю Суліму і хацеў бы, што наўрад ці, напісаць менавіта пра яго — я б напісаў, што ён падобны да недагледжанага маджахеда. Калі б я яго ўбачыў у Мінску ў парваных (за 2 тыдні) красоўках — я б напісаў, што трэба купляць нармальныя красоўкі, а не нейкае гаўно.

Але. Я так не напішу, бо мне не стане лепей ад таго, што Коля не ўмее купляць кросы і прыгожа стрыгчы бараду».

Карпаў таксама высмейвае саму сутнасць параўнання Мінска і Берліна:

«Дзіўна, што раней ніхто не звяртаў увагі на тое, што Берлін — багаты і прыгожы горад багатай і прыгожай еўрапейскай краіны. А Мінск — сталіца беднай краіны. Гэта назіранне можна ўключыць у топ-100 высноваў ХХІ стагоддзя».

Пры канцы Карпаў піша:

«Калі я прыеду ў Мінск і згадаю, чаму яго палюбіў — я стану шукаць гэта, каб пазнаёміцца з маім горадам нанова. А пакуль я яго не ведаю. А пакуль я яго шкадую. А пакуль я зычу беларусам з зубамі і без, з кнопкавымі і нават з дыскавымі тэлефонамі выжыць у гэтай смяротнай любові.

А Мікалаю я зычу не забываць пра тое, што псіхолагі часта рэкамендуюць пісаць «саматэрапеўтычныя тэксты», але наўрад ці яны прапануюць іх публікаваць, бо ў іх зашмат пра аўтара і нічога пра астатняе ўсё».

І дадае:

«Пасля таго, як вас пакрыўдзілі, не палюбіўшы вашага тэксту, — не варта пісаць, як вы п***зіце грушу ў баксёрскай зале. Гэта — дзяцячы садок і не варта берлінскага інтэлектуала з добрымі зубамі і тэлефонам».

Каментары65

  • gh
    30.09.2025
    Ну а што ён не так напісаў? У мяне тое ж адчуванне было. Аднаго разу хапіла з'ездзіць дадому пасля года адсутнасці, каб уся нуда знікла без следу
  • Лапідарыі ўсіх краін - яднайцеся!
    30.09.2025
    Папахвае наўмыснай дыскрэдытацыяй уладна-народнага адзінства! Хто даў сіні пашпарт гэтай контры? Ату яго, ату!
  • Туз
    30.09.2025
    Карпов, вот тебя алконавта я точно послушаю иным разом. Когда в Минск вернешься ( не вернешься )

Цяпер чытаюць

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны103

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Жах на пяць паверхаў: як жыве і пакутуе самая вялікая камуналка Мінска4

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне9

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра84

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання4

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны103

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць