Культура66

Занадта паспяховая для правалу. Як імперыя Тэйлар Свіфт зрабіла яе настолькі маштабнай фігурай, каб яна змагла пацярпець паразу

Сёння, 3 кастрычніка, выходзіць яе новы альбом The Life of a Showgirl, і складана назваць прычыны, па якіх ён бы не змог стаць фенаменальна паспяховым.

Фота: Matt Winkelmeyer/Getty Images for The Recording Academy

Апоўначы 19 красавіка мінулага года выйшаў адзінаццаты студыйны альбом Тэйлар Свіфт The Tortured Poets Department. На працягу 31 трэка пра разбітае сэрца і тугу Тэйлар Свіфт здзірала скуру са старых ран сваіх раманаў з рок-музыкантам Мэцью Хілі і акцёрам Джо Элвінам, адказвала на крытыку ў сацсетках і расказвала пра цяжкі цяжар славы, піша Бі-бі-сі.

Ацэнка крытыкаў была ў лепшым выпадку стрыманай.

Музычны часопіс NME назваў альбом «рэдкай няўдачай» для Свіфт і адзначыў «тэксты, якія выклікаюць крынж». New York Times апісаў гэтую працу як «абмежаваную» і «поўную самалюбства».

У пятніцу 3 кастрычніка выходзіць яе новы альбом The Life of a Showgirl, і складана назваць прычыны, па якіх ён бы не змог стаць фенаменальна паспяховым.

Больш за пяць мільёнаў фанатаў дадалі яго ў папярэдняе захаванне ў дадатку Spotify (і гэта чарговы рэкорд у гісторыі гэтай кампаніі), а папярэднія заказы на спецыяльнае вінілавае выданне раскупілі ў анлайн-краме Свіфт менш чым за гадзіну. І ўсё гэта — яшчэ да таго, як публіка пачула сам альбом.

У свае 35 гадоў Свіфт, падаецца, стала занадта маштабнай фігурай, каб пацярпець паразу. Яе месца сярод найлепшых выканаўцаў усіх часоў ужо забяспечана.

Але ці зможа яна працягваць заставацца ў топе, калі густ публікі ўсё больш змяшчаецца ў бок спевакоў, у якіх у жыцці ўсё складана і якія не баяцца адкрыта гаварыць пра сваю ўразлівасць?

Жалезны кантроль над вобразам

Больш, чым, мабыць, любы іншы сучасны музыкант, Свіфт выйшла за межы поп-музыкі.

Справа не толькі ў маштабах продажаў — іншыя зоркі, накшталт Майкла Джэксана і Мадонны, прадавалі больш кружэлак (хоць гэта было да таго, як эпоха стрымінгу знізіла гэтыя паказчыкі).

Тое, што адрознівае Свіфт, — гэта яе ўменне выйсці за рамкі самой музычнай індустрыі, пабудаваўшы вакол сябе ўласны сусвет.

Ёй удалося стаць праваўладальніцай сваёй музыкі, і цяпер яна, у адрозненне ад многіх іншых артыстаў, не залежыць ад гуказапісвальных кампаній.

Яна вырасціла армію максімальна адданых «свіфці». Дзясяткі мільёнаў прыхільнікаў амаль напэўна загрузяць яе новы рэліз незалежна ад таго, што скажуць крытыкі.

«Яна пабудавала вакол сябе імперыю, дзе ніхто не можа ўказваць ёй, акрамя яе самой», — кажа Таццяна Сірысана, музычны аналітык кансалтынгавай кампаніі MIDiA.

Але ў аснове поспеху Свіфт ляжыць жалезны кантроль над яе публічным вобразам.

З 2023 года яна не давала ніводнага вялікага інтэрв'ю мэйнстрымавым часопісам — тады яна пагаварыла з Time пасля таго, як выданне назвала яе «Чалавекам года». Гэта азначае, што ўсё, што фанаты даведаюцца пра яе, зыходзіць наўпрост ад яе самой — няхай гэта будуць пасты ў сацсетках або дэталі, якія яны вычляняюць з яе песень.

Пра свае нядаўнія заручыны з гульцом у амерыканскі футбол Трэвісам Келсі яна аб'явіла праз інстаграм, а новы альбом прасоўвала праз падкаст свайго жаніха New Heights, дзе яна, па ўсёй бачнасці, мае пэўны рэдактарскі кантроль.

«Для яе вельмі характэрна рабіць такія аб'явы наўпрост — без чыйго-небудзь пасярэдніцтва», — кажа Эні Залескі, музычны гісторык і аўтар кнігі Taylor Swift: The Stories Behind the Songs («Тэйлар Свіфт: Гісторыі за яе песнямі»).

Свіфт заўсёды шанавала магчымасць мець прамую сувязь са сваімі прыхільнікамі. Па словах Залескі, такі стыль камунікацыі яна выбрала яшчэ тады, калі была падлеткам і спявала кантры ў Нэшвіле, заваёўваючы аўдыторыю спачатку на платформе MySpace, а пазней — на Tumblr.

Гэта стала магчымым дзякуючы асаблівасцям музычнага права: яе старая гуказапісвальная кампанія валодала правамі на альбомы (і на майстар-запісы кожнай песні), але Свіфт захавала за сабой выдавецкія правы на мелодыі і тэксты.

Гэта азначала, што яна магла забараняць радыёстанцыям і тэлешоу выкарыстоўваць урыўкі Shake It Off або Love Story — калі толькі яны не ставілі новую версію, выкарыстанне якой яна кантралявала.

А пры падпісанні новага кантракта з лэйблам у 2019 годзе Свіфт настаяла на тым, каб ёй належалі і правы на майстар-запісы, і выдавецкія правы — гэта значыць, па сутнасці, яна цяпер цалкам кантралюе тое, калі і як гучыць яе музыка.

Па словах Эні Залескі, менавіта гэтая гатоўнасць кінуць выклік музычнай індустрыі вылучае Свіфт: «Вельмі рэдка бывае, каб усе гэтыя правы знаходзіліся ў адных руках».

У маі гэтага года Свіфт завяршыла эпапею, выкупіўшы свае правы на майстар-запісы ва ў старой гуказапісвальнай кампаніі. «Уся музыка, якую я калі-небудзь стварала, цяпер належыць мне, — напісала Свіфт на сваім сайце. — Я расплакалася ад шчасця».

Гэта быў пакутліва публічны працэс — і менавіта таму ён быў важны, лічыць Залескі: «Мне жудасна падабаецца, што яна здымае заслону таямніцы з такіх складаных бізнэс-спраў».

Яна змяніла правілы гульні і для іншых артыстаў. Шведская поп-зорка Зара Ларсан расказала мне, што калі яе лэйбл выставілі на продаж, яго генеральны дырэктар прапанаваў ёй магчымасць выкупіць свае майстар-запісы.

«[Ён] бачыў, што адбылося з Тэйлар [Свіфт], і зразумеў, што для яго гэта быў бы горшы кашмар».

Аднак не ўсе так уражаныя тым, як Свіфт вядзе справы.

Эйман Форд, аўтар і аглядальнік музычнай індустрыі, кажа, што лёгка намаляваць спрошчаны сюжэт у духу «Давід супраць Галіяфа» пра барацьбу зоркі са сваёй гуказапісвальнай кампаніяй. Ён лічыць, што ў яе рашэнні перазапісаць старыя альбомы магла прысутнічаць і доля «дробязнасці».

Перамовы ў музычнай індустрыі, па яго словах, «рухаюцца не толькі грашыма, што відавочна, але яшчэ і эга… думаю, гэта была дзівосная сумесь усяго гэтага».

І ён адзначае, што Свіфт — не першы музыкант, які дабіваўся кантролю над сваёй творчасцю: сярод тых, хто судзіўся за свае аўтарскія правы, быў, напрыклад, Пол Макартні.

Любоў некалькіх пакаленняў робіць Свіфт няўразлівай

Свіфт як каралева поп-музыкі настолькі трывала заняла дамінуючае становішча, што мала хто задаваўся пытаннем, як і калі яе «скінуць». Але зараз гэтыя пытанні — пакуль што ціха — пачынаюць гучаць.

Па-першае, будучае вяселле. Свіфт пабудавала багацце на песнях пра разбітае сэрца і няшчаснае каханне. І цяпер, калі 14‑разовая ўладальніца «Грэмі» аб'явіла пра свае заручыны, некаторыя задумаліся: што ж цяпер будзе з фанатамі, якія знаходзілі сябе ў гэтых песнях?

Ці не азначае «шлюбная эра» ў жыцці Свіфт канец песням пра разбітае сэрца, якія зрабілі яе пазнавальнай, задаліся пытаннем у ABC News. Але аналітыкі адзначаюць, што «свіфці» — гэта ўжо не адно пакаленне. Гэта і даўнія прыхільнікі, якія заўважылі юную кантры-спявачку ў 2006 годзе, і сённяшнія падлеткі, якія папоўнілі армію фанатаў падчас канцэртнага тура Eras Tour у 2023‑2024 годзе.

«І гэта сапраўды робіць яе няўразлівай», — кажа Залескі.

Яе тэксты таксама эвалюцыянавалі з часоў ранніх альбомаў.

«Яна значна глыбей як аўтар песень, чым многія думаюць, — і гэта дапамагае ёй заставацца актуальнай», — сцвярджае Залескі.

Дапамагае ёй і ўменне ператварацца — ад кантры-эры 2000‑х да пераходу ў поп і сяброўства з вядомымі спявачкамі і супермадэлямі, уключаючы Карлі Клос, Селену Гомес, Кару Дэлевінь і Джыджы Хадзід.

Яе кар'ера нагадвае кар'еру Мадонны, якая таксама не раз «перавынаходзіла» сябе. Але Свіфт разумее, што ніхто — нават Мадонна — не можа вечна дыктаваць густы ў поп-культуры.

«Людзі зноў хочуць бруду»

Для любой поп-зоркі, не толькі для Свіфт, праблемы пачынаюцца тады, калі глабальна змяняюцца музычныя густы публікі, а спявак не паспявае падладзіцца.

Музыка Свіфт — занадта адпаліраваная, а зараз новыя пакаленні музыкаў адыходзяць ад гэтага, знаходзячы прыгажосць у недасканаласці.

Як адзначае Сірысана, у трэндзе апатыя і нігілізм. Менавіта да гэтых настрояў паспяхова звярнулася брытанская спявачка Charli XCX у леташнім альбоме Brat, які яна апісала як «хаос і эмацыйную сумятню пад клубны саўндтрэк».

«Гэта ідэальна супала з постпандэмічным настроем: людзі зноў хочуць бруду, яны хочуць курыць, тусавацца, хочуць, каб на іх капаў чужы пот, — кажа Сірысана. — Вось гэта самае пачуццё, што нішто не важна».

Алівія Радрыга, якой 22 гады, піша пра сустрэчы з былымі, якія сама ж лічыць дрэннай ідэяй. Лола Янг, якой 24, спявае ў песні Messy: «Я куру, як дымаход, я не худышка і кожны другі тыдзень зрываюся, як Брытні Спірс». 

У Свіфт, якой у снежні споўніцца 36 гадоў, зусім іншы вобраз. Яна хутчэй тыповая каралева выпускнога ў амерыканскай школе. Так, у некаторых альбомах яна прызнаецца ў недасканаласці — але няхай гэта будуць песні пра рамантычныя перыпетыі ці спрэчкі са знакамітасцямі, менавіта яна кантралюе сітуацыю.

«Ці адпавядае эстэтыка і вайб Тэйлар таму, што зараз адбываецца ў культуры? Убачым», — кажа Сірысана.

Чым вышэй узлёт, тым больш балюча падаць

Менавіта маштабы поспеху Свіфт у канчатковым выніку могуць сыграць супраць яе, лічыць Сірысана.

«Чым больш ты расцеш, тым больш людзі задаюцца пытаннем, як ты трапіла на гэтыя вяршыні і ці заслугоўваеш ты гэтага», — кажа музычны эксперт.

Свіфт крытыкуюць і за рэчы, не звязаныя з яе творчасцю. Яе багацце, па даных Forbes, складае каля 1,6 млрд даляраў. Яна лётае на прыватным самалёце — і гэта не падабаецца тым, хто перажывае за экалогію. Крытыку выклікала і маркетынгавае партнёрства з банкам Capital One, некаторыя кліенты якога атрымлівалі ранні доступ да білетаў.

Журналістка і фанатка Свіфт Шэнан Палус у артыкуле для Slate ў 2022 годзе напісала, што Eras Tour паказаў «найменш прыкольную версію Свіфт на сённяшні дзень: Капіталістка Тэйлар». Яна паскардзілася, што пасля некалькіх гадзін чакання ў анлайн-чарзе адзіным даступным варыянтам быў спецыяльны пакет коштам 755 даляраў.

«Гэта яе фанаты, тыя, з каго яна выцягвае грошы, і для некаторых з нас просьба заплаціць сотні даляраў, каб убачыць яе ўжывую… агаломшвае», — пісала яна. 

У мінулым годзе яе крытыкавалі за тое, што яна занадта доўга не выказвала падтрымку ніводнаму з бакоў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

Калі яна ўсё ж падтрымала дэмакратку Камалу Харыс, на яе абрынулася крытыка з боку рэспубліканцаў — уключаючы самога Дональда Трампа, які напісаў на сваёй платформе Truth Social: «Я НЕНАВІДЖУ ТЭЙЛАР СВІФТ!»

Па словах Сірысаны, крытыка з усіх бакоў — непазбежны вынік беспрэцэдэнтнага поспеху Свіфт: «Карону насіць нялёгка. Чым значней ты становішся, тым больш на цябе глядзяць».

Але аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што нават калі папулярнасць Свіфт і пойдзе на спад, то яшчэ не хутка. А новы альбом амаль напэўна ўсталюе новыя рэкорды.

І — па меншай меры сёння — мы працягваем жыць у сусвеце Тэйлар Свіфт.

Каментары6

  • Мінак
    03.10.2025
    Як па мне, яе творчасць здаецца стылістычна аднастайнай. Гэта ў рэшце-рэшт стамляе.
  • бабруйчанін
    03.10.2025
    Кронан
    Таксама ні чул ні ведаю і нават німа жадання)))
  • Тэйлор Свифт
    03.10.2025
    Кронан, ты ещё про валоданне бел. мовай спроси

Цяпер чытаюць

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»13

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскае мора пазелянела. Гэта небяспечна?3

Зяленскі: Пасля маёй сустрэчы з Трампам у нас можа з'явіцца нешта большае2

Краіны ЕС не здолелі дамовіцца пра выкарыстанне замарожаных рэзерваў Расіі для дапамогі Украіне5

«Сцены ёсць — і дзякуй». Маладую доктарку прымушаюць працаваць у вёсцы з жахлівымі бытавымі ўмовамі9

Легенду хакейнага мінскага «Дынама» прынялі за наркотыкі6

На «Камунарцы» патлумачылі, чаму цукеркі «Знічка» цяпер робяць нясмачнымі16

Экзамен на веданне дзяржаўнай мовы здалі 90% мігрантаў7

Павел Латушка пахваліўся, што ён — першы мушкецёр у Беларусі20

На закрытай нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне вытворчасці паліва для Расіі20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»13

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць