Маладую супрацоўніцу Ernst & Young асудзілі за пратэсты. А пасля кінулі ў СІЗА па новай справе
Крысціну Сашнікаву асудзілі другі раз у верасні 2025 года.

Крысціне Сашнікавай 33 гады. Пасля школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на ўлікова-эканамічны факультэт. Крысціна была старастай групы. У 2014‑м вучылася ў ACCA — брытанскай асацыяцыі прысяжных бухгалтараў. У 2015‑м скончыла магістратуру БДЭУ.
З 2013 года Крысціна працавала ў кампаніі Ernst & Young, дарасла да пасады старшага спецыяліста па аўдыце (Assurance Senior). У кампаніі яна ўдзельнічала ў розных актыўнасцях і перыядычна выступала ва ўніверсітэтах, дзе распавядала пра асаблівасці працы.
Дзяўчына любіць актыўны адпачынак — горы, спорт. За апошнія гады яна наведала некалькі розных краін.

У снежні 2024 года Крысціну Сашнікаву асудзілі за ўдзел у пратэстах — па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Падобна, прысудзілі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Невядома, ці тады дзяўчыну выпусцілі на волю, але ўрэшце яна зноў апынулася ў СІЗА. У верасні 2025 года Крысціну паўторна асудзілі. Яе абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361‑2 КК), «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Дакладны прысуд, як і сутнасць абвінавачанняў, невядомыя.
Крысціне пагражала да 12 гадоў калоніі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары