Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна
Французы сабралі ў Парыжы канферэнцыю беларускай апазіцыі, каб паслухаць іх меркаванне адносна таго, як павінны развівацца адносіны Еўрасаюза і рэжыму Лукашэнкі. Прадстаўніцтва было стракатым і палярным па поглядах. Стэнаграмы выступаў удзельнікаў няма. Але па выніках сустрэчы абвастрыліся адносіны паміж «Белполам» і групай палітыкаў і актывістаў, якія выступаюць за змякчэнне санкцый. Уладзімір Жыгар рэзка накаціў на Валера Кавалеўскага ў адказ на тое, што той нібыта абвінаваціў белполаўцаў у супрацоўніцтве з КДБ.

«Новая ўводная ад лабістаў рэжыму. Аказваецца, «Белпол» атрымлівае ўсе свае дакументы ад… КДБ», — на эмоцыях напісаў у фэйсбуку Уладзімір Жыгар, адзін з твараў арганізацыі.
Хутка стала вядома, што гэта адсылка да падзей на сустрэчы французскіх дыпламатаў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, якая адбылася ў Парыжы па ініцыятыве французскага боку.
Жыгар выказаўся «Нашай Ніве» пра набалелае і патлумачыў, што, на яго думку, не так з пазіцыяй сітуатыўнай кааліцыі, якую нефармальна ўзначаліў Валер Кавалеўскі, былы міністр Святланы Ціханоўскай, а цяпер апанент Офіса.
«У маім допісе гаворка ідзе пра кааліцыю (Іван Краўцоў, Валер Кавалеўскі, Настасся Касцюгова, Таццяна Хоміч і іншыя) па выніках мерапрыемства, што адбылося ў Францыі. На ім быў чалавек і ад нашай арганізацыі», — кажа Жыгар.
«Прадстаўнікі гэтай «кааліцыі», якую мы называем «кааператыў «Радзіма», праводзілі думкі пра тое, што быццам бы рэжым сігналізуе: «Старонка перагорнутая». Ягоная роля ў вайне — неадназначная. У цэлым апазіцыя сама вінаватая ў тым, што адбываецца. Лукашэнка хоча толькі аўтаноміі, трэба вяртацца ў 2019 год. А што да «Белпола», то наша інфармацыя — гэта, маўляў, кантраляваныя злівы ад КДБ. Гэта наўпрост сказаў Кавалеўскі нашаму прадстаўніку. Маўляў, нашы дакументы — гэта падман, Лукашэнка ніякі не ваенны злачынца. І ўвогуле, усё гэта шкодна, па сутнасці, мы перашкаджаем, бо не аддзяляем рэжым у Мінску ад крамлёўскага», — кажа Жыгар.
«Трэба рухацца ў парадыгме «ўзнагароджвання» Лукашэнкі за добрыя дзеянні, і тады ўзамен нехта вернецца [у Беларусь], з'явіцца «канструктыўная апазіцыя», частку людзей выпусцяць, ну а некаму — цытата — «не пашанцуе», — працягвае пераказ Жыгар.
«Матывы такіх выступленняў я не разумею. Можа, гэта банальнае «насуперак Офісу»: прайграўшы ўнутрывідавую барацьбу, назло маме адмарожу сабе вушы.
А можа, яны сапраўды бачаць сябе ў нейкай будучыні, дзе Беларусь ужо іншая, але ўсё яшчэ з Лукашэнкам на чале.
На мой погляд, у іх сістэме каардынат усё надзвычай проста і лагічна: не чапай улады, не замахваўся на ўладу, не заўважай карупцыі, вінаватымі рабі «дрэнных выканаўцаў на месцах» — і будзе табе стабільнасць.
Такая простая формула беларускага шчасця. А далей — як выведзе крывая. Калі будзе нейкая нестабільнасць — паспрабуюць, як некаторыя ў 2020-м. Калі не будзе [нестабільнасці] — рызыкаваць і паўтараць свае памылкі 2020 года ніхто не стане.
Невыпадкова той жа Кавалёўскі цяпер цытуе Макея, заяўляючы, што, маўляў, «асэнсаваў сэнс яго слоў». Відаць, «пераасэнсаванне» — новы трэнд сярод тых, хто раней ведаў, а цяпер «разумее інакш».
Сёння мы назіраем дзіўны парадокс: легітымнасць Лукашэнкі ўнутры так званай кааліцыі ўжо ўспрымаецца як дадзенасць. Гучаць заявы пра тое, што, маўляў, ён «легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычным шляхам».
Паралельна ўкараняюцца наратывы, што Лукашэнка — зусім не ваенны злачынца, а ў міграцыйным крызісе вінаватыя Польшча і Літва.
Тое самае і з санкцыямі: людзі, якія ніколі не мелі да іх найменшага дачынення, разважаюць пра тое, «працуюць яны ці не», што трэба здымаць у першую чаргу, а што — у другую.
Пры гэтым іх аргументы грунтуюцца на адчуваннях і здагадках, а не на фактах: ні прычын увядзення санкцый, ні іх наступстваў яны проста не ведаюць.
«Кааліцыя» таксама з зайздроснай сталасцю адмаўляе саму магчымасць вялікай вайны ў Еўропе — нягледзячы на прамыя папярэджанні еўрапейскіх разведак, заявы Дональда Туска і свежы даклад Інстытута вывучэння вайны ў ЗША.
У выніку складаецца цалкам зразумелая карціна:
— Лукашэнку трэба прызнаць, пажадана (чытай — абавязкова) з вяртаннем паслоў;
— Злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў — дараваць, а лепш наогул забыць;
— Санкцыі — зняць, міжнародны ціск — спыніць;
— Рэпрэсіі? Ну, яны ж «інстытуцыйна замацаваныя», спяшацца не варта;
— Злаваць Лукашэнку — небяспечна, значыць, усе антыкарупцыйныя расследаванні трэба згарнуць;
— Тых, каго ён выпусціць, прымусова дэпартуюць — і на гэтым паставяць кропку.
Іншымі словамі, апазіцыі ў краіне больш не застанецца: нязгодных Лукашэнка альбо вышле, альбо пасадзяць, альбо яны і далей будуць сядзець — «не пашанцавала».
Эканоміка, можа, на нейкі час нават стабілізуецца, але толькі коштам далейшай мілітарызацыі і залежнасці ад Расіі.
Дапамога агрэсару ў вайне супраць Украіны ўзмоцніцца (цяпер у кааліцыі не модна казаць пра вайну), пераўзбраенне працягнецца, а прычыны будучага канфлікту застануцца некранутымі.
І тады ўзнікае толькі адно пытанне: навошта рэжыму спыняць рэпрэсіі, калі ўся сістэма будзе надзейна зацэментаваная і цалкам яго задавальняе?
Адказ, на жаль, відавочны.
Але менавіта такі сцэнар нам прадаюць як адзіны магчымы.
Толькі гэты сцэнар у найгоршым выпадку прывядзе Беларусь да варыянту Нікарагуа, а ў найлепшым — да Азербайджана», — сказаў Жыгар.
***
Дапоўнена. Валер Кавалеўскі пазней коратка адказаў на гэта: «Гэта хлусня і паклёп. Я такое каментаваць не буду. Адзінае радуе, што ў спадара Жыгара ўсё ж такі ёсць душа».
Каментары
[Зрэдагавана]