38‑гадовы былы кіраўнік аднаго з раённых прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска прызнаны вінаватым у атрыманні хабараў на суму больш за 86 тысяч рублёў, паведамілі ў пракуратуры Мінскай вобласці.

Як высветліла следства, мужчына неаднаразова атрымліваў ад кіраўнікоў субпадрадных арганізацый матэрыяльныя каштоўнасці і выгоды маёмаснага характару — будаўнічыя матэрыялы, абсталяванне, а таксама аплату будаўнічых работ у прыватным доме ў Пухавіцкім раёне. За гэта ён садзейнічаў «спрыяльнаму вырашэнню пытанняў у межах сваёй кампетэнцыі» — падпісваў акты выкананых работ без перашкод і забяспечваў своечасовую аплату субпадрадчыкам.
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і вярнуў незаконна атрыманыя сродкі яшчэ на этапе папярэдняга расследавання.
Суд Пухавіцкага раёна прысудзіў яго да 7 гадоў пазбаўлення волі, штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (каля 16,8 тысячы рублёў) і пяцігадовай забароны займаць кіраўнічыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.
Пры гэтым суд часткова змякчыў пакаранне — мужчына вызвалены ад адбыцця аднаго года з прызначанага тэрміну.
Каментары