Сон ці фізічныя практыкаванні: што важней, калі не хапае часу на ўсё?
У ідэальным свеце наш графік выглядаў бы так: адбой а 22:00, паўнавартасны васьмігадзінны сон, а затым — ранішняя трэніроўка, якая зараджае энергіяй да пачатку працоўнага дня. Але рэальнасць уносіць свае карэктывы. Чаму ж аддаць перавагу — сну ці фізічным практыкаванням, каб насамрэч паспрыяць больш здароваму ладу жыцця?

Навукоўцы нядаўна вырашылі знайсці адказ менавіта на гэтае пытанне. У маштабным даследаванні, на якое звяртае ўвагу выданне IFL Science, былі прааналізаваны звесткі больш чым 70 000 удзельнікаў (сумарна гэта больш за 28 мільёнаў дзён назіранняў).
Вынікі аказаліся не самымі суцяшальнымі, але прадказальнымі: менш за 13% людзей здольныя адначасова выконваць рэкамендаваныя нормы і па сне, і па фізічнай актыўнасці. Гэта паказвае, наколькі цяжка сучаснаму чалавеку балансаваць паміж адпачынкам і спортам.
Самае цікавае ў даследаванні — гэта тое, як адзін паказчык уплывае на другі. Высветлілася, што сувязь тут не сіметрычная. Калі людзі рабілі больш за 7000 крокаў у дзень, гэта зусім не азначала, што ўначы яны лепш спалі. Але калі людзі высыпаліся (спалі больш за 7 гадзін), гэта значна павялічвала шанцы на тое, што наступны дзень яны правядуць больш фізічна актыўна.
«Мы выявілі, што якасны начны адпачынак літаральна праграмуе вас на больш актыўны дзень. Людзі, якія добра спалі, рухаліся больш, а вось лішнія крокі не паляпшалі сон. Гэта падкрэслівае, што менавіта сон з'яўляецца першасным фактарам», — тлумачыць сааўтар даследавання Джош Фітан.
Даследчыкі адзначылі яшчэ адзін важны нюанс. Рэч не толькі ў тым, колькі гадзін вы праведзяце ў ложку. Найлепшыя вынікі ў спорце паказвалі тыя, хто спаў эфектыўна — гэта значыць, менш варочаўся і меў глыбокі сон. Менавіта якасць сну (нават калі гэта 6—7 гадзін, а не 8) стала ключом да стабільных трэніровак.
Высновы: не гвалтуйце сябе
Напярэдадні Новага года многія з нас абяцаюць сабе пачаць «новае жыццё» і ўставаць а 5‑й раніцы, каб выйсці на прабежку, нягледзячы ні на што. Аднак навукоўцы раяць не спяшацца.
Калі вы не выспаліся, прымусовая трэніроўка можа прынесці менш карысці, чым дадатковая гадзіна адпачынку. Аўтары даследавання сцвярджаюць: каб вярнуцца ў здаровы рытм, пачынаць трэба менавіта са сну.
«Прыярытэт сну можа быць найбольш эфектыўным спосабам павысіць вашу энергію, матывацыю і здольнасць рухацца. Простыя змены, такія як адмова ад гаджэтаў перад сном, рэжым дня і спакойная абстаноўка ў спальні, могуць змяніць усё. Сон — гэта не пасіўны стан, а актыўны ўклад у ваша здаровае жыццё», — падсумоўвае вядучы аўтар даследавання прафесар Дэні Экерт.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары