Свет11

«У нас фундаментальнае разыходжанне». Стала вядома, пра што датчане і грэнландцы гаварылі з амерыканцамі ў Белым доме

У Белым доме 14 студзеня прайшла сустрэча кіраўнікоў МЗС Даніі і Грэнландыі Ларса Лёке Расмусэна і Вівіян Моцфельт з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і дзяржсакратаром Марка Рубіа. Па словах Расмусэна і Моцфельт, сустрэча засведчыла кардынальныя разыходжанні бакоў па многіх пытаннях.

Ларс Лёке Расмусэн і Вівіян Моцфельт на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША. Фота: AP foto/John McDonnell

На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы, якой папярэднічаў рост напружанасці ў сувязі з намерам Дональда Трампа ўсталяваць кантроль над востравам любым спосабам, не выключаючы сілавога, Ларс Леке Расмусэн расказаў, пра што ішла на ёй гаворка і пра што ўдалося ці не ўдалося дамовіцца.

Перадаваць Грэнландыю ЗША Данія, натуральна, адмовілася, тым больш што і сама Грэнландыя гэтага не хоча. Па словах Расмусэна, «у нас тут фундаментальнае разыходжанне». 

«У нас фундаментальнае разыходжанне. Але мы таксама пагадзіліся, што можам не згаджацца адзін з адным. Таму мы працягнем гаварыць. Мы вырашылі сфармаваць высокапастаўленую перамоўную групу, каб зразумець, ці можам мы знайсці дарогу наперад», — адзначыў дацкі міністр.

Гэтая група «нацэленая на тое, каб улічваць амерыканскія асцярогі наконт бяспекі, адначасова паважаючы чырвоныя лініі Каралеўства Данія». Чакаецца, што на працягу некалькіх тыдняў гэтая група правядзе першую сустрэчу.

Які менавіта варыянт прапануе ЗША, Расмусэн не ўдакладніў, але, паводле яго слоў, «усё гэта было вельмі эмацыйна».

«Гэта ўсё вельмі эмацыйна для нас — для людзей у Грэнландыі і Даніі. Мы пазіцыянуем сябе як самы блізкі саюзнік ЗША. У Афганістане мы панеслі такія ж страты, як і яны. Я вельмі добра ведаю, што будучыня не заўсёды звязана з тым, як было ў мінулым. Але мінулае таксама трэба мець на ўвазе», — заявіў ён.

У кожным разе, ЗША не адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Грэнландыю.

«Ці зможам мы дамовіцца — я не ведаю. Але я спадзяюся, што перамовы маглі б знізіць градус напружання».

У выніку на сустрэчы было вырашана стварыць перамоўныя групы, якія паспрабуюць улічыць «асцярогі Трампа адносна бяспекі ў Арктыцы», не парушаючы пры гэтым ключавых інтарэсаў Даніі і Грэнландыі.

«Мы, Каралеўства Данія, працягваем верыць, што доўгатэрміновая бяспека Грэнландыі можа быць забяспечаная ўнутры цяперашняй сістэмы, а менавіта пагаднення 1951 года аб абароне Грэнландыі і Дамовы аб НАТА», — падкрэслівае Расмусэн.

Пры гэтым ён не адмаўляе стратэгічнай важнасці рэгіёна ў тым ліку для інтарэсаў бяспекі ЗША і звяртае ўвагу, што пры патрэбе Амерыка магла без праблем яе ўмацоўваць і ў рамках наяўных адносін. Калі ж у апошнія дзесяцігоддзі гэтаму стала надавацца менш увагі — то зусім не па віне Даніі і не праз яе пазіцыю:

«Доўгі час гэта быў рэгіён з нізкай напружанасцю, таму ЗША знізілі сваю прысутнасць — у Халодную вайну ў іх было 17 вайсковых баз, цяпер — адна. Тады ў іх было 10 тысяч войскаў, цяпер — 200 чалавек. Гэта было іх рашэнне. Але цяпер сітуацыя з бяспекай у Арктыцы сапраўды змянілася. Мы павінны рэагаваць на гэта. Але купля Грэнландыі для гэтага зусім не абавязковая».

На пытанне, як ён ставіцца да слоў Трампа, што нібыта ўся абарона Грэнландыі з боку Даніі складаецца з дзвюх сабачых запрэжак, Ларс Леке Расмусэн адказаў, што гэта, вядома, перабольшанне, хоць у пэўнай ступені з Трампам можна і пагадзіцца, што гэту сферу трэба ўзмацняць:

«Я ведаю Трампа даволі даўно і ведаю яго падыход. Ён гаворыць пра рэчы крыху інакш, чым гэта рабіў бы я. Але ёсць і доля праўды ў яго словах. […] Гаворка не пра сабачыя запрэжкі, вядома, хоць наш спецназ сапраўды іх выкарыстоўвае — па-іншаму немагчыма дабрацца да поўначы Грэнландыі. Але ў некаторай ступені мы падзяляем асцярогі Трампа».

Аднак жа дацкі бок катэгарычна не згодзен з ацэнкай Трампа, што нібыта каля ўзбярэжжа Грэнландыі вольна сябе пачуваюць расійскія і кітайскія караблі, і што ўвогуле Кітай гатовы захапіць гэтую тэрыторыю і звонку і знутры:

«Па даных нашай разведкі, ніводнага кітайскага карабля не было каля берагоў Грэнландыі на працягу дзесяці гадоў ці каля таго. І ў нас была магчымасць выступіць супраць гэтага наратыву. […] Што тычыцца кітайскіх інвестыцый у Грэнландыю — мы пазбеглі гэтага. Кітай там не прысутнічае», — рашуча заяўляе дацкі міністр. 

Данія на перамовах прасіла амерыканскі бок спыніць пагрозы ў свой адрас:

«Мы патлумачылі, што гэта не так лёгка — шукаць інавацыйныя шляхі рашэнняў, калі вы прачынаецеся кожную раніцу ад новай пагрозы. Не ведаю, ці падзейнічае гэта. Не магу сцвярджаць адназначна. Але дакладна ў інтарэсах усіх бакоў паспрабаваць зразумець, ці можам мы ўлічыць некаторыя асцярогі [Трампа] з нагоды бяспекі, у той жа час паважаючы цэласнасць Каралеўства Даніі і самавызначэнне народа Грэнландыі».

Па словах Расмусэна:

«Наша задача была перавесці гэтыя публічныя дэбаты, якія адбываліся ў чорна-белых танах, у дыскусію з прасторай для нюансаў. І я рады, што хоць у нас і няма пагаднення, мы пачнём гэтую дыскусію».

Аднак у любым выпадку:

«Ідэі, якія не паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць Каралеўства Данія і права на самавызначэнне народа Грэнландыі, натуральна, абсалютна непрымальныя».

Каментары1

  • Žvir
    15.01.2026
    Cikava.

    "У Афганістане мы панеслі такія ж страты, як і яны." Voś tak vo infarmacyja i vypaŭzaje... To bok, straty nie malyja...

    "Гаворка не пра сабачыя запрэжкі, вядома, хоць наш спецназ сапраўды іх выкарыстоўвае — па-іншаму немагчыма дабрацца да поўначы Грэнландыі."
    A Tramp, treba dumać, pabuduje tam chajvei...:)

Цяпер чытаюць

81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў8

81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў

Усе навіны →
Усе навіны

Пратэсты ў Іране, верагодна, ужо канчаткова задушылі24

Жыхар Калінкавічаў ажыўляе легенды савецкага аўтапрама і скарае TikTok1

Луўр значна павысіў цэны для наведвальнікаў не з Еўрасаюза1

Стала вядома, у якіх жахлівых умовах трымаюць у зняволенні псіхіятра Ігара Пастнова2

Коні, як і сабакі, здольныя адчуваць пах людскога страху1

Трамп адмаўляе, што адмяніў удары па Іране пад нечым уплывам, і дзякуе іранскім уладам6

Ля ўзбярэжжа Даніі знайшлі карабель узростам больш за 600 гадоў. Раней такія бачылі толькі на малюнках1

У Беларусі раней раслі дубы-гіганты. Каб іх аднавіць, даследуюць ДНК8

Мінскі завод выпусціў ружовы маянэз1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў8

81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць