Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку
Жанчына не можа вярнуцца на радзіму.

Жанчына са штата Гуджарат шукала працу за мяжой. Яна апынулася ў пастцы ў Беларусі пасля таго, як яе ашукаў агент, пра што яна паведаміла Divya Bhaskar.
Міна Джошы расказала, што яе накіравалі ў Беларусь з абяцаннем працы па ўпакоўцы садавіны і штомесячнага заробку ад 70 000 да 80 000 рупій (2200—2500 рублёў). Аднак, паводле яе слоў, яна не атрымала ні абяцанай працы, ні заробку. Цяпер яна хоча вярнуцца ў Індыю, але не мае грошай на набыццё зваротнага білета.
«Я ўдава і прыехала ў Беларусь, узяўшы крэдыт. Нас пасялілі ў кароўніку. Нас трымаюць за 350—400 кіламетраў ад Мінска. Тут у пастцы знаходзіцца шмат людзей», — сказала яна.
Жанчына абвінаваціла агентаў з Індыі, што з яе таксама ўзялі шмат грошай за прыезд у Беларусь. Аднак яна не атрымала ні працы, ні заробку, якія ёй абяцалі. Яна прапрацавала каля тыдня і ледзь зводзіць канцы з канцамі.
«У мяне няма грошай, каб вярнуцца ў Індыю. Мяне ашукалі. Мае трое сыноў знаходзяцца ў Індыі, я пакінула іх адных і прыехала сюды. Майго мужа няма побач са мной. Я хачу вярнуцца ў Індыю», — сказала яна.
Каментары