У часе аднаго зь нешматлікіх за апошнія гады візытаў у Менск нам з маёй дзяўчынай была дадзена маёй бабкай парада хадзіць толькі па праспэкце Скарыны і нікуды на іншыя вуліцы ня збочваць, бо ўсе людзі па-за межамі праспэкту – бандыты і алькаголікі.
У часе аднаго зь нешматлікіх за апошнія гады візытаў у Менск нам з маёй дзяўчынай была дадзена маёй бабкай парада хадзіць толькі па праспэкце Скарыны і нікуды на іншыя вуліцы ня збочваць, бо ўсе людзі па-за межамі праспэкту – бандыты і алькаголікі. Мы пакорліва прынялі бабціну рэкамэндацыю і два тыдні запар паслухмяна шпацыравалі выключна па праспэкце ад станцыі мэтро «Маскоўская» да станцыі «Плошча Леніна». Праскарыніцца, праскарыніўся, праскарынілася, праскарыніліся. На астатніх вуліцах мы амаль не зьяўляліся. Была яшчэ адна прычына: у мяне алергія на англіцызмы. «Гіпэрмаркет», «паркінг», «банкамат», «крама» – словы, ад якіх я плююся, а сёньняшні Менск спрэс у іх. А вось адзіная прастора, на якой гэтая нянавісьць неяк улагоджваецца і дзе ствараецца пэўны парытэт паміж ёю і навакольнымі раздражняльнікамі, – магутнае жарало праспэкту Скарыны.
Пасьля тыдня нашых штодзённых праходак мая дзяўчына зьненавідзела праспэкт, і яе стала ад яго нудзіць. На дзявяты дзень яна сапраўды пачала ніштавата ванітаваць. Ля кожнай станцыі мэтро, пачынаючы з трэцяй, у жалезныя сьметнікі ля сходаў у падземку. Калі побач з гадзіньнікавым заводам ёй станавілася толькі крыху млосна, то ўжо ля кінатэатру «Кастрычнік» ванітныя спазмы пасьпяхова апаноўвалі кволы арганізм маёй дзяўчыны. Трохі акрыяўшы і прайшоўшыся сотню мэтраў са мной пад ручку ў кірунку станцыі «Плошча Якуба Коласа», яна зноўку адчувала млосьць, і ўсё пачыналася па новым коле. Такім парадкам, я штодня станавіўся сьведкам гэтага жалюгоднага відовішча: як дарослы чалавек, дзяўчына, дваццаць першае стагодзьдзе, на манер страўса хавае сваю галаву ў сьметніку.
Праз тыдзень мы паспрабавалі зьмяніць тактыку: сьпярша даяжджалі на мэтро да канца праспэкту, да станцыі «Плошча Леніна», ды ўжо адтуль ішлі дадому. Але хоць ты задушыся, яна ўсё адно працягвала ванітаваць, цяпер ужо пачынаючы з «Плошчы Перамогі». Праз тры дні, зялёная, дзяўчына зьехала да сябе ў Маскву. Увечары патэлефанавала яе маці і сказала, што я сапсаваў ім дачку. Я адказаў: «Марына Арнольдаўна, ну, навошта вы перабольшваеце? Вечна вы ўсё перабольшваеце». І кінуў слухаўку аб сьценку.
З заўтрашняга вечара я стаў хадзіць уздоўж праспэкту адзін. Тое было на згоне зімы, адліга, раніцой сьпявалі птушкі, а надвячоркам ціснуў мароз. Паміж станцыямі мэтро «Парк чалюскінцаў» і «Маскоўская» на ўскрайку парку, мэтраў дваццаць ад рэстарану «Сьвіцязь», ляжаў мужык, тварам у сьнег. Я толькі паглядзеў на яго ды адразу зразумеў пра ўсіх людзей тое, што дагэтуль цьмяна адчуваў толькі пра сябе. Што кожны чалавек – гэта два чалавекі.
На прыкладзе мужыка гэта выглядала так. Першы чалавек, уцелаўлёны, ляжаў п’яны ў сьнезе, і, нячуйны да моцнага марозу, спаў. Другі, нябачны воку, стаяў побач зь целам і ўважліва так узіраўся ў першага. На занураным у сьнег твары першага чалавека чыталася ветраўнасьць, незласьлівасьць, наіўнасьць, лёгкая такая дурнаватасьць. Па другім было відно, што гэта вельмі разумны, значна разумнейшы за першага, чалавек-стратэг, які ўшчэнт пазбаўлены пачуцьця спагады. Я неяк адразу сьцяміў, што гэты «стратэг» цярпліва чакае ўласнай сьмерці. Ён быў у стане разбудзіць цела, але гэтага не рабіў, пільнуючыся нейкіх сваіх няўцямных плянаў. Ён не адчуваў літасьці, хаця мужык быў ён таксама.
Нешта падобнае – хоць тады я не надаў гэтаму належнага значэньня – я адчуў на сабе літаральна сто мэтраў адсюль, калі мінаў будынак дзіцячай чугункі дзесяць год таму. Я ішоў з тагачаснай сваёй сяброўкай да мяне дамоў на «Маскоўскую», ды ў нас меўся быць сэкс. А на другім баку праспэкту, там, дзе Аграрная акадэмія, у супрацьлеглым напрамку, ішлі два мае найлепшыя сябры. Хвілін пяцьдзясят да гэтага мы зь імі ўтрох, безь сяброўкі, яшчэ кулялі ў мяне дома. Потым я сказаў, што мне пара, ды мы разам выйшлі. Толькі я сеў на мэтро і паехаў да «Акадэмкнігі», дзе ў мяне было прызначана спатканьне, а Лёха з Кісьлем пайшлі дагнацца півам. Я сустрэўся зь сяброўкай ля «Акадэмкнігі», і мы вырашылі, што два прыпынкі да «Маскоўскай» мы пройдзем пехатою. Тым часам мае сябры купілі піва, ды Лёха (як ён сам потым распавёў), пералазячы на Валгаградзкай празь невысокую агароджу ў забароненым для пераходу месцы, страціў раўнавагу, бразнуўся на зямлю ды даволі моцна парэзаў руку аб пабітую бутэльку. І цяпер, калі мы зь дзяўчынай падыходзілі да дзіцячай чыгункі, Лёха з Кісьлям мерыліся зайсьці ў будынак Аграрнае акадэміі, каб папрасіць у вахтара прамыць скрываўленую руку. Яны нас ня бачылі. Я захацеў паклікаць сваіх сяброў, ды менавіта ў гэты момант адчуў, што сківіцы ня слухаюцца мяне. Я адкрыў рот, каб крыкнуць, але рады ня даў. Нехта не дазваляў мне гэтага зрабіць. Адчуваньне такое ж самае, калі цябе, дваццаціпяцёхгадовага, хлопцы паслалі ў магазін па гарэлку, а выглядаеш ты на дваццаць, а прадавачка з нацяжкай дае табе васямнаццаць і хоча пабачыць твае, малады чалавек, дакумэнты. А табе сказаць няма чаго – пашпарт, вядома, не з табою, і ніякія доказы не пераканаюць. Сапраўды, ну што ты ёй пакажаш – ужо атрыманы чырвоны дыплём няўдачніка? Чэлес з насечкай? Тым часам у цябе ўсё знутры крыкам крычыць: «Цёця, я ж свой, паўналетні!» – але ўголас маўчыш, задушаны бескарыснымі словамі. У той сытуацыі зь сябрамі было б цалкам натуральна, каб я паклікаў іх, што я і хацеў зрабіць, але на гэтае маё памкненьне проста стомільёнтоннай плітой навалілася ўпэўненасьць, што нікога гукаць ня трэба. І мая тагачасная сяброўка таксама зьдзівілася: «Ігар, чаго ты іх ня клічаш? Гэта ж твае сябры», – але я нават ківам не зрэагаваў на яе словы. Маім целам кіравалі два чалавекі, ды адзін быў мацнейшы за другога. Відаць, мой «стратэг» не жадаў, каб я паклікаў сяброў, бо яму хацелася любошчаў, а я самастойна безь яго ня мог нават галавой варухнуць. Лёха і Кісьля зьніклі ў будынку Аграрнай акадэміі, а мы зь сяброўкай працягнулі ісьці ў бок станцыі мэтро «Маскоўская», дзе знаходзіцца мой дом. Цалкам верагодна, што менавіта ў гэты момант яна, зірнуўшы на мяне такога, і вырашыла канчаткова, што ў нас будзе сэкс.
Дык вось, я назіраў, як «стратэг» стаяў і чакаў уласнай сьмерці пад ялінай у зімовым парку. Я ўявіў, як заўтра раніцою нехта заўважыць мужыка: прыедзе патрульны «Жыгуль», аточаць разявакі, падыдуць пахмурныя санітары з кажушкамі паверх белых халатаў, і здубелы труп нарэшце адвязуць у морг, і прынамсі да абеду, пакуль нехта з сваякоў мужыка не пачне мэтаскіравана абзвоньваць моргі або калі міліцыя сама не адшукае сваякоў паводле дакумэнтаў, знойдзеных у кішэнях, гэта будзе яшчэ адной дзяжурнай, нічыйнай сьмерцю. Аднак яму, «стратэгу», было сябе не шкада. Не магу сказаць, што ён ня жаліўся, але рабіў гэта надта глябальна: бязгучна скардзіўся, што ў будучым застанецца бязь цела, што ня здолее пільнавацца сваіх, старанна пешчаных, плянаў. Неяк карысьліва, не па-людзку ён жаліўся.
Я падышоў да мужыка і пачаў тармасіць яго. Сп’яну, асавелы, яшчэ не разумеючы, што да чаго, мужык зь цяжкасьцю падняўся і, хістаючыся, прайшоў крокаў дзесяць і апабёрся ілбом аб ліхтарню. Праз колькі хвілінаў ён сёе-тое скеміў, і ягоны твар аквеціўся шчырай усьмешкай. Ён паляпаў мяне па плячы, галёкнуў нешта незразумелае, і ягоныя вочы пакрыла зіхоткая пялёнка чалавека, які толькі што нарадзіўся другі раз.
Мужык быў нямко. Зь невыразных пакутаў я высьветліў, што жыве ён у нейкім новым раёне, аб якім я ніколі ня чуў, і што яму трэба сесьці на аўтобус ля станцыі мэтро «Ўсход». Я падахвоціўся правесьці яго, і мы ішлі як беглі. Ён, не зусім яшчэ цьвярозы, відаць, усё ж цалкам усьведамляў, якой страшнай сьмерці пад ялінай ён толькі што ўнікнуў. Усьмешка шчасьлівага ўратаваньня не пакідала ягонага твару. Ён дыхаў на поўныя грудзі, і ўсё жыцьцё было перад ім. Круціў яшчэ млявай шыяй, нешта мычаў, раскідваўся рукамі, жвава штосьці распавядаў. Было відаць, што яго «наіўны» цалкам прачнуўся і ўвабраўся ў моц, тым часам як «стратэг» шкандыбаў недзе ззаду, а можа, нават выпарыўся і зьнік – прынамсі я зусім забыўся аб ім ды больш не адчуваў яго злавесных флюідаў. Подбегам мы мінулі «Маскоўскую», дзе мой дом, ды пачалі імкліва набліжацца да станцыі мэтро «Ўсход».
На прыпынку зьбірала пасажыраў маршрутка (вось яшчэ слова, якое я не люблю). Цела па-ранейшаму ня слухалася нямка, што ён і стаяць роўна ня мог. На мігах растлумачыў мне, што ў яго праязны. Што ён зараз не паедзе. Разумееце, ён хацеў дачакацца аўтобуса, каб ня траціць грошай на маршрутку. Мяне гэта страшэнна раззлавала. Ёлы-палы, ты толькі што цудам уцёк ад сьмерці! Цудоўна гэта ведаеш. Сам недастаткова цьвярозы – ідзі знай, што з табою можа прылучыцца – можа, ізноў засьнеш у сьнезе. Дык як тут можна шкадаваць грошай? Я зрабіў абагульненьне пра ўвесь гэты мэнталітэт, потым падумаў яшчэ нейкую думку, потым сказаў: «Халера!» – ды не пасьпеў далёка сягнуць са сваімі высновамі, бо над даляглядам узышло паўночнае сонца.
Гэта было менавіта сонца, а ня месяц, хіба толькі невялікае, мэтраў дзьвесьце ў пярэчніку. Колеру кававага лікёру, мо крыху сьвятлейшае, ня дужа высока над зямлёю, упоравень з шматпавярховікамі, яно нясьпешна набліжалася да мікрараёну «Ўсход». Мужчыны на прыпынках – а ўсе людзі ператварыліся ў мужчынаў працаздольнага веку – у момант вока перакіравалі ў бок сонца імгненна загарэлыя цьмяна-залацістым загарам ілбы. Усё роўна як сланечнікі, начныя сланечнікі. Ці мне падалося, але строгія абрысы такіх нашых, нямецкіх, машын 1990-х і 2000-х, што стаялі на вуліцы, распухлі, азызьлі і –уліся ў экзатычныя, валюхавата-вальяжныя формы амэрыканскіх бандур 1960-х. У шыбах дамоў адбіваліся маціцовыя нежывыя зайчыкі. Па невялікім часе, амаль кранаючы дах, сонца ўжо плыло па-над шматпавярховікамі ды адбівалася на сьценах з гіганцкімі мазаікамі. Я зірнуў на мазаічнага Скарыну – ад сонца ў яго золатам заблішчэлі пальцы: тонкія, доўгія, немужчынскія. А ягоны твар, што, як і ўсё астатняе цела, складаўся з каляровых каменьчыкаў, хуценька-хуценька, нібы тэкст на вакзальным таблё, ператкаўся ў новае аблічча, і я ўбачыў, што гэта ўжо не Скарына, а ўсёмагутная ўладарка пустэльні багіня Сахмэт, гняўлівае вока бога Ра, на галаве якой скруцілася зьмяя. Падсуседка, жняя са снапом, не адставала ад першадрукара і ўвачавідкі ператварылася ў напалову мужчыну, напалову ваўка, судзьдзю Царства памёрлых. На мазаіцы навукоўцы ў белых халатах, паглядныя рабочыя, лясныя браты ў папахах з жычкамі наўскасяк і стылізаваныя буслы, усе яны як на ўзмах чароўнае палачкі пераўвасобіліся ў агідных божышчаў Сынайскай пустэльні. Змучаная партызанская мадонна надзела пунсовую карону Ніжняга Эгіпту і зрабілася багіняй вайны, Нэйт. На яе руках вышчараўся кінжальнымі ненаеднымі зубамі Сэбэк, бог-кракадзіл. Паўночнае сонца, страшнае, жудаснае, зьлітуйся з нас, нікчэмных, ня трэба ўраджаю, ня трэба даробку, толькі ня дай апекчыся тваімі навостранымі промнямі, ня дай да сьмерці заблукаць у полі крывавага жыта, яна мёртвых драздоў зьбірала ў кошык, накрывала абрусам, ня мела дзетак, ноччу сьніла акупацыю, ня еж нашых вачэй, пляменьнікі спрабавалі кантраляваць, хрэн угадалі, засякерыла ўсіх, адпусьці нас, паўночнае сонца, мама, схавай мяне ад ракеты простай наводкі па пад’езьдзе ці звычайнага, простага звычайнага нажа ля батарэі, пад шэрагам паштовых скрыняў, пад шолах спаленых газэт.
Сонца праплыла па-над салёнам «Фантазія», дасягнула «Эўрапейскага» і ля вялізнай шыльды «МАЗ», дзе праспэкт робіць круты паваротак, зьнікла з вачэй. Стаяла такая вусьціш і гэтак ціснула жуда, што мінус на мінус даваў плюс.
Тэль-Авіў, лета 2006 году
Каментары