Меркаванні119119

Аляксандр Фядута: «Нашай мэтай былі перамовы з Сідорскім»

Сенсацыйная заява даверанай асобы Ўладзіміра Някляева.

На фоне таго шоку, які выклікаў у грамадстве тэракт ў сталічным метро, нават самая незвычайная інфармацыя ўспрымаецца як банальнасць. Тым не менш, заява Аляксандра Фядуты, аднаго з галоўных ідэолагаў кампаніі «Гавары праўду» — сапраўдная сенсацыя.

Паводле ягоных словаў, 19 снежня апазіцыя мела на мэце перамовы з кіраўніком ураду Сідорскім.
Марш грамады мітынгоўцаў па праспекце да плошчы Незалежнасці быў не правакацыяй, а часткай плану апазіцыі. Але вось тое, што адбылося на самой плошчы, пайшло зусім па іншым сцэнары… Аляксандр Фядута распавядае пра ўнутраныя спружыны апазіцыйнай палітыкі:

— Я вучуся хадзіць, гаварыць, адчуваць іншыя водары жыцця — не тое, што было ў камеры. Таму што ўсё гэта зусім іншае. І нават сёння, калі б я зноў апынуўся ў адзіночнай камеры, я прыняў бы прапанову, каб мне прывезлі тэлевізар, таму што калі я адмаўляўся, я казаў — ну навошта мне гэта ўсё. Пасля гэта ўжо было прынцыпова — гэта ўсё ж такі былі нейкія іншыя гукі, бо тая цішыня, якая стаіць у камеры, і тыя гукі, што ідуць звонку, з-за дзвярэй, — гэта зусім іншая гукавая гама, і ты спрабуеш яе чытаць: ага, вось кагосьці павялі на допыт, вось хтосьці там пайшоў да доктара, вось грукат — значыць, людзей павядуць з камеры на прагулку. Ты пачынаеш гэта чытаць і чакаеш, што нехта адчыніць кармушку гэтую, ваконца ў дзвярах, і скажа «Фамілія» — «Фядута» — «Рыхтуйцеся на допыт», таму што самае галоўнае — трэба паразмаўляць хоць з кім-небудзь. Следчы — гэта амаль твой адзіны суразмоўца. Адзін з афіцэраў КДБ, з якім мне давялося размаўляць, мне сказаў: «Толькі Вы на волі нас там не хваліце, а то звольняць усіх». Я сказаў — не буду. Але я не збіраюся нікога абражаць і крыўдзіць. Людзі выконвалі сваю працу. А тыя, хто браў мяне ў ноч з 19 на 20, самі былі пад уражаннем ад усяго, што адбывалася. І калі мяне ўкінулі ў адзін з кабінетаў следчага ўпраўлення КДБ, перад тым як перавесці ў Амерыканку, і пасадзілі побач з аператыўным супрацоўнікам, мы сядзелі і моўчкі глядзелі адзін на аднаго злымі круглымі вачыма. Тут ён не вытрымлівае і кажа: «Вы супраць народа». — «Я супраць народа?» — «Хто вы ўсе такія? Хто вам даў права? За ўладу змагаецеся?» Я як пачаў на яго крычаць, кажу: «Да вы што, якая ўлада. За народ і змагаемся». — «У нас краіна для народа». — «Для народа? Вы гэта Старавойтаву раскажыце». Ён сядзіць маўчыць. Я кажу: «Вы што, думаеце, што ўсе гэтыя людзі — яны зваліліся з дрэва? Гэтыя людзі — гэта эліта. Песні дзеда Іркі Халіп дагэтуль спявае ўся краіна. А стваральнікам беларускага тэатра быў дзед Саннікава. А вы хто такія?» Ён маўчыць. Чырванее. Ён гэтага не ведаў. Я кажу: вы што пра Някляева ведаеце?» — «Ваш Някляеў…» — «Што вы пра яго ведаеце? Што вы яго чыталі?» Ён маўчыць. Я кажу — вы б хоць з тых кніг, што канфіскавалі, узялі б, пагарталі б. Маўчыць.

— Падзеі 19 снежня пайшлі не па тым сцэнары, які планавала «Гавары праўду»?

Да моманту прыходу на плошчу Незалежнасці яны ішлі па тым сцэнары. Нягледзячы на тое, што Някляева не было. Тое, што адбылося пасля, на мой погляд, — вынік таго, што дамовіцца насамрэч не здолелі. Здолелі дамовіцца пра маршрут, не здолелі дамовіцца па тактыцы. Вельмі шкада. Гэта значыць, што трэба размаўляць. Я думаю, што лёс дзекабрыстаў, у тым ліку і мой, — вельмі важкі гістарычны ўрок для тых, хто пойдзе на наступныя, напрыклад, выбары. Гэта значыць, што дамоўленасцяў трэба трымацца жорстка і аргументы адно аднаго чуць. Нягледзячы на тое, падабаюцца вам людзі, якія выказваюць гэтыя аргументы, ці не. Таму што адна з прычынаў, чаму мяне не было на Плошчы пасля таго, як быў вырублены Някляеў, — тое, што мяне б проста ніхто не пачуў. Усе ведаюць, што з людзьмі, якія стваралі штаб Саннікава, я не размаўляю 10 гадоў, усе ведаюць пра мае напружаныя адносіны з Міколам Статкевічам і тое, што трансляваў Някляеў ад свайго імя, з маіх вуснаў яны проста бы не пачулі. Гэта не значыць, што я здымаю з сябе адказнасць за ўсё, што адбылося. Я не генерал Плошчы, я палкоўнік Плошчы, але генералы і палкоўнікі ўсё адно павінныя адказваць і за тое, што яны зрабілі, і за тое, чаго яны не зрабілі. Кожны за сваё.

— Калі б быў Някляеў, было б усё па-іншаму?

— Лічу, што так. Справа ў тым, што была распрацаваная пакрокавая тактыка. Вось тое, што вы ў мяне заўжды пыталіся, калі я прыходзіў «Ці ёсць план?». Быў план». На тры дні быў распісаны план. І тое, што выбілі Някляева… Разумееце, ніводны з кіраўнікоў «Гавары праўду» не меў таго аўтарытэту, які меў ён на той момант. За нас подпісы не ставілі, ставілі за яго.

— Гэта пусціла падзеі 19-га пасля збіцця Някляева фактычна на самацёк?

— Не. Проста ў нас не было публічнай асобы, якая магла б выйсці і стаць. Былі афіцыйна зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзідэнты. Быў чалавек, які падпісаў з Някляевым дамову аб сумесным дзеянні. І фактычна прадстаўніком Някляева на Плошчы ў гэты момант стаў Саннікаў. Нягледзячы на тое, што штабы не здолелі скаардынаваць свае пазіцыі і сваю тактыку. І ў мяне ўзнік цэлы шэраг пытанняў: чаму, напрыклад, трэба было ламацца ў цэнтральны ўваход Дома ўрада, калі я, як былы кіраўнік упраўлення адміністрацыі прэзідэнта, і спадар Саннікаў, як былі намеснік міністра, дакладна ведаем, што трэба націснуць гузік з левага ўваходу ў Дом урада, і да вас абавязкова павінен выйсці дзяжурны ахоўнік. І гэта адбылося б, нягледзячы на тое, дзесяць чалавек падышло ці дзесяць тысяч. Але ўсё гэта — пытанні, адказы на якія можна атрымаць толькі пасля таго, як людзі будуць на волі. Перамовы былі канчатковай мэтай. Альбо перамовы з урадам, калі Сідорскі пагаджаецца ісці на пэўныя перамовы, альбо, калі б Сідорскі быў хоць якім-небудзь палітыкам, а не, прабачце, задніцай, ён бы нешта сказаў… Часу, які патрэбны, каб перайсці з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці, дастаткова, каб прэсавы сакратар сказаў: «Сідорскі прыняў рашэнне. Вы ніхто, прозвішча вашае ніяк. Ён падтрымлівае Лукашэнку». У народа інтэрнэт быў у той момант. Шмат хто сядзеў у інтэрнэце на сваіх айфонах, усё гэта стала б вядома. І тады зразумела было б, што застаецца адзіны суб’ект перамоваў — Лукашэнка. І тады ўжо трэба было б будаваць падзеі на Плошчы інакш. Сідорскі не кажа нічога. Значыць, трэба стаяць і чакаць адказу Сідорскага. Але Сідорскі ўсё роўна нічога не сказаў. Замест гэтага нехта чамусьці пачаў біць шкло. Я да гэтага часу не ведаю, што гэта было. Як вы разумееце, мы не планавалі біць шкло. Калі прапаноўвалася вось гэтую петыцыю на імя Сідорскага, на імя кіраўніка ўрада, а не асабіста Сяргея Сідорскага, усё ж такі прынесці ў Дом урада, планавалася, што мы будзем дамагацца перамоваў. І я спадзяюся на тое, што ў рэшце, з намі ці без нас, перамовы паміж гэтай уладай і грамадзянскай супольнасцю краіны ўсё ж такі будуць. Гэта вельмі слабое суцяшэнне і вельмі слабая надзея, але гэта апошняе, што застаецца. Інакш наступныя выбары будзем вырашаць ужо не мы. Мы — гэта я кажу пра беларусаў. Тады быў шанец, што мы возьмем удзел у іх і паспрабуем нешта вырашыць, нават калі б застаўся Лукашэнка. А цяпер, калі перамовы не пройдуць і не будзе выпрацаваная нейкая кансалідаваная пазіцыя наконт будучыні Беларусі, будучыні беларускай дзяржавы (не дзяржаўнасці. Зразумела, што суверэнітэт Беларусі — гэта ўжо ёсць, гэта ўжо застанецца). Таго, якой быць дзяржаве. Той, пра якую кажа Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Праханаву, альбо усё ж такі іншай. Вось пра гэта трэба размаўляць. У тым ліку з удзелам Лукашэнкі. Без яго цяпер лёс Беларусі не вырашыцца.

— На Вашую думку, хто выйграў пасля падзеяў 19-га?

— Усе прайгралі. Абсалютна ўсе. У тым ліку ўлада. Яна, мажліва, прайграла больш за ўсіх.

— Мілінкевіч кажа, што выйграла Расія.

— Ад чаго выйграла Расія? Ад таго, што яшчэ раз павесіла на сябе адказнасць за Лукашэнку? Ужо зразумела, што яна не здолее з’есці Беларусь. Гэта ўсе ведаюць. І жорсткая пазіцыя Захаду была б значна больш лагоднай, калі б вось такая пагроза паглынання, інкарпарацыі сапраўды існавала. Але Расія не здолела з’есці Паўднёвую Асецію, нягледзячы на тое, што Асеція прасілася. Не, нельга. А Беларусь куды? Больш інтэгравацца, чым інтэграваная сёння Беларусь з Расіяй, немажліва. Далей можа ісці толькі альбо кансервацыя тых адносінаў, якія ёсць, альбо дэзінтэграцыя. Ну каб пайшла дэзінтэграцыя, прабачце, спачатку трэба правесці ў Беларусі эканамічныя рэформы. Трэба, каб быў уласны беларускі капітал, каб пайшлі не толькі расійскія інвестыцыі. Сёння гэтага няма. Таму і дэзінтэграцыя немажлівая. Тое, што адбываецца сёння, — гэта, як кажуць, застой. Будзем гніць усе разам, усёй краінай. Пакуль нешта не зварухнецца.

Каментары119

Цяпер чытаюць

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было13

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было

Усе навіны →
Усе навіны

У акупаваным Севастопалі выбухнуў шматкватэрны дом. У ім захоўвалі выбуховыя рэчывы

У Пінску прадаюць кватэру Аляксея Пацко — былога суддзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў5

Сэрвісы ў Беларусі больш не абслугоўваюць аўтамабілі Geely кітайскай зборкі1

Мікола Статкевіч павіншаваў беларусаў з Днём Волі, запісаўшы першае ВІДЭА пасля вызвалення13

Літоўскі Сейм адмовіўся забіраць у беларусаў права галасаваць на мясцовых выбарах4

Пайшла ў банкруцтва падсанкцыйная кампанія, якая стварала сістэму сачэння за беларусамі1

Вось што засталося ад дома пад Гроднам пасля выбуху і пажару ВІДЭА

Партыю «Альтэрнатыва для Германіі» падазраюць у перадачы сакрэтных звестак Маскве9

У Мінску пашыраць і падоўжаць некалькі вуліц

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было13

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць