Беларусь уключана ў дзясятку краін свету з найгоршым станам свабоды прэсы
Гэта вынікае са штогадовай справаздачы аб свабодзе прэсы амерыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House, паведамляе Associated Press.
Паводле інфармацыі агенцтва, спіс са 196 краін замыкаюць (у алфавітным парадку): Беларусь, Бірма, Іран, Куба, Лівія, Паўночная Карэя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя. На якім менавіта месцы знаходзіцца Беларусь, пакуль не вядома, бо спіс павінен быць афіцыйна апублікаваны крыху пазней.
«У гэтых краінах незалежныя СМІ або не існуюць, або амаль не могуць працаваць, — цытуе Associated Press справаздачу. — Прэса служыць рупарам уладаў гэтых рэгіёнаў, доступ грамадзян да непрадузятай інфармацыі вельмі абмежаваны, а іншадумства душыцца шляхам змяшчэння ў турму, катаванняў і іншых форм рэпрэсій».
Праваабаронцы таксама адзначаюць значнае зніжэнне ўзроўню свабоды прэсы ў Венгрыі, Гандурасе, Тайландзе, Турцыі, ва Украіне і ў Паўднёвай Карэі.
Спецыялісты Freedom House сцвярджаюць, што колькасць людзей, якія маюць сёння доступ да свабодных і незалежных СМІ ў свеце, — самая нізкая за апошнія больш як дзесяць гадоў. У краінах са свабоднай прэсай пражывае толькі адзін з шасці чалавек на планеце, гаворыцца ў дакладзе.
3 мая адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку, заснаваны Генасамблеяй ААН.
Ацэньваючы сітуацыю са свабодай СМІ ў краіне, старшыня РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна заявіла: «Незалежная журналістыка Беларусі сёння ў небяспецы, бо з’яўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму». «Усё складаней становіцца кантраляваць грамадскую свядомасць і падпарадкоўваць настрой людзей, — пераканана лідар БАЖ. — Прапагандысцкая машына „прабуксоўвае“. Спрацоўвае прынцып — чым больш прапаганды, тым менш веры». Сведчаннем таму, паводле яе слоў, сталі валютная паніка і «цукровая ліхаманка».
«Эканамічная сітуацыя дыктуе паводзіны ўлады. Ёй сёння нічога не застаецца, як ісці на абвастрэнне ўзаемадачыненняў з масмедыя і ўзмацняць пераслед, вылучаючы самыя дзікунскія абвінавачанні», — лічыць Літвіна. Аднак, падкрэслівае яна, «шлях татальнага і бескампраміснага падпарадкавання СМІ — бесперспектыўны». «Таму што ў сітуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадстве як ніколі расце давер да незалежных СМІ і запатрабаванасць інфармацыі без цэнзуры», — упэўнена лідар БАЖ.
У сваю чаргу міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі лічыць, што журналісты павінны не проста інфармаваць пра тыя ці іншыя падзеі, але і «ўцягваць грамадзян у абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця Беларусі, фарміраваць грамадскую думку ў рэчышчы дзяржаўных інтарэсаў». Пра гэта ён заявіў 29 красавіка на семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ ў Гродне.
«Перад СМІ стаіць высокая мэта — мабілізаваць і кансалідаваць грамадства, данесці тыя праблемы, з якімі сутыкаецца Беларусь, і ў той жа час не падняць паніку, не ўвесці людзей у дэпрэсію, роспач, а наадварот — зарадзіць на самаадданую, напружаную і эфектыўную працу на будучыню краіны», — цытуе міністра дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На мінулым тыдні міжнародны Камітэт абароны журналістаў заклікаў беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ, якія крытычна асвятлялі акалічнасці выбуху ў мінскім метро.
У заяве камітэта, у прыватнасці, адзначана, што Мінінфармацыі, Генпракуратура і КДБ «разгарнулі кампанію па запалохванні незалежных СМІ, што падтрымліваюць апазіцыю, якія паведамлялі пра здарэнне». Адбываецца расправа над СМІ, «якія крытыкавалі афіцыйнае расследаванне выбуху і намаганні па ратаванні пацярпелых», канстатавалі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі.
Каментары