Сведкам быў кіраўнік беларускага адукацыйнага міністэрства Сяргей Маскевіч.
Беларускі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч трапіў у самую гушчу студэнцкіх пратэстаў у Кіеве, звязаных з правядзеннем там міжнароднай адукацыйнай канферэнцыі. Акрамя беларускага міністра адукацыі ўдзел у ёй узялі кіраўнікі профільных міністэрстваў болей за 40 еўрапейскіх краін.
Праца міжнароднага форуму «Сістэма адукацыі ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі» ў Кіеве пачалася са скандалу:
студэнтка адной з самых прэстыжных украінскіх навучальных установаў, Кіева-Магілянскай акадэміі, адлупцавала ненавіснага многім студэнтам міністра адукацыі Дзмітрыя Табачніка букетам кветак. Той застаўся жывы, але, відаць, моцна пакрыўджаны: мясцовая міліцыя завяла на дзяўчыну справу, цяпер ёй пагражае 15 сутак арышту.
Беларускаму ж міністру адукацыі заставалася толькі абурыцца: «Я лічу, што такога быць не павінна, калі ласка, збірайце подпісы, яшчэ неяк выказваецеся, але выказваць вось такім чынам пратэст, я лічу, гэта проста прыкмета нявыхаванасьці», — заявіў ён у інтэрв'ю кіеўскаму тэлеканалу.
Сама ж студэнтка, якой яшчэ няма і 18 гадоў, патлумачыла, што тры дні рыхтавалася да бою з «ворагам украінскай культуры» Табачнікам. «Увесь свет убачыў узровень непавагі да міністра адукацыі.
Ім пагарджаюць усе, абсалютна ўсе студэнты. Мы неаднаразова патрабавалі адстаўкі гэтага ката ўкраінскага адукацыі. Цяпер пра гэта ведае свет», — пракаментавала яна падзею для парталу Корреспондент.net.
Але на гэтым украінскія студэнты не супакоіліся. Увесь дзень у Кіеве працягваліся выступленні студэнтаў. Былі і сутычкі з міліцыяй, затрыманыя 4 чалавекі. Але галоўнай сваёй мэты — правядзення альтэрнатыўнага адукацыйнага форуму, куды паклікалі і беларускіх студэнтаў, яны ўсё ж дамагліся.
Студэнты Кіева-Магілянскай акадэміі абвясцілі забастоўку. Галоўнае іх патрабаванне — адстаўка міністра адукацыі Табачніка.
Каментары