Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што сітуацыя ў Сірыі стабілізуецца. Пра гэта ён заявіў сёння, сустракаючыся з надзвычайным і паўнамоцным паслом Сірыі ў Беларусі Фарукам Тахай, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.
Як адзначыў Лукашэнка, з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі ён сустракаецца не з усімі пасламі, а ў асноўным з тымі, хто з’яўляецца сябрамі Беларусі. «І калі расстаешся з сябрамі — гэта заўсёды крыху сумна. Тым больш, не будзем хаваць, у той сітуацыі, у якой знаходзіцца ваша краіна. Таму гэта ўносіць нейкую нявызначанасць», — сказаў Лукашэнка.
«Але вы павінны ведаць, што Беларусь для вас — краіна не чужая. Вы ў любы час можаце сюды прыехаць, тады, калі вам гэта спатрэбіцца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да дыпламата.
Лукашэнка таксама выказаў перакананне ў тым, што сітуацыя ў Сірыі стабілізуецца. «Я хачу, каб сітуацыя ў вашай краіне стабілізавалася. Я ўпэўнены, што гэта адбудзецца не сёння, дык заўтра. Але хацелася б, каб гэтая стабільнасць, якая запануе ў Сірыі, спрыяла паляпшэнню нашых адносін», — адзначыў Лукашэнка.
Кіраўніцтву Сірыі Лукашэнка папрасіў перадаць самыя цёплыя словы падтрымкі ў цяперашні цяжкі час. «Мы ў Беларусі вельмі хацелі б, каб усё склалася нармальна. І я ўпэўнены, што так будзе», — сказаў ён.
У сваю чаргу пасол Сірыі падкрэсліў, што патэнцыял двухбаковых адносін Беларусі і Сірыі вялізны і выказаў надзею на далейшае плённае развіццё супрацоўніцтва.
Каментары